Общество
Анастасія Зелянкова

Гісторыя лёгкіх паводзін

У Брэсце днямі асуджаныя мужчына і чатыры жанчыны, якія цягам 5 гадоў трымалі публічны дом. Барацьба з прастытуцыяй у нашай краіне вядзецца ледзь не ад пачатку існавання дзяржавы. На які эксперымент наважыліся слуцкія ўлады,што магла набыць за свае паслугі “жрыца кахання” і як з’явіліся прастытуткі на вуліцы Чырвонай – чытайце ў нашым артыкуле.

Прастытутак — на будаўніцтва гарадскіх сцен

Азначэнне “найстаражытнейшая прафесія” цалкам адпавядае рэчаіснасці. Спрадвеку жанчыны лёгкіх паводзін шчыравалі на абшарах нашай радзімы.

Шырокае распаўсюджанне прастытуцыя на Беларусі атрымала ў 16 стагоддзі. Гэтай з’яве нададзена ўвага нават у Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588 года. “Жонки охочие” неаднаразова ўзгадваюцца і ў Баркулабаўскім летапісе.

— Прастытуцыя была вельмі пашырана, хаця афіцыйна і не афішавалася, — адзначае даследчык шляхецкай культуры Вацлаў Арэшка. — Былі на тэрыторыі нашай дзяржавы і публічныя дамы. Існавалі нават рэгламентацыі, дзе гэтыя дамы мусілі знаходзіцца. У цэнтры горада, натуральна, іх быць не магло. Улічваючы, што ў ВКЛ вялікіх гарадоў было нямнога, у малых гарадах прастытуцыя ў большасці існавала падпольна. Гэта дзесьці ў Вільні былі вуліцы і раёны, дзе можна было знайсці любыя ўцехі, а вось у тым жа Слуцку ці Нясвіжы з іх некалькімі вуліцамі з гэтым узнікалі цяжкасці. Затое там кожны ведаў, што на той ці іншай вуліцы ёсць нейкая там Матрона, да якой заўсёды можна звярнуцца “па дапамогу”.

Своеасаблівымі бардэлямі станавіліся корчмы. Там, паводле летапісцаў, плоцкімі ўцехамі пастаяльцаў займаўся цэлы штат дзяўчат на любы густ.

Канешне, улады, як маглі змагаліся з прастытуцыяй — час ад часу магістраты наладжвалі цэлыя аблавы на прытоны. Вядомы працэсы, на якіх прастытутак, што карысталіся павышаным попытам, абвінавачвалі ў вядзьмарстве. Лічылася, што яны чароўнымі сродкамі заманьваюць да сябе мужчын — прадстаўнікоў моцнага полу заўсёды палохала залежнасць, у якую іх можа паставіць жанчына.

Так, паводле судовых дакументаў, у 1588 годзе ў гэтым сэнсе не пашанцавала магілёўскай прастытутцы Марыі Юдзінай, якую засталі, калі яна па чарзе прымала ў сваёй хаце двух кліентаў. Захапленне хлопцаў гэтай паненкай патлумачылі яе вядзьмарскімі чарамі.

— За гэта пераважна і цярпелі жрыцы кахання, — сведчыць даследчык. — Звычайна суд прыгаворваў іх да штрафаў ці бізуноў — чараўніц у нас рэдка палілі.

А ў 17 ст. слуцкія ўлады правялі даволі арыгінальны эксперымент: усіх прастытутак горада ў якасці пакарання яны адправілі на прымусовыя працы па ўмацаванні гарадскіх сцен — маўляў, трэба папрацаваць і іншым месцам.

Цікава, што да нашых дзён дайшлі і імёны некаторых слаўных працаўніц на эратычнай ніве. Так, напрыклад, у 19 стагоддзі шырокай вядомасцю карысталася полацкая прастытутка Акуліна Міхайлава.

— Пра гэта можна меркаваць з пакарання, якое ёй вынес суд, — распавёў “Салідарнасці” пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў. — Так, “за блудную жизнь” яе прыгаварылі да сямі гадоў зняволення, адзін з якіх яна мусіла правесці ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры, каючыся і з’яўляючыся на ўсе набажэнствы, кожнае з якіх павінна заканчваць 25 каленапрыкланеннямі. Трэба сказаць, досыць суровае пакаранне.

Колькі ж зарабляла за сваю нялёгку працу звычайная прастытутка? Даведацца пра расцэнкі старажытных куртызанак сёння, на жаль, немагчыма. Аднак захаваліся звесткі пра іх заробкі ў пачатку 20 стагоддзя.

