Общество

Інфекцыяніст Мікіта Салавей: «Сёння чым больш людзей спрабуюць рэпрэсаваць, тым больш уцягваецца ў пратэст»

Вядомы доктар распавёў Нашай Ніве пра статыстыку захворванняў, трэцюю хвалю кавіду і сілавікоў на прыёме.

Фота Надзеі Бужан

Публікуем фрагменты інтэрв’ю.

Апошнім часам доктар Мікіта Салавей — адзін з самых заўважных медыкаў. Ён дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб Медуніверсітэта, пяць гадоў адпрацаваў галоўным інфекцыяністам Мінска. Але ж у студзені апошнюю пасаду доктар пакінуў — хутчэй за ўсё, праз тое, што не маўчаў. Бо Салавей не баіцца крытыкаваць падзеі ў Беларусі, адкрыта выказваецца супраць гвалту сілавікоў і ў падтрымку сваіх рэпрэсаваных калег.

У першую хвалю афіцыйна ў нас было не больш за 1000 хворых у суткі, цяпер, у другую, не больш за 2000. І да 10 памерлых у суткі. Вы верыце ў гэтыя лічбы?

— Не, канечне. І не хаваю, гаварылася не раз, што гэтыя лічбы штучныя.

Мы ж таксама лечым пацыентаў, бываем у розных стацыянарах. І мы разумеем, што нават у Мінску гэтая лічба большая, асабліва на піку захворвальнасці.

Якія лічбы тады, на вашую думку, больш ці менш адпавядаюць рэчаіснасці? Проста на вашае суб’ектыўнае меркаванне.

— На мой погляд, за дзень лічба смяротнасці па краіне мусіць быць як мінімум у 5-6 разоў вышэйшая за афіцыйныя лічбы. Не выключаю, што ў рэгіёнах смяротнасць можа быць вышэйшая, чым у Мінску, бо магчымасці дапамагаць пацыентам розныя.

Па захворвальнасці складаней сказаць, бо там шмат нюансаў, звязаных з рэгістрацыяй. Можа, вынік аналізу атрымаюць сёння, а апрацуюць у Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі толькі праз некалькі дзён, і тады гэты выпадак трапіць у афіцыйную статыстыку пазней.

А вы гэтыя лічбы спрабавалі неяк давесці да чыноўнікаў Мінздароўя?

— Гэта праца Міністэрства аховы здароўя збіраць актуальную статыстыку па захворвальнасці і смяротнасці. І цалкам магчыма, што яны яе і маюць. Тое, як яны яе рэгіструюць і агучваюць — іх праблемы. Нашы праблемы, як клініцыстаў, — аказваць адэкватную медычную дапамогу пацыентам.

Але я ведаю, што ў нашай клініцы мы падаем як ёсць — калі чалавек памёр ад каранавіруснай інфекцыі, то мы і рэгіструем гэты выпадак як каранавірусную інфекцыю. Як яно ўлічваецца далей — праблема адміністрацыйнага ўзроўню.

На вас няма ціску, як «правільна» запісваць смерць чалавека?

— Не, ніякага ціску. І мяркую, што ў большасці ўстаноў аховы здароўя такога ціску на дактароў няма. Праблема не ў дактарах, дактары часцей за ўсё ставяць дыягназы як ёсць.

Але мы не ведаем, што адбываецца далей, як шыфруюцца пасмяротныя дыягназы аддзеламі статыстыкі, як падае гэтыя дадзеныя адміністрацыя ўстановы і пасля вышэйстаячыя інстанцыі.

***

Цяпер у Беларусі пакуль перапынак паміж другой і трэцяй хвалямі?

— Так. Недзе пасля 10 студзеня пайшло паступовае зніжэнне. Мы змаглі вызваліць некаторыя стацыянары ад дапамогі выключна хворым на каранавірус. А ў тых стацыянарах, якія засталіся профільнымі, ёсць свабодныя месцы, і ў некаторых месцаў шмат.

Калі, на ваш погляд, пачнецца трэцяя хваля? Улетку?

— Не. Хацеў бы я памыліцца, але, баюся, што пачнецца ўжо ў бліжэйшыя тыдні.

Гэта залежыць шмат ад чаго, у тым ліку і ад распаўсюду новых імпартаваных варыянтаў віруса. А яны ўжо ёсць на тэрыторыі Беларусі.

І што далей? Чацвёртая хваля? Пятая?

