Общество
Зміцер Панкавец, «Наша нiва»

Гісторыя экстрэмальнага кахання

21-гадовы гродзенец Алесь Кіркевіч праз тыдзень пасля шлюбу апынуўся ў СІЗА КДБ.

 

 

Алесь і піша, і малюе 

28 студзеня чатыры супрацоўнікі спецслужбаў у Гродне ўварваліся ў кватэру намесніка старшыні Маладога Фронту Алеся Кіркевіча.

Мама хлопца Ларыса Аляксандраўна расказвае, што забралі камп’ютар, агітацыйныя матэрыялы за Віталя Рымашэўскага, флэшку ад фотаапарата. «Шмат не было чаго забіраць», — кажа жанчына.

Потым Алеся павезлі на допыт у гродзенскае аддзяленне КДБ. Там юнака трымалі тры гадзіны. Адтуль яму дазволілі зрабіць званок маме. «Сказаў, што зараз яго павязуць у „амерыканку“. Абвінавачваюць у актыўным удзеле ў несанкцыянаванай акцыі», — апавядае маці вязня.

У панядзелак яна прыязджала ў Мінск, але дабіцца інфармацыі пра сына так і не змагла. Перадачку для Алеся не прынялі — адправіла пасылку поштай.

Ларыса Кіркевіч падпісала дамову з адвакатам. Цяпер спадзяецца, што атрымае хоць нейкую інфармацыю пра сына.

«Для нас гэта была абсалютная нечаканасць. Тым больш, што свой тэрмін Саша ўжо адседзеў», — з адчаем у голасе кажа спадарыня Ларыса.

Алесь — адзінае яе дзіця.

У падарунак шкарпэткі і швэдар

Кіркевіч не трапіўся ў рукі спецназа на Плошчы, але праз пару дзён і яго не абышло выпрабаванне суткамі. Хлопца затрымалі за ўдзел у акцыі салідарнасці пад сценамі Акрэсціна. Пасадзілі на 10 ночаў. На волю Кіркевіч выйшаў толькі 3 студзеня.

У гэты час у зняволенні знаходзілася і яго нявеста Надзея Крапівіна.

«Ён мне потым казаў, што ладзіў акцыю для мяне», — смяецца Надзея.

Надзея выйшла на волю 31 снежня, напярэдадні Новага года. Тады і даведалася, што Алесь таксама на сутках. Там ён пісаў вершы («НН» друкавала твор, напісаны ў турме на Акрэсціна), маляваў карыкатуры.

«Мы доўга абмяркоўвалі, дзе будзем адзначаць Новы год. Казала Алесю: „Калі сапсуеш мне свята, трапіўшы ў турму, усё астатняе жыццё будзеш мыць посуд. А апынуліся ў турмах абое“, — расказвае Надзея.

„Перад тым як паехаць на Плошчу, Алесь сустрэў мяне ў Гродне — не з кветкамі, а з шарсцянымі шкарпэткамі. У турме гэтыя шкарпэткі мяне ўратавалі. Я ж на Новы год купіла яму цёплы швэдар. Перадала яго…“ — дзеліцца досведам дзяўчына.

У ЗАГС пасля суду і допыту

Каханне Алеся і Надзеі было крыху экстрэмальным. Заяву ў ЗАГС маладыя падалі 6 студзеня, і ў той самы дзень Алеся зноў судзілі.

На гэты раз у Гродне за арганізацыю перадвыбарчай сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Міколам Статкевічам. Тады ўсё абышлося штрафам.

Надзею ж у той дзень выклікалі на допыт у КДБ. Вось пасля гэтых судоў і допытаў хлопец і дзяўчына і падалі заяву аб жаданні зарэгістраваць шлюб.

Распісаліся яны 22 студзеня. „Мы не хацелі вялікага вяселля. Зрабілі ўсё мінімальна. Пасядзелі ў коле сям’і. Як тут будзеш шырока адзначаць, калі такое робіцца? Дарэчы, Алесь вельмі хацеў, каб сведкам на вяселлі быў лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч… Але дзе там“, — расказвае дзяўчына.

Здаецца, менавіта ў Кіркевічу Дашкевіч бачыў свайго наступніка. За хуткі тэрмін хлопец стаў намеснікам старшыні.

Ішлі да вяселля два гады

І Алесю, і Надзеі дваццаць адзін год. Яны пазнаёміліся два гады таму.

Дзяўчына кажа, што насамрэч нічога рамантычнага ў той гісторыі не было.

„Пазнаёміліся на нейкай трэцясектарнай імпрэзе. У нас было шмат супольных сяброў і знаёмых“. Пабрацца вырашылі два месяцы таму. „Можа некаму і падасца, што хутка, але мы ішлі да гэтага два гады“, — кажа Крапівіна.

Кіркевіч — вернік. Надзея кажа, што менавіта таму так рана, як па цяперашніх часах, пажаніліся — для Алеся было важна ўзаконіць іх адносіны.

З інтэлігенцкай сям’і

Гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч расказвае, што

Алесь Кіркевіч з інтэлігенцкай сям’і. Ягоны дзед, таксама Аляксандр, быў вядомым у Гродне краязнаўцам. Шмат гадоў апекаваўся музеем.

„Яго ведала ўся гродзенская інтэлігенцыя“, — кажа А.Вашкевіч.

Ад дзеда ў спадчыну Алесю і перайшла любоў да гісторыі. Хлопец паступіў на гістфак Гродзенскага ўніверсітэта на спецыяльнасць „археалогія“. Правучыўся там адзін курс, потым перавёўся на завочнае аддзяленне. А пасля ўвогуле кінуў вучобу.

„У яго цікавыя прынцыпы. Лічыць, што ва ўніверсітэце яго ніхто нічому не навучыць, — кажа паплечніца Кіркевіча Вераніка Велігор. — Але сам увесь час самаўдасканальваецца. Запоем чытае.

Алесь — чалавек эмацыйны. Гэта не заўсёды добра. Але імкнецца абавязкова давесці справу да канца“.

„Ідэаліст, хрысціянін“, — кажа пра яго Іван Шыла.

„Моцны чалавек“

„Алесь вырашыў, што цяпер для яго больш важная палітычная дзейнасць, а навучанне можа пачакаць“, — расказвае Надзея Крапівіна.

Яна кажа, што сама некалі так лічыла. Але цяпер навучаецца на гісторыка ў польскім Любліне па праграме Кастуся Каліноўскага. „Канечне, адлегласць — гэта праблема, але мы вырашылі, што зможам яе пераадолець“, — кажа Крапівіна.

„Апошняя наша размова была пра тое, як мы правядзём выходныя ў Варшаве. Можа, падумалі, што Алесь хоча ўцячы, і яго арыштавалі. Але ён ніколі не хацеў выязджаць з краіны“, — гаворыць жонка Кіркевіча.

„Алесь — моцны чалавек. Матываваны, арганізаваны… А я… Я проста яго кахаю“, — працягвае дзяўчына.

„Пасля затрымання шмат плакала. Хаця ў нейкім сэнсе мы гэтага чакалі. Застаецца толькі спадзявацца, што гэтыя выпрабаванні мы з гонарам вынесем“.

* * *

Калі гэты артыкул ужо быў падрыхтаваны, стала вядома, што Алесь Кіркевіч падазраецца ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках, яму пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)