Общество

Гродзенская актрыса з'ехала ў Польшчу і стала таксісткай: «Першыя два тыдні я рыдала ў машыне»

Ірына Купчанка расказала Нашай Ніве пра сваё жыццё, творчасць, пасажыраў таксі і таксама пра тое, што палякі сёння кажуць беларусам.

Тут і далей фота з прыватнага архіву гераіні публікацыі

Гродзенская актрыса грала ў мясцовым драмтэатры, пасля спрабавала зладзіць маленькі незалежны тэатр, весці курсы… Але ўсё разбілася праз фактычную забарону на працу і страх, што па яе прыйдуць сілавікі. Ірына не вытрымала і пачала новае жыццё ў польскім Гданьску, дзе цяпер працуе ў таксі.

 «Не для такога тэатра я станавілася актрысай»

Ірына Купчанка сыйшла з гродзенскага абласнога драматычнага тэатра яшчэ да ўсіх палітычных падзей 2020 года.

«Я зразумела, што час звальняцца ў 2019 годзе. Бо мне перастала падабацца рэпертуарная палітыка нашага тэатра. «Савок» абсалютны, — расказвае Ірына. — Я заўсёды казала пра беларускія прадпрыемствы, што кожнае з іх — Беларусь у мініяцюры, на чале са сваім… зразумела, з кім. Кіраўнікі выглядаюць па-іншаму, канечне, але мысленне ў іх такое ж.

Я зразумела, што выхоўвала сябе не для такога тэатра, не для такога тэатра станавілася актрысай. Напісала заяву на звальненне, але мяне не адпускалі да канца кантракта.

У сакавіку 2020 года я нарэшце канчаткова сышла. Але я працягвала падтрымліваць стасункі з акторамі — усё ж гэта была вялікая сям’я. Мы сябравалі, а пазней разам хадзілі на мітынгі.

Хоць я і сыйшла з тэатра, ў мяне не знікла жаданне граць. Таксама было жаданне ствараць сваё. Я паспрабавала арганізаваць свой маленькі прыватны тэатр, «Тэатр без назвы». У нас было два спектакля, адзін з якіх, «Сонечная лінія» па Івану Вырыпаеву, мы ставілі з купалаўскім артыстам Іванам Трусам. Рэжысёрам быў таксама купалавец Дзіма Цішко.

Пасля 2020 года, дарэчы, Іван сыйшоў з Купалаўскага ўслед за Латушкам, з’ехаў у Піцер і сёння намінуеца на «Залатую маску» — самую прэстыжную тэатральную ўзнагароду Расіі».

Прэм’еры «Тэатра без назвы» праходзілі ў культурным цэнтры «ОК16», які належыў «Белгазпромбанку» і быў закрыты пасля справы Бабарыкі.

Таксама мы паказвалі спектаклі ў Гродне ў начным клубе, з танцпола зрабілі партэр».

«Аднойчы я дастала калегу з аўтазака»

На выбарах 2020 Ірына была незалежным назіральнікам у Гродне. 11-гадовую дачку адправіла да бацькоў.

«Я была адна: дачка ў бацькоў, муж у камандзіроўцы. Гэтае пекла пасля выбараў я бачыла на свае вочы», — згадвае яна.

Падчас пратэстаў 2020 года Ірына Купчанка таксама выходзіла на мітынгі.

«Так атрымалася, што аднойчы я нават «дастала» сваю калегу з аўтазака, — успамінае Ірына. — Яе забралі туды, я падыйшла да супрацоўніка ў аліўкавай форме і пачала прасіць яе адпусціць.

Казала, што мы актрысы, тут выпадкова, прасіла яе не біць. Той казаў, што нікога не адпусціць. Сказаў: «Ты хочаш з ёю?» Я адказала: «З ёю не хачу, але і без яе не сыду!» Ну і неяк атрымалася, сяброўку ўсё ж адпусцілі.

 А праз два тыдні да мяне прыйшоў участковы і прынёс павестку. Прычынай сталі здымкі ў маім інстаграме з мітынга, я была з бела-чырвоным парасонам. У канцы снежня 2020 быў суд, артыкул 23.34, мяне аштрафавалі на 20 базавых.

Увогуле 2020 год праляцеў так, нібыта гэта быў адзін месяц. І ён прайшоў для мяне ў пастаянным страху, у напрузе.

