Политика
”Наша нiва”, паводле газэты «Беларус»

Iвонка Сурвілла: “Каб дамагчыся свабоды і дабрабыту, нам трэба памятаць нашых герояў, любіць Беларусь так, як яны яе любілі”

Зварот Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Iвонкі Сурвіллы да беларускага народу да Дня Герояў 27 лістапада 2008 году.

“Дарагія браты і сёстры!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну!

Раблю гэта аднак сёньня з пэўным смуткам. Што сказалі б нашыя слаўныя случчакі, калі б пабачылі, што 88 гадоў пасьля іхнага Збройнага Чыну, калі яны былі гатовыя памерці, каб жыў наш край — вольная і незалежная Беларуская Народная Рэспубліка — мы ўсё яшчэ ў няволі.

Так, у няволі, дарагія Суродзічы. Дасюль мы ня зьдзейсьнілі ідэалаў, выказаных у Акце 25 Сакавіка! За выняткам беларускай моладзі, якую я вітаю ад глыбіні сэрца, людзі нашыя, наш народ, яшчэ ўсё жывуць у страху, яшчэ ўсё ня ведаюць сэнсу словаў СВАБОДА, ВОЛЯ, ЛЮДЗКАЯ ГОДНАСЬЦЬ. Абы выжыць да заўтра, абы ня страціць працу, абы ня страціць пэнсіі — вось ідэалы пераважнай бальшыні нашага народу 88 гадоў пасьля Слуцкага Збройнага Чыну.

А маглі б мы быць, як нашыя вольныя суседзі, народам паўнавартасным, часткаю Эўразьвязу, жыць заможна і годна, вырашаць свой лёс не ў залежнасьці ад волі дыктатара і ягоных паплечнікаў, а ў залежнасьці ад агульнага свабоднага волявыяўленьня — так як найлепш для ўсіх нас — каб дзеці нашыя і ўнукі ганарыліся сваім краем, а не стараліся за ўсякую цану яго пакінуць з надзеяй, што знойдуць шчасьце на чужыне.

Але для таго, каб дамагчыся свабоды і дабрабыту, нам трэба памятаць нашых герояў, любіць Беларусь так, як яны яе любілі, і верыць, як гэта казаў новаабраны прэзыдэнт Злучаных Штатаў падчас свае выбарчай кампаніі, што «Так, мы можам!» Ці ж мы горшыя за народы вольных краінаў сьвету? Мы ня горшыя, дарагія Суродзічы, але магчыма мы яшчэ не зразумелі, што будучыня нашая ў нашых руках. Што толькі мы можам зрэалізаваць высокародныя ідэалы нашых слаўных продкаў случчакоў.

Жыве Беларусь!”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)