Інстаграм 100-гадовай даўніны. Як нямецкі фатограф зарабляў на беларускіх краявідах

Група беларускіх архітэктараў і рэстаўратараў сабрала калекцыю фотакартак Лынтупаў і ваколіцаў, зробленых амаль невядомым у Беларусі фатографам.

Кабыльнік 1916, фота Фрыца Краўскопфа

Група беларускіх архітэктараў і рэстаўратараў сабрала калекцыю фотакартак Лынтупаў і ваколіцаў, зробленых амаль невядомым у Беларусі фатографам.

Толькі ў Лынтупах фатограф зрабіў каля 400 здымкаў

Нямецкі фатограф Фрыц Краўскопф нарадзіўся ва Ўсходняй Прусіі ў 1882 годзе. Як нямецкі вайсковец ён трапіў у Беларусь падчас Першай сусьветнай вайны. У пэрыяд акупацыі Краўскопф жыў у Лынтупах на Пастаўшчыне. Пра вайсковую карʼеру Краўскопфа вядома няшмат, а вось вынікі ягонай працы як фатографа захаваліся добра.

Архітэктар, рэстаўратар і калекцыянер Вадзім Гліннік

— Ён чамусьці меў магчымасьць адносна вольна перамяшчацца ўздоўж лініі фронту, па ваколіцах Лынтупаў, — кажа архітэктар і рэстаўратар Вадзім Гліннік, які разам з паплечнікамі сабраў вялікую калекцыю фатаздымкаў Краўскопфа. — Пры гэтым Краўскопф ня быў вайсковым фатографам і не фатаграфаваў месцы баёў. Ён займаўся тым, што рабіў здымкі беларускіх краявідаў, друкаваў іх на паштоўках і прадаваў нямецкім салдатам.

Лынтупы 1916, фота Фрыца Краўсхопфа

Вядома, што на тэрыторыі Беларусі Фрыц Краўскопф знаходзіўся ў 1916–17 гадах. Толькі ў Лынтупах фатограф зрабіў каля 400 здымкаў. Акрамя гэтага, Краўскопф фатаграфаваў Камаі, Шэметава, Кабыльнік (цяперашнюю Нарач). Асабліва цікавыя здымкі Краўскопфа, зробленыя ў Полацку.

Агулам за два гады ў Беларусі Краўскопф зрабіў некалькі тысяч фатаграфій. Аднак ягонае імя амаль невядомае беларускім гісторыкам і краязнаўцам.

Камаі, 1916, фота Фрыца Краўсхопфа

— Дасюль лічылася, што Краўскопф усяго толькі друкар. Але дасьледаваньні куратара нашай выставы Ядвігі Лукашык даказалі, што ён асабіста фатаграфаваў. І потым са сваіх уласных фатаздымкаў рабіў адбіткі і выпускаў паштоўкі, — кажа Вадзім Гліньнік.

На ягоных здымках ня жахі вайны, а партрэты лынтупскіх дзяцей і назіраньні за архітэктурай

Арганізатары выставы высьветлілі, што адзін зь вядомых здымкаў касьцёла ў Камаях таксама належыць Краўскопфу. Вадзім Гліньнік кажа, што імя немца неабходна вярнуць ва ўжытак гісторыі беларускага мастацтва і культуры.

Пасьля вайны Фрыц Краўскопф вяртаецца ў Прусію, дзе праз два гады адкрывае друкарню, фатаграфуе ваколіцы Кёнігсбэргу і мірнае жыцьцё Прусіі. Становіцца даволі вядомым фатографам. З успамінаў ягонага сына вядома, што дзякуючы фатаграфіі Краўскопф даволі добра зарабляў і нават мог сабе дазволіць набыць аўтамабіль «Мэрсэдэс» высокай клясы. Ва ўсёй Прусіі ў той час было толькі дзьве такія машыны.

