Общество
Сяргей Будкін, ”Наша нiва”

“Ініцыятыва”: віртуальнае становіцца рэальным

“Ударым па варожай хлусьні крэатыўным мысьленьнем!”, — з такога паведамленьня-закліку стартавала роўна год таму інтэрнэт-суполка “by_mob”.

У той жа дзень зьявілася ідэя першага флэш-мобу “Вернем 30 срэбранікаў”, што нарадзіўся пасьля выказваньня дырэктара музэю вялікай айчыннай пра тое, што ягоная ўстанова недалічылася за дні пратэстаў на Кастрычніцкай ажно 9 мільёнаў рублей. Грошай музэю не вярнулі, але сёе-тое вярнулі Менскводаканалу за выезд камунальных службаў на тую ж Кастрычніцкую. 3 красавіка летась мобэры сабраліся на галоўпаштамце і пераказалі па 1000 руб. за гэтую карысную справу.

Быў яшчэ прагляд навінаў БТ на вялікім тэлеэкране з завязанымі вачыма, пусканьне папяровых караблікаў па рацэ з імёнамі палітвязьняў, флэш-моб у падтрымку “Нашай Нівы”. Зь цягам году гэтая інтэрнэт-суполка перарасла ў рэальнае ўтварэньне — грамадзкую “Ініцыятыву”. У сакавіку яны правелі ў Менску колькі акцыяў: ля будынку КДБ узьляцелі бел-чырвона-белыя сьцягі, замацаваныя на балёніках, у мэтро зьявіліся налепкі з інфармацыяй пра палітвязьняў.

“Ініцыятыва” абвесьціла пра сваю задачу ў Маніфэсьце — сфармаваць слой актыўнай моладзі, якая здольная эфэктыўна адстойваць свае інтарэсы. Суполка мае нефармальны характар, свае прозьвішчы яе ўдзельнікі называць адмаўляюцца.

“Мы мусім дзейнічаць і заяўляць пра сябе і свае погляды, але, каб нашу дзейнасьць не спынілі імгненна, вырашылі выконваць простыя правіла бясьпекі”, — кажа адзін з актывістаў “Ініцыятывы” Георгі. Такая тактыка дае плён: з двух дзесяткаў акцый, праведзеных чальцамі суполкі, у іх “спаліліся” толькі два чалавекі.

З пачаткам флэш-мобу ў Беларусі іх завадатары мяркавалі, што гэта адносна бясьпечная форма выказваньня пратэсту. Але пачалі затрымліваць і удзельнікаў такіх акцый, няхай яны былі безь сьцягоў, а проста малявалі на асфальце выяву Скарыны ці елі марозіва.

Пасьля фактычнага разгону флэш-моб-руху тыя, хто не зьмірыўся з гэтым фактам вырашылі ўтварыць канкрэтную суполку. Ад падобных нефармальных аб’яднаньняў “Ініцыятыва” розьніцца ня толькі падвышанымі мерамі бясьпекі. У “Ініцыятыву” прымаюцца толькі беспартыйныя: “Каб далучаць да сябе больш людзей, мы не павінны быць заангажаваныя ў партыйную апазыцыю”, — тлумачыць Георгі.

Каб прыцягнуць да сябе ўвагу, “Ініцыятыва” плянуе зладзіць шэраг брэндавых акцый: “Магчыма, будзем саджаць дрэвы і распавядаць пры гэтым людзям, што праўстаўнікі моладзевых рухаў — не экстрэмісты”.

Пры гэтым “Ініцыятыва” гатова і да больш радыкальных, але мірных, акцыяў: ёсьць ідэя збудаваць на адной з цэнтральных вуліцаў сталіцы сьцяну зь бел-чырвона-белых цаглін. “Будзем намагацца, каб нашы акцыі ня былі падобныя да ранейшых, каб не асацыяваць сябе ні зь кім болей. І каб моладзь дакладна ведала: яны далучаюцца да новага”.

Алесь Марачкін, які сам колісь уваходзіў у нефармальную моладзевую суполку “На Паддашку” — адно зь першых незалежных утварэньняў у пасьляваеннай Беларусі, станоўча ставіцца да падобных моладзевых рухаў. Тут ён не падзяляе меркаваньня свайго паплечніка Зянона Пазьняка, які неяк выказаўся, што флэш-мобы адцягваюць увагу грамадзкасьці ад важнейшых рэчаў. Сп.Марачкін сам быў сьведкам некаторых акцый моладзі, яму асабліва запомнілася пусканьне караблікаў на Сьвіслачы: “Цешыць хаця бы тое, што ніхто іх афіцыйна не заарганізоўваў, як тых “бээрсээмаўцаў”, і яны сваю патрыятычнасьць выказваюць з уласнае волі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)