У нас рамантавалі дом, і майстры прыйшлі ў джынсах і чорных куртках — я думала, што гэта супрацоўнікі і баялася ісці дадому.

Калі сусед купіў новы мікрааўтобус — я думала, што прыехалі па мяне. Я жыла ў пастаянным страху. Бачыла артыкулы ў «Жоўтых злівах» пра сябе, пра сяброў».

«Мне было сорамна, што я не ў турме»

Але ж негледзячы на ўсё гэта Ірына не хацела пакідаць Беларусь:

«Я спрабавала аднавіць свой маленькі тэатр. Калі Іван з’ехаў, я ўвяла на яго месца новага артыста. Але ж маім арэндадаўцам пазванілі з Гродзенскага выканкама і намякнулі, што супрацоўніцтва са мною прывядзе да праблем. Хоць спектакль ніяк не звязаны з палітыкай, ён пра побыт сямейнай пары.

Я зразумела, што пляцоўку для спектакля мне ніхто не дасць.

Раней я арганізавала акторскую школу з яшчэ адной гродзенскай актрысай, але ў лютым 2021 мы выпусцілі апошнія групы. Пасля гэтага я пачала развіваць свой аўтарскі курс «Моўны фітнэс», такая майстэрня па тэхніках прамовы. На гэта не заўсёды хапала сіл, было цяжка маральна, плюс пастаянны страх… Але і гэта не прымусіла мяне з’ехаць.

Апошнім трыгерам для мяне стаў жнівень 2021 і суд над блогерам «Вадзімаці» [сапраўднае імя Вадзім Ермашук — НН]. Мы паехалі ў Ліду на працэс, нас не пусцілі, перапісалі нашыя даныя. Самога блогера тым часам судзілі ў памяшканні міліцыі, далі яму суткі.

А на наступны дзень мне пішуць знаёмыя: «З табою ўсё добра? У тых, хто быў на судзе над Вадзімам, праходзяць ператрусы».

Да мяне ніхто не прыходзіў, але гэта пачуццё, што цябе могуць забраць… Мне было вельмі страшна. Гэта адчувала і мая дачка.

Ад пастаяннага ціску і страху я адчувала сябе так, нібыта перастала жыць. Я вельмі стамілася. Я дайшла да такога, што мне было сорамна, што я не ў турме.

Але я паглядзела на дачку і зразумела, мой стан адбіваецца і на ёй, а я нясу за яе адказнасць. Таму я вырашыла з’ехаць, хаця б ненадоўга, проста выдыхнуць. Я хацела паглядзець на ўсё з адлегласці і зразумець, як жыць далей».

Муж падтрымаў жонку, але сам пакуль заставаўся ў Беларусі.

«Ён казаў: лепш ты з’едзеш, чым ляжаш у псіхушку», — згадвае Ірына.

Яна зрабіла візу і разам з дачкою з’ехала ў Польшчу.

«На днях мяне кінуў нейкі наркаман»

На сёняшні дзень Купчанка ў Польшчы ўжо тры месяцы. Жыве ў Гданьску, здымае жыллё, за двухпакаёўку плаціць каля 600 даляраў.

«Я думала ехаць у Вільню, але мне расказвалі шмат людзей, што ў Польшчы прасцей з працай, там вялікая беларуская дыяспара… У выніку, я выбрала Гданьск. Плюс туды я ехала адразу працаваць, — кажа Ірына. — Я ведала, што буду таксісткай, там ужо працавалі мае знаёмыя. Выбар быў невялікі: таксі альбо гастранамія, але я з кухняй не вельмі сябрую. Таму вырашыла сесці за стырно.

Спачатку было вельмі цяжка. Першыя два тыдні я проста рыдала ў машыне. Але ж вяртаючыся дадому бачыла дачку і разумела, што мушу трымацца.

Масква слязам не верыць, і Гданськ таксама, за сваё шчасце і месца пад сонцам трэба змагацца. Я не раблю нічога кепскага і не бачу прычын саромецца сваёй працы.

Цікава, што ў мяне нават калегі-таксісты часам пытаюцца, ці не страшна мне? Бо ўсё ж жанчына, працуе ўначы… Але пра гэта я нават не перажывала: бо за стырном даўно, добры кіроўца.