— Так далёка не будзем загадваць. Пакуль, можа, і абыдземся без чацвёртай. Але трэцюю хвалю прыйдзецца перажыць. І трэба быць гатовымі правесці ўвесь 2021 год яшчэ ў масках.

Ці вядома праз год пасля пачатку пандэміі, што гэта за вірус? Штучна створаны ці ўсё ж выпадковасць?

— Пакуль большасць даных сведчыць пра тое, што вірус мае прыроднае паходжанне. Гэта тое, што здараецца перыядычна. Проста бывае, ад жывёл чалавек чапляе не надта жыццяздольны вірус, як той жа птушыны грып, які ад чалавека да чалавека перадаецца не вельмі. А бывае, што вірус так муціраваў, што перадаўшыся чалавеку, здолеў хутка распаўсюдзіцца. І тады пачынаецца пандэмія.

Ці вакцынаваліся вы?

— Якраз іду ў пятніцу.

Якая вакцына?

— «Спутнік V». З усяго, што сёння ёсць на постсавецкай прасторы, па гэтай вакцыне існуе найбольшая база доказаў.

Ёсць тры публікацыі ў часопісе Lancet, апошняя публікацыя падрабязна адказала на ўсе пытанні спецыялістаў з усяго свету, у гэтай публікацыі падрабязна распісаны дызайн даследаванняў, пабочныя эфекты. І, у прынцыпе, «Спутнік» актыўна выкарыстоўваецца цягам апошніх месяцаў — асаблівых праблем няма.

Толькі ў нашай клініцы вакцынаваліся больш за 20 чалавек, і мы таксама не бачым істотных праблем з гэтай вакцынай. І зараз колькасць супрацоўнікаў, таксама ахвотных прышчапіцца, яшчэ большая.

Калі ўсе ахвотныя змогуць прышчапіцца?

— Я думаю, пачнём у красавіку. А калі будзе вытворчасць вакцыны ў нас у тых аб’ёмах, у якіх абяцаюць, то на працягу года можна будзе вакцынаваць вялікую колькасць насельніцтва. Калі людзі самі захочуць, канечне, бо гэта таксама праблема.

На вашу думку, вакцынацыя сёння — гэта неабходнасць для кожнага?

— Так. Бо некаторыя кажуць: «Ай, я малады і перахварэю лёгка». Але праблема ж не толькі ў цяжкай форме каранавіруса.

Праблема ў тым, што пасля бываюць непрадказальныя ўскладненні — у тым ліку і сярод маладых людзей. Неўралагічныя, цяжкія паражэнні нервовай сістэмы, нават інсульты, індуцыруецца развіццё дыябету. І прагназаваць, хто перанясе хваробу сапраўды лёгка, а хто атрымае пасля такое ўскладненне, мы сёння не можам.

Таму вакцынацыя — вялікі плюс. Бо і большая колькасць проста не захварэе, і сярод тых, хто захварэў, будзе нашмат меншая колькасць цяжкіх форм хваробы.

***

А вы самі не баіцеся сесці? Бо вы — адзін з нешматлікіх медыкаў, якія пастаянна рэагуюць на падзеі ў краіне. Вы пастаянна выказваецеся, не маўчыце, не баіцеся крытыкаваць.

— Ну… Калі медыкі сталі актыўна выказвацца, то да гэтага іх падштурхнула зусім не палітыка. Медыкі — людзі дастаткова апалітычныя.

Але калі ў жніўні пайшла хваля гвалту — тут медыкі не змаглі маўчаць. Бо яны не прымаюць гвалт. І шмат для каго з калег, мяркую, гэта было апошняй кропляй, калі ўжо стала зразумела, што сістэма не можа існаваць у сённяшнім яе выглядзе.

І мы будзем рабіць усё, каб гэтую сістэму змяніць, чаго б нам гэта ні каштавала.

Прабачце, вы жанаты, маеце дзяцей?

— Так. Але дома ніколі не было размоў, што мне трэба маўчаць.

Ціск на працы?

— Не, ніколі. Думаю, кіраўніцтва медычных устаноў і ўніверсітэтаў вельмі добра ўяўляе настроі большасці з тых, хто ўжо неаднаразова выказаў сваю пазіцыю.

Проста зразумейце — чым больш мы баімся, тым горш усім нам. Мы гэта бачым па пасадках журналістаў, па справе доктара Сарокіна, які ў рэальнасці сказаў праўду, і ўсе гэта разумеюць.

Не думалі, што раней ці пазней проста прыйдуць і да вас?

