Гурневiч: «Прывітанне Бучы ад ідэйных нашчадкаў катаў»

Журналicт праводзiць паралелi памiж сённяшнiм i мiнулым.

– 79 гадоў таму савецкія партызаны расстралялі ў маёй роднай вёсцы Налібакі 128 чалавек, – пiша Дзмітры Гурневiч. – У савецкія часы гэта называлася «ліквідацыяй нямецкага гарнізону», хаця ніякіх немцаў там у той дзень не было.

У часы лукашызму заявілі, што такога ўвогуле не было. Летась райвыканкамаўская газета так і напісала, што яны «праверылі і ўсё аказалася фэйкам». Хаця 26 год таму прадстаўнікі таго ж выканкаму давалі дазвол на помнік ахвярам, дзе пра гэта напісана чорным па белым. Прывітанне Бучы ад ідэйных нашчадкаў катаў.

Аналогіі паміж налібацкай бойняй з сённяшнімі злачынствамі расейцаў ва Ўкраіне не толькі ў тым, што яны намагаюцца ўсё назваць фэйкам. І сама прычына злачынства – ідэнтычная. Налібакі пакаралі за нелаяльнасць, за тое, што тамтэйшыя мужчыны не сышлі ў лес да савецкіх партызан паводле сцэнару сталінскіх камандзіраў (іншае пытанне – навошта, бо партызаны за ўсё вайну амаль не высоўваліся з лесу, апрача як па навакольных вёсках за ежай).

Савецкія партызаны прыйшлі ранкам 8 мая. Экзэкуацыі адбываліся амаль у кожным двары паводле таго самага сцэнара, апрача габрэйскай вуліцы. Амаль усіх налібацкіх габрэяў немцы забралі ў гета годам раней. А цяпер справу з Налібакамі завяршаюць партызаны. Яны забягаюць у хату, страляюць у гаспадара, а часам і ў цэлыя сем’і, і рабуюць дом.

Зброі, каб абараніцца, у мясцовых амаль няма. Зрэшты, яны перакананыя, што гэта пастаноўка, што так іх хочуць забраць у лес, каб немцы потым не помсцілі ўсім жыхарам. Той, у каго ёсць зброя (а мясцовай «самаахове» немцы раней далі на ўсё вёску, дзе жыло 2 тысячы чалавек, 28 карабінаў) страляе, як раней і дамаўляліся, угару, а партызаны адказваюць чэргамі з аўтаматаў, падпальваючы будынкі. З сабою ў лес партызаны забіралі кароў, коней, свіней, нават гадзіннік з рукі ахвяры або боты з ног.

Пра бойню 8 мая 1943 году даўно апублікаваныя ўспаміны, названыя ўсе імёны забітых (сярод якіх жанчыны і дзеці), ёсць кнігі навукоўцаў, артыкулы, у пушчы працавалі экспедыцыі гісторыкаў. На могілках за лічаныя хвіліны можна знайсці магілы забітых, а ў цэнтры могілак 26 год стаіць вялізны манумент у гонар ахвяраў партызанаў, дзе чорным па белым напісана пра 128 забітых жыхароў Налібак.

Але як тады, так і цяпер, ёсць людзі, якія хочуць абылгаць ахвяр або ўвогуле назваць усё фэйкам. Але самае горкае тое, што ёсць людзі, якія ім вераць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)