Общество

Гомельскія мэдыкі стануць спонсарамі правядзеньня Дня гораду

Кіраўніцтва Гомельскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі прапанавала мэдыкам стаць спонсарамі Дня гораду 14 верасьня, паведамляе Радыё Свабода.

— Штогод з нас зьбіраюць грошы на Дзень гораду. Гэта такія ж абавязковыя зборы, як і на Чырвоны Крыж, падпіску. Летась здавалі па 4 рублі, — пацьвердзіў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці адзін з супрацоўнікаў «хуткай дапамогі».

Гомельская цэнтральная гарадзкая паліклініка накіравала ліст галоўным урачам і загадчыкам філіялаў. Там гаворыцца, што «па даручэньні гарвыканкаму» каардынатар па зборы спонсарскай дапамогі да Дня гораду сярод мэдустаноў — цэнтральная паліклініка.

«Паліклініка даручае вам аказаць падтрымку ў прыцягненьні спонсарскай дапамогі ў выглядзе пералічэньня сродкаў на разьліковы рахунак Гомельскага гарадзкога цэнтру культуры да 26 жніўня», — пазначана ў дакумэнце. Ён падпісаны выканаўцай абавязкаў галоўнага лекара Сьвятланай Філіпковай.

У дакумэнце пералічваюцца філіялы паліклінікі і сумы, якія яны «вінныя» на правядзеньне Дня гораду. Усе філіялы абцяжараныя падтрымкай Дня гораду на суму 90 рублёў, акрамя паліклінікі № 1 — тая мусіць «прыцягнуць» 180 рублёў. Стаматалягічная паліклініка мусіць пералічыць 540 рублёў, дзіцячая — 630.

Супрацоўнікі гомельскіх шпіталяў, між тым, не зьбіраюць грошы на Дзень гораду. Пра гэта Свабодзе паведамілі супрацоўнікі Гомельскага абласнога клінічнага шпіталя і гарадзкога спэцыялізаванага клінічнага шпіталя.

У адміністрацыі цэнтральнай паліклінікі спраўдзіць інфармацыю пра зборы на Дзень гораду не ўдалося. На працягу працоўнага дня 16 жніўня выканаўца абавязкаў галоўнага лекара Сьвятлана Філіпкова была недасяжная для камэнтароў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(6)