— Шмат хто з нас да гэтага ўжо гатовыя.

І вы?

— Усе, хто выказваецца, гатовыя. Бо сёння прыйсці могуць абсалютна за кожным. І горш за ўсё, што для гэтага зараз не трэба нават ніякіх важкіх прычын. Менавіта таму кожны з нас робіць штосьці, каб гэтую сітуацыю змяніць.

Не думалі пра эміграцыю?

— Не. (Пасміхаецца). Пакуль не. У нас яшчэ вельмі шмат спраў у нашай краіне.

— Ваша цытата: «Няўжо вы думаеце, што медыкі не могуць пастаяць за сябе і калег». А могуць? Як?

— У нас ёсць пэўныя меры ўздзеяння, на якія мы б вельмі не хацелі ісці, асабліва ў святле пандэміі. І гэтыя меры, як мы бачым па рэакцыі Мінздароўя, іх палохаюць. Гэта было вельмі заўважна ў лістападзе, калі пачалі з’яўляцца ролікі аб недапушчальнасці забастовак.

Але, мне здаецца, калі сітуацыя далей будзе працягвацца ў тым ракурсе, што і зараз, то магчыма, што пытанне падымецца зноў.

Пытанне забастоўкі медыкаў?

— Гэта будуць ці то масавыя звальненні, ужо рэальна масавыя, ці то нейкія планавыя забастоўкі. У крайнім выпадку, але медыкі могуць пайсці і на гэта. Ніхто не ведае загадзя, якая кропля будзе апошняй.

Напрыклад, цяпер многія медыкі проста баяцца хадзіць да кіраўніцтва пасля выпадку з Русланам Бадамшыным, калі яго выклікаў намеснік дырэктара РНПЦ неўралогіі нібыта абмеркаваць працоўнае пытанне. А ў кабінеце Руслана затрымалі і забралі, у чым ён быў.

Тое ж было і з затрыманнем Арцёма Сарокіна — калі яго выклікалі ў адміністрацыю, адтуль ён не вярнуўся.

Яшчэ ваша цытата: «Ці вы не збіраецеся жыць у гэтай краіне, калі ўсё скончыцца перамогай справядлівасці і дабра? (а па-іншаму і быць не можа)» Яшчэ падтрымліваеце гэты тэзіс пра перамогу? Бо пакуль што навокал толькі рэпрэсіі і бясконцыя пасадкі.

— Падтрымліваю. Бо ўсю краіну не пасадзіць.

Але можна пасадзіць частку, каб запалохаць астатніх.

— Сёння чым больш людзей спрабуюць рэпрэсаваць, тым больш уцягваецца ў пратэст. Бо пакутуе ж не адзін чалавек, а яго блізкія, сваякі. І такім чынам проста адбываецца эскалацыя фарміравання пратэсных настрояў.

Тактыка тупіковая: спрабаваць вырашыць усё сілай замест таго, каб сесці за стол перамоў і паспрабаваць адшукаць прымальнае для двух бакоў рашэнне. Бо тыя, хто з іншага боку, ужо нармальна жыць не могуць.

Тыя ж сілавікі, калі прыходзяць па медыцынскую дапамогу, часам баяцца назваць сваё месца працы (хоць медыкаў не цікавіць, кім працуе пацыент, проста па этычных меркаваннях). Часам нават гатовыя адмовіцца ад таго, каб ім выпісвалі даведкі, толькі б не казаць, дзе працуюць. А доўга ж так жыць нельга.

І такое ж стаўленне да іх з боку суседзяў, нават некаторых сваякоў.

Што думаюць суддзі, мне ўвогуле незразумела — гэта ж маладыя людзі, якім яшчэ жыць і жыць. І калі сітуацыя зменіцца, то куды яны будуць з’язджаць?

Але ж бачна, што перамоў не будзе.

— Тады гэта значыць, што ўсё ідзе за заканамернага канца сістэмы.

Сярод вашых знаёмых шмат хто пацярпеў? Быў затрыманы, сядзеў на сутках, плаціў штрафы?

— Мяркую, што некалькі дзясяткаў чалавек пацярпелі ў той ці іншай ступені.

І як настроі ў людзей?

— Шмат хто нават з тых, каго затрымлівалі, гатовыя працягваць рабіць усё тое, што рабілі і да таго. Асноўная частка людзей проста жадае жыць у дзяржаве, дзе пануюць законы і выконваюцца базавыя правы чалавека, якая ідзе не ў 1937 год, а ў 21 стагоддзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(47)