Так, тарыф на паслугі жрыц кахання напрамую залежаў ад іх катэгорыі. Звычайная салдацкая прастытутка атрымлівала з аднаго кліента 30 капеек прыбытку, мяшчанская — 1 рубель. Даражэй за ўсё цаніліся купецкія: іх аднаразовы заробак вагаўся ад 3 да 5 рублёў. Для параўнання: фунт хлеба на той час каштаваў 3 капейкі, курыца — рубель, а гадавая падпіска на “Нашу Ніву” — 2 рублі 50 капеек.

Закон на баку распусты

Калі ў старажытныя часы на існаванне прастытуцыі проста заплюшчвалі вочы, то ў канцы 19 стагоддзя яна была ўзята пад дзяржаўны кантроль. Сапраўды, у дарэвалюцыйнай Беларусі прастытуцыя была афіцыйна ўзаконеная. Дзяржава ажыццяўляла рэгістрацыю публічных дамоў, выдаткоўвала сродкі на санітарнае забеспячэнне, органы ўлады выдавалі адпаведныя правілы ўтрымання такіх устаноў, а прастытуткі, як добрасумленныя грамадзяне, плацілі са свайго прыбытку падаткі.

Паводле гісторыка Захара Шыбекі, у 1912 годзе ў Мінску было зарэгістравана 12 дамоў цярпімасці, дзе шчыравалі 223 жанчыны, існавала таксама 3 легальных дома спатканняў.

Можна не сумнявацца, што гэты сэрвіс быў значна шырэйшы. Пры жаданні шукальнікі прыгод маглі знайсці падобныя ўцехі ў гатэлях, рэстаранах, банях, корчмах, а таксама пры некаторых закрытых клубах і сходах. Прадухіляючы магчымае абурэнне сённяшніх беларусаў маральным аблічам папярэднікаў, адзначым, што ў тагачаснай крымінальнай хроніцы амаль адсутнічалі запісы пра злачынствы на сексуальнай глебе.

У “Справаздачы гарадской управы за 1890-1891 гг.”, якая прыводзіцца ў газеце “Вечерний Минск”, адзначаецца, што прастытуткай лічыцца ўсякая жанчына, «помышлявшая развратом». Паводле дакумента, усе прастытуткі падзяляліся на дзве катэгорыі: прастытутак дамоў цярпімасці і прастытутак-адзіночак, якія прымалі кліентаў у сябе дома.

Улады, як маглі, ажыццяўлялі за імі санітарны кантроль. Кожная прастытутка павінна была быць упісана ў кнігі Санітарнага камітэта.

За “нелегаламі” цкавала паліцыя. Праўда, вылаўлівалі іх выключна для таго, каб адправіць у санітарны камітэт, дзе іх абследвалі, ставілі на ўлік і выдавалі правілы занятку прастытуцыяй і санітарную кніжку, якая прад’яўлялася па першым жа патрабаванні.

На кожную прастытутку абавязкова заводзілася адпаведная справа з падрабязнымі дадзенымі і дакументамі. Калі жанчына выходзіла замуж, яе картку знішчалі.

Бывала, што ў Санітарны камітэт траплялі малалетнія. Тады правілы прадпісвалі перад пастаноўкай дзяўчыны на ўлік паведамляць пра гэта бацькам. “Последние всеми силами обязаны стараться о возвращении таковых к честному труду”, — адзначалася ў “Справаздачы”.

У Мінскі санітарны камітэт, які месціўся ў Татарскім завулку (каля сённяшняга гатэлю “Юбілейны”, зараз там знаходзіцца “Беларустурыст”), жрыцы кахання абавязаны былі хадзіць на агляд да ўрача два разы на тыдзень. “Прагульшчыц” паліцыя дастаўляла сілай. Акрамя таго, каб паменшыць рыск захворванняў прастытуткам прадпісвалася «аглядаць палавыя органы і бялізну мужчын, якія жадалі мець з імі адносіны”, піша “Комсомольская правда в Белоруссии”

“Издержки професии” лячылі ў бальніцы, створанай пры камітэце спецыяльна для прастытутак. Грошы на яе ўтрыманне ішлі з прыбытку ад дамоў цярпімасці.

Бальніца, паводле дадзеных газеты “Экспресс новости”, была разлічана на 27 коек, і працавалі ў ёй адзін урач-ардынатар, дзве фельдшаркі, трое служак. Узначальваў установу надворны саветнік Антон Феліцыянавіч Нядзведзкі. Толькі за 1903 год у такой бальніцы прайшлі лячэнне 448 пацыентак.

Па выздараўленні санітарную кніжку пратытуткам вярталі, і яны маглі і далей займацца сваім рамяством.

Прастытуткі з вуліцы Чырвонай

Дзе ж выдавалі ў сталіцы плоцкія ўцехі? Як ужо згадвалася вышэй, дамы цярпімасці нельга было размяшчаць у цэнтры горада.

