Год навучання ў БДУ каштуе амаль 10 мільёнаў

Беларускія ўніверсітэты ўжо трэці раз за год уздымаюць плату за навучанне. Гэтым разам — на чвэрць. У выніку адукацыя на найбольш прэстыжных спецыяльнасьцях БДУ абыйдзецца першакурснікам у 9,4 мільёны ў год.

Адукацыя ў БДУ падаражэе яшчэ на 25%. Аб чарговым падвышэнні платы за навучанне з ужо мінулага месяцу interfax.by паведаміла неназваная крыніца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Паводле яе, у залежнасці ад спэцыяльнасьці гэты адсотак можа быць і меншы.

Цяпер першакурснікі найбольш прэстыжных спэцыяльнасьцяў БДУ — правазнаўства, эканомікі, усходняй філалогіі — плацяць па 7,48 мільёны рублёў у год. Паводле рашэння, якое чакае подпісу рэктара БДУ Сяргея Абламейкі, з лістапада студэнтам перагледзяць плату, падвысіўшы яе да рэкордных 9.36 мільёны.

У параўнанні з лістападам мінулага году, студэнты БДУ стануць плаціць за адукацыю амаль у два разы болей.

Як у БДУ раслі кошты на навучанне за апошні год

У Акадэміі кіравання — рост 20%, у рэгіёнах — 25%

Таксама interfax.by піша, што кошт навучання ў Інстытуце кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце з 1 лістапада 2011 г. для студэнтаў дзённага складзе 7,69 мільёны рублёў за навучальны год. Атрымліваецца, у гэтай навучальнай установе рост коштаў не перавысіць 20%.

А вось у Брэсцкім дзяржуніверсітэце імя Пушкіна кошты вырастуць да максімуму, усталяванага для восеньскага падвышэння Мінадукацыі — 4,3–4,9 млн. рублёў ці 25% ад сумы папярэдняй штогадовай аплаты. Аб гэтым піша «Брестская газета».

Падвышэнне платы за навучанне ў Міністэрстве адукацыі звыкла тлумачаць узрослымі выдаткамі. У апошні месяц у краіне значна былі ўзнятыя заробкі выкладчыкаў, выраслі камунальныя плацяжы.

Аб новых расцэнках на навучанне іншыя ўніверсітэты абяцаюць абвесціць бліжэйшым часам. Вядома, што рост не будзе перавышаць столь, якую ўсталявала Мінадукацыі, — 25%. Аднак ВНУ самастойна могуць выбіраць дату, з якой будзе пералічвацца плата за навучанне — 1 кастрычніка ці 1 лістапада. У любым выпадку студэнтам прыйдзецца даплочваць і за першы семестр таксама.

Кастрычніцкае падвышэнне адукацыйных коштаў — ужо трэцяе за апошні год. Аб папярэднім было абвешчана толькі пару месяцаў таму — у жніўні. А першае, і пакуль самае вялікае, адбылося ў разгар зімовай сесіі 2011 году. Тады студэнты даведаліся, што за навучанне прыйдзецца выкладаць прыкладна на чвэрць болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%.