Общество
Сяргей Балай

«Каб не было такіх страшных з’яваў, варта разбірацца не з наступствамі, а з прычынамі»

Пасля шэрагу жорсткіх злачынстваў, якімі адзначыліся мінулыя выходныя, ў тым ліку і жорсткага забойства двухгадовага хлопчыка ў Жодзіна, абуранае грамадства і СМІ шукаюць падставы для тлумачэння і ўсведамлення хвалі гвалту.

Сапраўды, беспрацоўны 32-гадовы жыхар Буда-Кашалёўскага раёна падчас сваркі з сужыцелькай выкарыстаў ў якасці апошнега аргумента прас, якім нанес ёй апёкі, паведамляюць naviny.by .

Таксама на Гомельшчыне пенсіянер пасадзіў сваю сужыцельку на ланцуг.

Па-за межамі маралі і чалавечнасці засталося страшнае забойства двухгадовага хлопчыка ў Жодзіна, якое адбылося ў суботу 26 студзеня.

І гэта далёка не апошнія падзеі, якія трапілі ў крымінальную хроніку мінулага тыдня ў ліку цяжкіх злачынстваў.

«Салідарнасць» спытала ў экс-старшынi Вярхоўнага Савета, генерал-лейтэнанта міліцыі ў адстаўцы Мечыслава Грыба, ці можна знайсці заканамернасці і падставы для падобнага абвастрэння жорсткасці ў грамадстве.

– Зразумела, падобныя ўздымы сёння непакояць усіх нармальных людзей, – кажа Мечыслаў Грыб. – Злачыннасць была раней, ёсць сення і будзе заўседы, пакуль існуе чалавецтва. Гэта маё перакананне. Абяцанка Мікіты Хрушчова, што ў 1980 годзе па тэлебачанні пакажуць апошнега злачынцу, апынулася блефам, імкненнем выдаць пажаданае за рэальнасць.

На думку генерал-лейтэнанта міліцыі ў адстаўцы, у чарговым усплеску жорсткіх злачынстваў цяжка знайсці заканамернасць.

– Тыдзень на тыдзень не выпадае, – падкрэслівае суразмоўца. – Як мінімум для такіх высноў трэба больш часу для маніторынга, а ў цэлым – жыццё ў нас такое. Злачыннасць – з’ява складаная, якая не залежыць толькі ад працы супрацоўнікаў органаў правапарадку. Важныя сацыяльныя рысы, з якіх складаецца жыццё: як людзі жывуць, чым харчуюцца, дзе адпачываюць, як зарабляюць, як ужываюць алкаголь. А можа сапраўды так зоркі і луна паўплывалі: я нічога не выключаю, усе можа мець месца.

Мечыслаў Грыб лічыць, што пры добрых магчымасцях ахоўнікам правапарадку бракуе працы па прафілактыцы злачынстваў:

– Сёння, як мне здаецца, у праваахоўчых органаў людзей хапае. Не думаю, што такія жорсткія здарэнні, як забойства двухгадовага хлопчыка, сталі абсалютна выпадковымі. Перадумовы напэўна складваліся да гэтага злачынства: відаць, былі скандалы, сваркі, пабоі, але своечасова іх не заўважылі, не прынялі мер па прафілактыцы. Можа таму страшныя рэчы і адбыліся.

У СССР мы ганарыліся тым, як у нас наладжана прафілактыка і папярэджанне крымінальных злачынстваў, а калі я апынуўся за мяжой, то ўбачыў, што там справа пачынаецца з дзіцячага садка, і праваахоўнікі не ганарацца сваёй прадбачлівасцю, – проста разумеюць, што гэта звычайная справа.

Каб не было такіх страшных з’яваў, варта разбірацца не з наступствамі, а з прычынамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)