Праўда, і цэнтр тады быў паменей: калі зараз Ракаўскае прадмесце лічыцца ледзь не самым цэнтрам Мінска, то ў тыя часы яно магло прэтэндаваць толькі на цэнтр граху. Тут у асноўным і месціліся падобныя дамы.

Добра пачувалі сябе прастытуткі на вуліцы Чырвонай – не, не той, дзе Белтэлерадыёкампанія, а той, што знаходзілася недалёка ад сённяшняга гатэлю Юбілейны. Назва ж “Чырвоная”, як можна зразумець, ніякіх адносін да савецкіх сімвалаў у тыя часы не мела, а, як і шмат дзе ў свеце, вызначала занятак яе жыхароў, фактычна тое самае, што квартал “чырвоных ліхтароў”.

“Вольныя” ж начныя матылькі зляталіся на Саборную плошчу (сучасная плошча Свабоды). Па-першае, там стаяла гасцініца “Еўропа”, па-другое, знаходзіўся Купецкі сход з клубам, і нарэшце, працавала гарадская біржа рамізнікаў на вуглу сквера.

У газеце “Экспресс новости” ўзгадваецца анекдот, які хадзіў сярод тагачасных мінчан. Так, у рэстаран “Еўропы” завіталі два памешчыкі са сваімі безгустоўна-ярка апранутымі жонкамі. Швейцар рашуча перагарадзіў ім уваход: “Ніяк немагчыма з дамамі. У нас свае ёсць. Канкурыраваць нельга”.

Пад забаронай

Шчыра кажучы, правілы ўтрымання дамоў цярпімасці былі досыць строгімі. Магчыма, таму не ўсе так спяшаліся пад дзяржаўную апеку.

Вокны такіх забаўляльных устаноў, як, дарэчы і кватэр прастытутак, павінны былі зачыняцца шчыльнымі фіранкамі, а на ноч яшчэ і стаўнямі. Пасля гадзіны ночы жрыцам кахання нельга было з’яўляцца на вуліцах. Рэкламаваць эратычныя паслугі таксама катэгарычна забаранялася.

“Усе ўчынкі, накіраваныя да пабуджэння да распусты, як з боку прастытутак, так і гаспадароў дамоў цярпімасці строга пераследуюцца, як то: непрыстойнае адзенне, яркае асвятленне і зазыванне наведвальнікаў”, -- сведчылі правілы, прыведзеныя ў “Комсомольской правде в Белоруссии”. Вось і паспрабуй працаваць ў такіх нечалавечых умовах!

Здаваць жа кватэры прастытуткам можна было толькі з дазволу паліцыі. У горшым выпадку гаспадара чакаў вялізны штраф.

Не дзіўна, што паступова жанчыны лёгкіх паводзін пачалі адхрышчвацца ад такога дзяржаўнага клопату. Так, паводле справаздачы Санітарнага камітэта за 1916 год, толькі за паўгода колькасць зарэгістраваных прастытутак скарацілася ўтрая – са 150 да 50 чалавек.

І гэта зусім не значыла, што ўсе сталі на шлях выпраўлення. У дакументах адзначалася, што толькі некалькі з гэтых жанчын знайшлі іншую працу, 2-3 выйшлі замуж, 5 скончылі жыццё самагубствам, лёс астатніх – невядомы.

На вуліцах жа прастытутак меней не стала. Вось што сведчыць ліст мінскага ўрачэбнага інспектара Уварцова ў ваенную санітарную камісію ў ліпені 1916 года: «...Дома терпимости превратились в притоны темных личностей с продажей водки и обиранием посетителей, -- цытуе “Комсомольская правда”. -- Администрации пришлось закрыть три дома. Минск наводнен проститутками. Едва ли в настоящее время есть город в России, который в этом отношении мог бы конкурировать со столицей Полесья. Только ранним утром город свободен от проституток. Но после полудня сады, рестораны, кофейни, кинематографы, улицы до поздней ночи кишат проститутками. Прогрессируют венерические заболевания. Кабинеты врачей переполнены. Эта гнилая армия не находит себе приюта в больницах и служит заразой для всего города”.

У гэтай сувязі было вырашана высяляць “штрафнікоў” за межы губерні. Сур’ёзна паўстала пытанне і наконт прыезжых прастытутак – а іх на той час у Мінску было не менш за мясцовых.

Барацьба з прастытуцыяй узмацнілася з прыходам савецкай улады. Літаральна праз месяц былі зачынены ўсе публічныя дамы. 9 жніўня 1920 года Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларускай ССР на чале з Аляксандрам Чарвяковым падпісаў пастанову, паводле якой гэтыя ўстановы афіцыйна спынялі свае існаванне. З таго часу ўсе прастытукі перайшлі ў падполле.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)