Лынтупы, 1916, фота Фрыца Краўскопфа

Большая частка архіву Краўскопфа была зьнішчана ў 1945 годзе падчас штурму Кёнігсбэргу савецкімі войскамі. Тады ж загінуў і сам Краўскопф, які адмовіўся ехаць у эвакуацыю. Ацалела толькі частка нэгатываў. У 1954 годзе была выдадзеная кніга з фатаздымкамі ахопленага агнём Кёнігсбэргу, іх Краўскопф рабіў у апошнія дні жыцьця. Захаваць здымкі ўдалося дзякуючы тром сынам, якія своечасова вывезьлі нэгатывы. Усе трое пазьней таксама сталі фатографамі.

— Нам было вельмі цікава прасачыць стаўленьне Краўскопфа да беларускіх краявідаў. Ён не здымаў страшных ваенных эпізодаў. На ягоных здымках няма жахаў вайны, няма рэпартажаў зь лініі фронту. Краўскопф у асноўным здымаў тылы, адпачынак нямецкіх салдат, яго вельмі цікавіла жыцьцё мясцовых беларусаў. Ёсьць шмат партрэтаў лынтупскіх дзяцей, шмат назіраньняў за архітэктурай, — кажа Вадзім Гліньнік.

Полацак, 1916, фота Фрыца Краўскопфа

Рэстаўратар дадае, што дзякуючы паштоўкам Краўскопфа цяпер можна больш дакладна аднавіць будынкі ў Полацку. Фатограф вельмі актыўна падарожнічаў. Акрамя Беларусі, шмат здымаў у Латвіі і Польшчы.

Для пачатку стагодзьдзя ягоныя фота маюць выдатную якасьць

Паштовачны бізнэс фатографа квітнеў. На большасьці сабраных Вадзімам Гліньнікам і яго калегамі паштовак можна пабачыць пасланьні ад нямецкіх салдат сваім родным. Яны апісваюць сваё жыцьцё ў Беларусі і службу на фронце. Здымкі Краўскопфа фактычна былі для іх тым самым, што цяпер інстаграм: зь іх дапамогай салдаты паказвалі родным сваё жыцьцё.

— Цікава, што калі тэрыторыя Беларусі перайшла пад кантроль расейскіх салдат, яны таксама дасылалі дадому паштоўкі Краўскопфа. Мабыць, знаходзілі іх на месцах, дзе паштоўкі друкаваліся, і дасылалі дадому. Існуюць нямецкія паштоўкі з подпісамі па-расейску, — кажа Вадзім Гліньнік.

Лынтупы падчас Першай сусветнай вайны, фота Фрыца Краўскопфа

Група архітэктараў і рэстаўратараў, якія ладзяць выставу паштовак, сёньня стварае Лынтупскі культурны цэнтар «Культыватар». Праз аўкцыёны яны набываюць фотакарткі. Каля 40 зь іх будуць пастаянна выстаўляцца ў Лынтупах.

— Як чалавек пунктуальны, Краўскопф большасьць сваіх здымкаў падпісваў і нумараваў. Па іх можна аднавіць шлях ягоных перамяшчэньняў... Для пачатку стагодзьдзя ягоныя фота маюць выдатную якасьць, — кажа Гліньнік.

Фрыц Краўскопф быў далёка не адзіным нямецкім фатографам, які працаваў у Беларусі сто гадоў таму. Аднак ягоныя здымкі ўнікальныя тым, што паказваюць жыцьцё беларусаў, яны захавалі архітэктурныя дэталі Лынтупаў і Полацку. Існуе нават некалькі картак, зробленых з борта аэрапляна — за сто год да папулярнасьці дронаў. Яны зьявіліся дзякуючы таму, што ў Лынтупах дзейнічаў нямецкі аэрадром. Вядомыя нават пахаваньні нямецкіх лётчыкаў, якія загінулі пры няўдалых палётах.

— Краўскопф друкаваў паштоўкі і прадаваў іх салдатам, зарабляў такім чынам на жыцьцё, — кажа Вадзім Гліньнік. — А мы дзякуючы гэтаму маем выдатныя дакумэнты пра жыцьцё ў Беларусі роўна сто гадоў таму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)