Экономика
Ганна Соўсь, Радыё Свабода

Грэчка пала ў барацьбе за 10 млн. тон

Госьць «Начной Свабоды» – экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі Андрэй Юркоў.

— Эканоміка сельскай гаспадаркі знаходзіцца ў агідным стане, заявіў прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч сёньня на пасяджэньні прэзыдыюму Саўміну па пытаньнях разьвіцьця аграпрамысловага комплексу. Што сельская гаспадарка ў агідным стане, гэта не навіна, навіна хутчэй ў тым, што пра гэта публічна заяўляе прэм’ер, пры тым, што ўсім зразумела ўвага кіраўніка краіны да АПК, і якая колькасьць рэсурсаў выдаткоўваецца на стратную сельскую гаспадарку. Чаму Мясьніковіч робіць такую заяву цяпер, пасьля выбараў на тле росту коштаў? Ці гэта сьведчыць пра тое, што сытуацыя насамрэч істотна пагоршылася?

— Я б не сказаў, што яна пагоршылася. Наадварот, зараз для беларускай сельскай гаспадаркі апошні год – гэта як падарунак. Тое, што Расея згарэла. Бо такога вольнага доступу расейскі рынак і такіх коштаў на нашу сельгаспрадукцыю напэўна гады 3-4 не было. А Мясьніковіч, відаць, выказаў гэта таму, што сытуацыя зь бюджэтам у нас вельмі цяжкая, а наша сельская гаспадарка сама больш з бюджэтнага пірага на сябе сьцягвае. Трэба гэты пірог скарачаць, трэба скарачаць выдаткі бюджэту. Трэба з кагосьці пачынаць.

— Калі б вы былі кіраўніком ураду з рэальнымі паўнамоцтвамі, што бы вы найперш зьмянілі ў сельскай гаспадарцы?

— У першую чаргу трэба адмяніць усе валавыя паказьнікі. Яны проста долу зводзяць нашу сельскую гаспадарку. Ніхто не глядзіць практычна за эканамічнай эфэктыўнасьцю. Па-другое, дэцэнтралізаваць сельскую гаспадарку. Добра было б вызначыць рэгіянальную спэцыялізацыю, дзе мы можам атрымліваць экспартную рэнтабэльнасьць.

— Беларусь у 2011 годзе павінна атрымаць ураджай збожжа прыкладна 10 млн. тон, заявіў міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Міхаіл Русы. Я згадваю гадоў пяць-сем таму, калі гаварылася пра ураджай 6 мільёнаў тонаў збожжа, многія экспэрты выказвалі сумневы ў гэтых лічбах. Цяпер вось з кожным годам гэтая лічба і заплянаваная, і на выхадзе павялічваецца. Вы давяраеце афіцыйнай статыстыцы? Наколькі гэтыя паказьнікі важныя для функцыянаваньня сельскай гаспадаркі?

—10 млн. тон – гэта нейкі фэтыш для нашых уладаў. Можна мець 10 млн. тон і мець хлеб даражэйшы ў 2 разы, чым у суседняй Расеі ці Ўкраіне. А можна мець 3-4 млн. хлебу і мець таннае мяса, таннае малако і спакойна набываць танны хлеб. Патрэбная рэальная спэцыялізацыя. А напісаць – напішуць колькі заўгодна хлебу. Кожны год у нас рэкордныя ўраджаі, і кожны год у нас пасьля новага году стаіць гвалт, што не хапае фуражу. Пакуль у нас за гэтымі 10 млн. тон будуць гнацца, у нас ня будзе ні грэчкі, ні бульбы таннай, ні яблыка свайго.

— На мінулым тыдні журналісты задалі шэраг пытаньняў намесьніцы міністра сельскай гаспадаркі Надзеі Каткавец, у тым ліку чаму ў Беларусі бульба і многія іншыя прадукты каштуюць даражэй чым у суседніх краінах. Адказ быў не зусім зразумелы, хаатычны рост цэнаў. Як бы вы адказалі на пытаньне пра рост цэнаў прадуктаў харчаваньня?

— Раней прысялібныя гаспадаркі кармілі народ бульбай, а зараз вёска адмірае. бульбу ўжо амаль не саджаюць, згублена практыка, як расьціць бульбу. Яе на сёньня элемэнтарна няма. Што да грэчкі, то грэчка пала ў барацьбе за 10 млн. тон. З грэчкай вал не набярэш, і калгасы на зацікаўленыя ў ёй. Будзем купляць ў Расеі і ва Ўкраіне па 10-15 тыс. Будзем з дарагой грэчкай, затое з танным збожжам... няякасным, якое ў нас расьце. Праблема ня ў тым, што растуць цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю, а праблема, што нашы даходы не растуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)