Гурневіч: У «ябацек» з’явіўся амерыканскі пакутнік, які мала чым адрозніваецца ад зорак БТ

Журналіст Дзмітрый Гурневіч – пра магутны скандал у палітычным жыцці ЗША.

– Апошні тыдзень «ябацькі» ліюць слёзы і заламываюць рукі, як егіпецкія рабы на пахаванні Фараона, – піша Гурневіч. – Усё праз сыход з Fox News шматгадовай зоркі гэтага кансерватыўнага тэлеканалу Такера Карлсана. Маўляў, «сышлі» выбітнага журналіста, дыктатура Байдэна ва ўсёй красе. З гэтай нагоды цікавая гісторыя, карысная для агульнай эрудыцыі.

Карлсан сышоў літаральна праз пару дзён пасля таго, як кіраўніцтва каналу пагадзілася выплаціць больш за 750 млн даляраў кампаніі Dominion Voting Systems. Гэта адна з найбуйнейшых кампаній у ЗША, якія абслугоўваюць амерыканскія выбары.

Некаторы час таму фірма падала ў суд на Fox News, паколькі супрацоўнікі каналу абвіначвалі сістэму Dominion у фальсіфікацыі выбараў, у якіх прайграў Трамп. Фірма дамагалася ад каналу 1,6 млрд. Па амерыканскіх законах, у рамках працэсу юрысты атрымалі права пабачыць унутраную дакументацыю, перапіску, смсы і г.д. І вось тут пачаўся трэш.

Тут трэба палумачыць, што падчас выбараў Fox News спачатку інфармаваў пра ўсё згодна з дадзенымі «амерыканскага ЦВК», што выбары перамагае  Байдэн. То бок, спачатку там не гучаў тэзіс, што выбары сфальсіфікаваныя. Але потым канал убачыў праблему.

Гледачы пачалі сыходзіць на іншыя кансерватыўныя каналы, драбнейшыя за Fox, дзе ім казалі тое, што яны хацелі пачуць – што выбары сфальсіфікаваныя. І тады Fox змяніў думку і пачаў казаць, што ў Трампа скралі перамогу, што сістэма кампаніі Dominion цалкам усё перакруціла на карысць Байдэна.

Карлсан і Трамп

Але … дакументы і ўнутраная перапіска даказалі, што супрацоўнікі каналу выдатна ведалі, што ніхто выбары не фальсіфікаваў. Яны проста вырашылі казаць адваротнае, каб захаваць папулярнасьць у кансерватыўнага гледача. Пра гэта яны шмат разоў казалі самі.

Юрысты апытвалі ўладальніка кампаніі, мільярдэра Руперта Мардака. Яго спыталі, чаму канал так рабіў, калі яны ведалі праўду? Чаму давалі эфірны час аўтарам канспіралагічных тэорый? Мардак шчыра адказваў, што прычына – не злая воля, а … жаданне зарабіць грошы. Але дакументы сведчаць, што справа не толькі ў грошах. Справа ў страху перад сваімі гледачамі.

Адна з перапісак, якую апублікавалі, датычыць акурат Такера Карлсана, здымак якога днямі размясціла на першай старонцы нават “Саўбелка”. З перапіскі вынікае, што прадзюсер піша: у Трампа малая эфектыўнасьць дзеянняў. Карлсан адказвае: «Так, у яго усё кульгае, ён выдатна ўмее толькі знішчаць. У гэтым ён бясспрэчны чэмпіён свету».

Праз пару месяцаў Карлсан піша: «Мы ўжо вельмі блізкія да таго, каб хутка ігнараваць Трампа ў большасці эфірнага часу».

У іншым паведамленні ён дадае: «Як жа я яго ненавіджу». На другі дзень пасля атакі на Капітолій ён піша: «Трамп – гэта дэманічная сіла, знішчальнік, але нас (Fox) ён не знішчыць».

У эфіры ж Карлсан называе напад «звычайнай экскурсіяй», а Трампа называе «фантастычным прэзідэнтам», у якога «скралі перамогу». У 2021 годзе, як падлічыў New York Times, Такер Карлсан у больш як 100 выпусках сваёй перадачы расказваў, што выбары сфальсіфікаваныя.

У той жа час ён піша ў мэйле іншай вядучай каналу пра ініцыятыву Трампа наконт «скрадзеных выбараў»: «Усё гэта вар’яцтва, а яго юрыстка нічога не можа даказаць, яна даводзіць усіх, у тым ліку мяне, да вар’яцтва».

Тут трэба дадаць, што гаворка пра юрыстку Сідні Паўэл. Яна прасоўвала тэзіс пра фальсіфікацыю выбараў. Сама яна заявіла, што даведалася гэта ад жанчыны, якая можа падарожнічаць у часе. Менавіта са спасылкай на яе Сідні Паэўл выступала ў эфіры Fox News. Карлсан у тыя дні пісаў прадзюсеру, што яе расповед «поўны абсурд». Але ў той жа дзень ён паўтараў яе тэзісы, што «выбары скрадзеныя»: “Пакуль мы не ведаем, колькі дакладна галасоў скрадзена, але мы даведаемся».

Калі пазьней адна з вядучых паставіла пад сумнеў абвінавачанні Трампа, то Карлсан напісаў начальству, што «яе трэба звольніць, бо яна шкодзіць кампаніі, цэны акцыяў падаюць». Іншыя супрацоўнікі таксама скардзяцца на вядучую: «Яна знішчае марку, якую мы стваралі 25 год».

Юрысты атрымалі перапіску таксама двух вядучых, якія скардзіліся адзін другому, што «аб’ектыўная журналістыка злуе гледачоў». Піпец, праўда?)))

Тэлекампанія не адмаўляе гэтых супярэчнасцяў. Але цікавае яе апраўданне. Яна спасылаецца на … свабоду рэлігіі і свабоду слова ў ЗША. Маўляў, мы так лічылі, але не казалі, што гэта факт.

Асудзіць Fox News было б складана, бо паводле амерыканскіх законаў неабходна даказаць свядомую злую волю. А зрабіць надзвычай цяжка, бо патрэбныя доказы, што злая воля існавала. Fox увесь час настойваў, што яны проста перадавалі цытаты іншых і не канстатавалі, што гэта факт.

Тым не менш, юрыстам Dominion удалося атрымаць ад каналу больш за паўмільярда. А ў «ябацек» з’явіўся амерыканскі пакутнік, які мала чым адрозніваецца ад зорак БТ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(12)