Гурневіч: «Беларусь знікне, калі бяздзейнічаць будзеце менавіта вы»

Карысныя парады пра важнасць фармавання беларускага парадку дня нават у часы, калі не спыняюцца рэпрэсіі.

– Рэжым Лукашэнкі зачыніў у Беларусі сотні грамадскіх арганізацый і ініцыятыў. Сярод іх былі дзясяткі, якія займаліся развіццём нашай культуры і мовы. Але гэта не азначае, што ў беларусаў больш не засталося магчымасцяў дбаць пра сваё, – разважае ў новым відэа журналіст Дзмітры Гурневіч.

– У сітуацыі, калі зніклі таварыствы беларускай мовы, беларускія кнігарні або заблакаваныя беларускія выданні, кожны беларус павінен сам стаць такой інстытуцыяй, якая папулярызуе беларускае, – лічыць журналіст.

Сусветная гісторыя за сотню гадоў мае процьму прыкладаў паспяховага выжывання народаў і іх моў нават пад акупацыяй. Нехта можа адразу запярэчыць, маўляў, не вучыце нас з Прагі, але акурат досвед чэхаў можа аказацца вельмі карысным.

Гэты народ таксама дзевяцімільённы, як і беларусы. Некалькі сотняў гадоў таму амаль цалкам страціў сваю мову. Але пасля адрадзіў яе. Таму магчыма ўсё. І ніколі не варта апускаць рукі, дзе б вы ні былі: у Беларусі ці за мяжой. Бо працы хопіць усім.

На думку Гурневіча, вельмі важна развіваць хуткую перадачу інфармацыі паміж усімі пластамі беларусаў.

Дзеля гэтага патрэбны свой, так званы, кантэнтны свет, які будзе кругласутачна фармаваць беларускі парадак дня. Але ж будзьце асцярожнымі, – папярэджвае Гурневіч, – бо ў краіне, дзе не да законаў пад пагрозай амаль усё.

Наведвайце тэматычныя семінары, чытанні і лекцыі гісторыкаў. Сачыце больш уважліва за абвесткамі ў музеях, бібліятэках, кнігарнях і дамах культуры. Нават у такія цёмныя для краіны часы можна знайсці глыток свежага паветра. І не забывайце, што пакуль ніхто не заблакаваў ютуб.

Адзначайце нацыянальныя святы - Дзень Волі, Дзень Грунвальдскай бітвы, Купалле, Слуцкі збройны чын, Дзень беларускай вайсковай славы. Проста з сям’ёй і сябрамі спявайце разам беларускія песні. Толькі народных – безліч. Захоўвайце традыцыі. Замаўляйце ў майстроў нацыянальныя касцюмы. Рабіць выцінанкі і тату з беларускімі матывамі.

Усё гэта не новае. Гэта не раз праходзілі нашыя папярэднікі. У часы Расейскай імперыі гэтым займаліся таварыствы філаматаў і філарэтаў або выдавецкая суполка «Загляне сонца ў наша ваконца». Гэта тыя ж самыя ютуб каналы і сацыяльныя сеткі, але таго часу.

За савецкім часам гэтым у Беларусі займаліся нефармальныя аб’яднанні «Паддашак», «Талака», «Майстроўня». Ровар даўно вынайдзены, трэба проста ім карыстацца. І самае простае, але і самае важнае – размаўляйце па-беларуску.

Вельмі часта мы нават не ўяўляем наколькі магутны гэты інструмент. Але гэта вельмі добра ўсведамляюць тыя, хто марыць, каб беларусаў не было як народа. Таму яны спрабуюць усялякімі шляхамі знішчыць беларускую мову. Без мовы ператварыць беларусаў у рускіх – вельмі лёгка.

Так у СССР пачалі знікаць цэлыя народы. Напрыклад, у Алтайскім краі Расіі ёсць такі невялікі народ як тубалары. Іх засталося ўсяго некалькі тысяч, а носьбітаў мовы – некалькі сотняў. Як так атрымалася? Бо ў савецкі час ім забаранялі гаварыць на ўласнай мове. Настаўнікі ў школе маглі за гэта накрычаць на вучня. Тубаларам даводзілася хавацца, каб размаўляць па-свойму.

Ці, напрыклад, Чачня. За часамі СССР у гэтай рэспубліцы ў Грозным было забаронена гаварыць на чачэнскай мове. Калі чачэнец гаварыў па-свойму ў грамадскім транспарце, то машыніст мог спыніцца і выклікаць міліцыю.

У савецкі час русіфікацыя прайшлася па беларусах катком. Але, згадзіцеся, сёння ў Беларусі да такога яшчэ не дадумаліся, каб забараняць размаўляць па-беларуску. Хаця былі выпадкі, калі беларуская мова – гэта дадатковая прыкмета для рэпрэсій.

Пачынаць размаўляць па-беларуску можна крок за крокам, раіць Дзмітры Гурневіч.

– Напісаць каментар у сацыяльных сетках або цэлы допіс. Паступова ўжываць беларускія словы ў вашай гаворцы: прывітанне, да пабачэння, дзякуй. Гадзіна ў дзень, дзень у тыдзень. І так часцей і часцей. Найпрасцей гэта рабіць у кампаніі сяброў ці сваякоў. Таму, калі вы яшчэ гэтага не зрабілі, то пачынайце. І не трэба саромецца памылак. Яшчэ ніхто ад гэтага не памёр.

Усё рэальна, было б жаданне разарваць гэтае заганнае кола. А для таго, каб з’явілася жаданне варта зразумець, што ўсё беларускае і ў выніку сама краіна знікне толькі ў тым выпадку, калі бяздзейнічаць будзеце менавіта вы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)