Общество

Ініцыятарку студэнцкай забастоўкі і акцыі «Ха-ха я тут памру» адлічылі з унівэрсытэту

Ліза Пракопчык вучылася на 4-м курсе Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, піша Радыё Свабода.

Ліза Пракопчык падчас акцыі «Ха-ха, я тут памру» за карантын ва ўнівэрсытэтах. 19 сакавіка 2020 году

У сакавіку дзяўчына актыўна заклікала студэнтаў да самаізаляцыі, хоць афіцыйнага карантыну адміністрацыя ўнівэрсытэту ня ўводзіла.

— Адлічылі за пропускі, — кажа Ліза Пракопчык і тлумачыць, што зь юрыдычнага боку адлічэньне законнае.

Але сама яна лічыць яго палітычна матываваным.

— На факультэце ёсьць людзі, у якіх па 150 гадзін пропускаў у месяцаў, і іх не адлічаюць. У мяне за сакавік было 60–65 гадзін пропускаў, і мяне адлічылі, — кажа яна.

Лізавета кажа, што ў сьнежні зьяжджала за мяжу па грамадзкіх справах і таксама мела іншыя пропускі заняткаў. За ўвесь час вучобы, кажа, яна ня мела пераздач, апроч фізкультуры.

Дзяўчына кажа, што ў сувязі зь ейнай актыўнасьцю яе ў адміністрацыю не выклікалі.

— Калі я была на самакарантыне, мне нават не званілі з адміністрацыі, хоць усім маім аднагрупніцам званілі і пыталі, дзе яны знаходзяцца, — кажа Лізавета.

— Я думаю, што я сама вінаватая, але гэта і палітычна матывавана. Я ведаю шмат людзей, якія ня ходзяць на заняткі, здаюць сэсіі з чацьвёртага разу, і іх не выключаюць, — тлумачыць Ліза. — Я буду абскарджваць гэтае рашэньне, бо ва ўнутраным дакумэнце ўнівэрсытэту напісана, што ў працэсе навучаньня студэнты маюць права на захаваньне свайго жыцьця і здароўя. Я лічу, што самакарантын — гэта і ёсьць захаваньне майго жыцьця і здароўя. Хутчэй за ўсё, гэта не спрацуе, але паспрабаваць трэба.

Сытуацыя Лізаветы адмысловая, бо яна паступала па мэтавым накіраваньні. Гэта азначае, што яна будзе абавязаная вярнуць грошы за атрыманую адукацыю. Сума можа сягаць некалькіх тысяч даляраў.

Кіраўніцтва ВНУ: «Яна не наведвала заняткі і не выконвала заданьні»

— Лізавета была выключаная за сыстэматычнае на працягу навучальнага году неналежнае выкананьне абавязкаў навучэнца, калі да яго раней ужываліся меры дысцыплінарнага спагнаньня, — тлумачыць Радыё Свабода прарэктар па выхаваўчай працы МДЛУ Ўладзімер Пашкевіч. — Гэта артыкул 79, пункт 5.8 Кодэксу РБ аб адукацыі. У Лізаветы зь верасьня па красавік тры вымовы за тое, што яна не наведвала заняткі.

Натальля Лапцева, дэкан факультэту нямецкай мовы, на якім вучылася Лізавета, дадае:

— Тое, што яна ў гэтым месяцы не была атэставаная па ўсіх дысцыплінах першай замежнай мовы, гэта для нас сур’ёзнае адхіленьне, бо з наступнага году нашыя студэнты ідуць на практыку ў школу. І мы б хацелі, каб яны там годна выкладалі нямецкую мову.

— Таму далей такая сытуацыя не магла працягвацца, — кажа Ўладзімер Пашкевіч. — Чалавек не наведвае заняткі і не выконвае заданьні. Яна кажа, што яна знаходзілася на самаізаляцыі. Але тыя студэнты, якія не наведваюць [заняткі. — РС], яны хоць выконваюць хатнія заданьні, а Лізавета гэтага не рабіла.

Натальля Лапцева кажа, што Лізавета прыйшла ва ўнівэрсытэт з добрай падрыхтоўкай.

— Першыя яе дасягненьні былі — 7 балаў па ўсіх дысцыплінах, якія яна ў нас вывучала. Але пропускі заняткаў прыводзілі да таго, што яе навучальныя дасягненьні пачалі зьніжацца. І ўжо на апошняй сэсіі яе сярэдні бал быў 5,3, — кажа дэкан.

Палітычныя падставы адлічэньня Пракопчык адміністрацыя адмаўляе.

— Чаму Лізавета зь першага курсу не казала пра гэта, калі яна адбывала 13 сутак арышту, і ніхто ж яе не выключаў, — кажа прарэктар Пашкевіч. — У нас студэнты розных палітычных поглядаў і выказваюць свае пазыцыі па-рознаму. Тыя, хто вучыцца, яны і працягваюць вучыцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(20)