Пра тое, што могуць быць праблемы, нейкія п’яныя кліенты я нават не думала. Можа таму, што я заўсёды ўсё ідэалізую, не ведаю. Але я сапраўды не разглядаю мінусы, стараюся бачыць толькі плюсы.

Хоць і бываюць п’яныя пасажыры, нават наркаманы. Бываюць кліенты, якія настойліва спрабуюць пазнаёміцца. У мяне сябры таксама пытаюцца, як я абараняюся, але ж я не маю ані газавага балончыка, ані біты, нічога такога. Проста камусьці я пасміхаюся і какетліва сыходжу ад такой размовы, камусьці катэгарычна тлумачу: «Я замужам!»

Аднойчы давялося нават павысіць голас, але ў цэлым усё прыстойна. Плюс калісьці я займалася ўсходнімі адзінаборствамі, гэта трохі мяне супакойвае.

Хоць аднойчы і была гісторыя, калі я везла пасажыра відавочна пад нейкімі рэчывамі, які дзіўна трымаў вельмі вялікі мабільнік. І я міжволі думала, што калі ён мяне гэтым мабільнікам зараз цюкне, то мне не дапамогуць ніякія мае адзінаборствы.

Таксама на днях мяне проста кінуў нейкі наркаман. Я везла яго вельмі далёка, з прыпынкам, а ён не плаціў і проста сышоў. У такія моманты вельмі крыўдна маральна, неяк адчуваеш, што табою скарысталіся. Што ж тычыцца грошай, то пішаш у сваю службу падтрымкі, яны звычайна кампенсуюць.

Але калі казаць агульна — мне не страшна. Паліцыю пакуль выклікаць не прыходзілася.

Таксама моцна змянілася маё стаўленне да прафесіі таксіста. Раней я ўсё не разумела, чаму чалавек не можа пад’ехаць канкрэтна да той кропкі, якую я стаўлю? А цяпер бачыш, што і навігатары розныя, і людзі часам не разумеюць, што да іх не пад’е’хаць…

Калісьці я скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. І там ёсць такі момант, называецца «чытка з ліста», калі граеш твор, ноты якога бачыш упершыню. І ў машыне, калі я ехала па незнаёмых раёнах, я ўяўляла, што мой навігатар — як ноты, а машына, стырно — як музычны інструмент. А я — як нейкі музыка (пасміхаецца). Так было трохі прасцей.

Мне часам кажуць пра маю працу: ды ты ў цяпле, сядзіш утульненька! Можаш гаварыць з людзьмі, паедзіць па прыгожым горадзе!

А насамрэч, пастаянна ж штосьці здараецца, у тым ліку і з машынай, пастаянна даводзіцца лезці пад капот. Мае пазногці ад гэтага заўсёды зламаныя.

Але самае цяжкае не гэта. Галоўная праблема — што сыходзіць час, а я не займаюся галоўнай справай, акцёрскай. Бо як спартоўцы мусяць падтрымліваць форму, так і акцёры, яны мусяць займацца псіхафізікай. А калі чалавек доўга па-за прафесіяй, ён дубянее. І я вельмі баюся згубіць свае навыкі».

«У Беларусі я мела ўсё, а тут — нічога»

Заробкі ў таксі розныя, усё залежыць ад таго, колькі працуеш, якія паездкі, кажа Ірына.

«Зарплата раз на тыдзень. Але яна вельмі розная. Плюс трэба сплаціць за арэнду машыны, усе дамовы, гэта 600 злотых штотыдзень — каля 150 даляраў.

Напрыклад, на мінулым тыдні да мяне прыязджала сяброўка і я працавала вельмі мала. Зарабіла сабе толькі 150 злотых, менш за 40 даляраў.

А да таго за тыдзень я зарабіла сабе больш за тысячу злотых (250 даляраў), — кажа Купчанка. — У панядзелак быў выходны, а пасля штодня 7-10 гадзін за стырном, пятніца і субота — праца ноччу, часам 12-15 гадзін.

Рэкорд у мяне быў калі працавала 19 гадзін запар. Але пасля здарыўся нервовы зрыў, проста ад стомленасці. Ды і там яшчэ навалілася ўсяго — грошы, якія я брала з сабою скончыліся, я перахварэла каронай, за час хваробы накапала арэнда за машыну, плюс трэба было ўладкоўваць дачку ў школу, плаціць за жыллё… Плюс усякія дробязі — банальна зламалася пліта ў кватэры. Карацей, маральна проста навалілася.

