Гурневіч: «Пяць фэйкаў напрацягу двух хвілінаў. Брава!»

На днях Лукашэнка сабраў работнікаў сельскай гаспадаркі краіны і расказаў пра рэкордныя поспехі аграрнага комплексу. Журналіст Св*боды Дзьмітры Гурневіч параўнаў факты, агучаныя цягам усяго двух хвілін, з адкрытай статыстыкай. Лік аказаўся 5:0 не на карысць беларускага кіраўніка.

Фэйк Першы

Лукашэнка:

– В прошлом году Беларусь опередила все страны СНГ в глобальном рейтинге продовольственной безопасности.

Гурневіч:

– Насамрэч, не. У глабальным індэксе харчовай бяспекі за 2022 год Беларусь на 55-м месцы. З краінаў СНД яе абагнаў Казахстан (32-е месца) і Расія (43-е месца). Індэкс публікуецца на пачатку года ў лютым, таму ацэньвае мінулы год.

Але дапусцім, што, кажучы пра мінулы год, Лукашэнка меў на ўвазе папярэдні 2021-ы. Але і тады Беларусь не была першай сярод краін СНД. Першай была Расія на 23-м месцы, а Беларусь была на 36-м.

Журналіст таксама заўважае, што калі б Лукашэнка не ўзгадаў пра гэты рэйтынг, мы б не даведаліся, што Беларусь у ім упала на 19 пазіцый.

Кадр з відэа Дзьмітрыя Гурневіча

Фэйк другі

Лукашэнка:

– Есть страны, которые в свое время отказались от собственного аграрного производства, превратившись в рынки сбыта импортной продукции. В глазах западных кураторов теперь они выглядят демократичнее нас с вами.

Гурневіч:

– Каб не было сюрпрызаў, давайце паглядзім, якія бліжэйшыя суседзі Беларусі ў гэтым рэйтынгу вышэй за Беларусь.

Сярод краін былога сацыялістычнага лагера першая ў рэйтынгу Чэхія (16-я), Польшча на 22-м месцы, Венгрыя на 34-м, а Славакія на 36-м месцы.

Дарэчы, ў першай трыццатцы амаль усе краіны-прадстаўнікі ЕЗ, якія, як сцвярджаюць БТ, АНТ і іншыя прапагандысты, пакутуюць ад голаду.

Фэйк трэці і чацвёрты

Лукашэнка:

– Как бы ни душили отечественных производителей санкциями, мы традиционно занимаем достойные позиции в мировых рейтингах, входим в пятерку крупнейших экспортеров молочной продукции.

Гурневіч:

– Па-першае, санкцыі, якія ўводзіліся супраць рэжыму за фальсіфікацыю выбараў, за выкарыстанне мігрантаў на мяжы ЕЗ, а таксама за дапамогу Расіі ў вайне з Украінай, не датычаць прадуктаў харчавання.

Гэта Беларусь у пачатку года аднабакова ўвяла прадуктовае эмбарга супраць Захада. Еўропа ж нічога такога не рабіла. Лукашэнку варта пацікавіцца статыстыкай і тым, што робіць ягоны ўрад.

Дзьмітры Гурневіч узгадвае, як у маі гэтага года міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло нават хваліўся, што пастаўкі беларускай прадукцыі ў ЕЗ растуць.

Акрамя гэтага журналіст заўважае яшчэ адну недакладнасць: Беларусь не ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў малочных прадуктаў. На першых пяці пазіцыях знаходзяцца Індыя, ЗША, Кітай, Пакістан і Бразілія.

Фэйк пяты

Лукашэнка:

– Беларусь пришла на рынок Китая. Не просто пришла, но успешно конкурирует с Новой Зеландией, признанным лидером в молочном мире.

Гурневіч:

– Мы праверылі, ды ізноў усё не так. Паводле статыстычнага камітэта Новай Зеландыі, дадзеныя, якія цытуе кітайскае агенцтва «Сіньхуа», гэтая краіна прадала у Кітай малочных прадуктаў на суму больш як 5 мільярдаў даляраў ЗША.

Але ж увесь экспарт Беларусі ў Кітай (гэта значыць абсалютна ўсяго, што Беларусь прадае ў Кітай) дасягае 860 мільёнаў даляраў, – гаворыць журналіст, заўважаючы, што экспарт беларускіх малочных прадуктаў у Кітай сапраўды расце, але пакуль ён прыблізна ў 50 разоў меншы, чым пастаўкі туды з Новай Зеландыі.

– Гэта пяць фэйкаў напрацягу двух хвілінаў. Брава! – рэзюміруе журналіст.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(52)