Але недарма кажуць, што нам даецца роўна столькі, колькі мы можам вытрываць. Я вытрывала, прайшла гэтыя выпрабаванні. І сёння мне прасцей і маральна, і фізічна.

Хоць у мяне ў Беларусі было ўсё, а тут — нічога. Кватэру арэндую, машыну таксама…

Але я ведаю, што гэта не назаўсёды, што гэта проста такі складаны перыяд. Я вучу мову, у мяне ёсць планы, я вяду перамовы з рэжысёрамі. Я думаю пра сваёь далейшае жыццё.

Акрамя таго ёсць надзея, што ўсё зменіцца, і можна будзе вярнуцца ў Беларусь, аднаўляць культуру там.

Бо вельмі хочацца ўзяць і ўзварухнуць беларускія правінцыйныя тэатры — іх вельмі мала добрых, на жаль. Бо як паўсюль, так і ў тэатрах. А я б вельмі хацела паўдзельнічаць у стварэнні сапраўднага сучаснага тэатра ў нашай краіне.

Сёння я не скажу, што шкадую пра ад’езд. Бо каб не з’ехала, то не змагла б паглядзець на сітуацыю збоку. У мяне тут адбылася пераацэнка каштоўнасцяў, проста неверагодная: і датычна сям’і, і сяброў, і палітычнай сітуацыі ў краіне.

Мне патрэбная была гэтая паездка. Бо калі раней мне было сорамна, што я не ў турме, то цяпер я разумею, што калі я на волі, то гэта не нагода адчуваць віну, што я маю дачку, пра якую мушу клапаціцца ў першую чаргу».

Дачка беларускі ўжо ходзіць у мясцовую школу. Навучанне на польскай, але Ірына кажа, што малая нешта пачынае ўжо разумець. Тым больш, што ў беларускай школе ў дзяўчынкі не вельмі складваліся адносіны з аднакласнікамі, таму ў новай школе ёй трохі лепш.

«Дачка вельмі сумуе па бабулям, па сяброўкам, па сабаку… Але ў цэлым яна ў парадку. Ужо пасябравала з дзяўчынкай-украінкай з класа», — кажа Ірына.

Таксама на нейкі час да сваіх дзяўчат у Гданьск прыехаў тата і муж.

«Ён дэфектаскапіст — гэта спецыяліст, які правярае трубы на дэфекты. Працуе з буйнымі прадпрыемствамі. Цяпер прыехаў да нас на нейкі час, бо працы не стала праз санкцыі. Што б ні казалі, што санкцыі не працуюць — але ж работы стала менш», — адзанчае Купчанка.

«Беларусаў не шкада, вы нічога не зрабілі»

«У Польшчы шмат украінцаў і цікава, што яны самі сябе не любяць. Яны адно аднаго проста не паважаюць і адкрыта пра гэта кажуць. Неаднаразова самі ўкраінцы мне казалі: «Барані божа ад працы з украінцамі».

Палякі ў мяне часам пытаюцца: «Пані з Украіны?» Я адказваю, што з Беларусі, і такое адчуванне, што палякі ведаюць розніцу. І сярод саміх беларусаў такога негатыву да сваіх няма. Як правіла, палякі ставяца да беларусаў пазітыўна.

Многія палякі салідарныя з Беларуссю. Яны цікавяцца сітуацыяй, пачынаюць распытваць пра некаторыя моманты, ці сапраўды ў нас адбываецца тое, пра што пішуць. Аднойчы, праўда, паляк мне сказаў, што «няма чаго было лезці ў палітыку», але я патлумачыла, што ні ў якую палітыку якраз я не лезла.

А іншы паляк неяк сказаў: «Мне вас не шкада, бо што вы зрабілі — выйшлі і ўсё? Чаму да канца не даціснулі? Вы нічога не зрабілі. Ужо ўсе краіны свабодныя, а вы гэтага выгадавалі столькі гадоў, дазвалялі яму сядзець у вас на шыі і думалі, што дастаткова выйсці на вуліцу, каб ён вас паслухаўся і сышоў? Смешна».

Мне складана гаварыць на польскай, таму я не асабліва нешта адказвала. І хоць першай рэакцыяй было абараніць беларусаў, але ў чымсьці я згодная са словамі таго паляка».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(32)