Чаму гэта ўсё ж робіцца? Бачна, што тут уплывае палітычны фактар. Гэта ўплыў Расіі. І расейцы, улічваючы тое значэнне, якое постаць Неўскага мае ў іх, акурат тым самым пазначаюць тэрыторыю.
Гісторык: «Помнік Неўскаму – усяго толькі адзін з элементаў пазначэння тэрыторыі»
Алесь Пашкевіч — пра тое, чаму ўлады Беларусі саступілі настойлівасці расійскага пасла.
У Мінску ўсталёўваюць помнік расійскаму князю Аляксандру Неўскаму. Робіцца гэта паводле ініцыятывы пасла Расіі Барыса Грызлова.
У жніўні гэтага года расійскі дыпламат выказаў думку, што «асоба Аляксандра Неўскага звязана і з гісторыяй Расіі, і з гісторыяй Беларусі», бо ён быў жанаты на полацкай князёўне Аляксандры Брачыславаўне.
Гэта не першы помнік расійскаму князю ў Беларусі. У 2016-м скульптурная кампазіцыя, прызвечаная сям’і Неўскага, з’явілася ў Віцебску.
Филин абмеркаваў гэтую падзею з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.
— Ці ўсё ж мае князь Аляксандр Неўскі да Беларусі хоць бы фармальнае дачыненне, каб тут яму адразу ў некалькіх гарадах ставіліся помнікі? Абгрунтаванне расейскага боку, мякка кажучы, выглядае непераканаўча.
— Аб’ектыўных падстаў, канечне, для гэтага няма. Бо нягледзячы на свае дынастычныя сувязі, Аляксандр Неўскі да Беларусі не мае ніякага дачынення, як палітык і дзяржаўны дзеяч. І таму ставіць яму тут помнікі дастаткова недарэчна.
Таму тут відавочна, чаму гэта адбываецца. І зусім не таму, што ён меў нейкае дачыненне. Такое ж дачыненне мелі многія і многія прадстаўнікі іншых народаў, якім проста фізічна немагчыма ставіць помнікі. А тут — цэлых два.
— Вы не першы кажаце пра тое, што такім чынам расейцы мецяць тэрыторыю. Але яны, падаецца, і так досыць упэўнена тут пачуваюцца. Ці не ёсць гэта чымсьці большым? Напрыклад, замацаваннем на нашай гэрыторыі сваіх культурных і гістарычных слядоў?
— Думаю, калі тут казаць пра пакіданне сваіх культурных слядоў, то яны і так пакідаюцца куды ў большай ступені, чым гэты помнік. Таму што, як вядома, у нас ужо і ў сферы адукацыі ўносяцца пэўныя элементы расійскай ідэалогіі.
Адбываецца ўплыў на развіццё гістарычнай навукі рознымі спосабамі. У тым ліку і правядзеннем розных «рускаміраўскіх» канферэнцый.
Інфармацыйная палітыка стала куды больш жорсткай, хоць яна і раней у значнай ступені была падпарадкаваная расійскім наратывам. Таму тут гаворка пра больш глабальныя працэсы, чым гэтая гісторыя з помнікам.
І я б не надаваў гэтай падзеі аж настолькі вялікую ўвагу і значэнне. Бо гэта акурат такі ідзе ў рамках пазначэння тэрыторыі. Такое здаралася і да той пары, пакуль Лукашэнка не патрапіў у зусім ужо безнадзейную залежнасць ад Расіі.
Напрыклад, папярэдні помнік Неўскаму ставіўся ў 2016-м, калі, можна сказаць, Лукашэнка праводзіў адносна незалежную палітыку ад Масквы. І гэты працэс быў тады на сваім піку, пры ўсёй ягонай умоўнасці.
Памятаем мы і пра помнік паэту Пушкіну, пастаўлены напрыканцы 90-х ад имя тагачаснага мэра Масквы Лужкова. Таму можна сказаць, што гэты працэс цягнецца даўно, а сам гэты помнік — усяго толькі адзін з элементаў гэтага пазначэння тэрыторыі.
— Помнік Неўскаму ў Віцебску прачакаў свайго пяць год. Яго апярэдзіў помнік князю Альгерду, усталяваны там жа. І тады ішла размова пра розныя плыні ва ўладзе Беларусі — прабеларускую і прарасійскую, якія такім чынам канкуравалі між сабой.
Акрамя таго, супраць віцебскага помніка выступалі і шараговыя беларусы. Што можна сказаць пра сённяшні выпадак: што гэтая гісторыя кажа пра стан грамадства і тых, хто пры ўладзе?
— Я не думаю, што сёння варта чакаць нейкіх актыўных пратэстаў супраць новага помніка. Бо мы ведаем, якая сітуацыя ў краіне, якія складанасці могуць быць пры гэтым.
Любая пратэстная актыўнасць будзе прыцягненнем увагі да грамадскіх колаў. Яна можа выклікаць праблемы, бо мы ведаем, у якой атмасферы ўсё адбываецца.
Наўрадці варта чакаць і нейкага супраціўлення ўстанаўленню гэтага помніка з боку ўладных колаў. Таму што для гэтага цяпер неспрыяльныя абставіны.
Цяжка будзе некаму аргумантаваць, чаму яго не трэба ставіць. Увогуле, ніхто не будзе ставіцца да сітуацыі так сур’ёзна, каб улазіць у нейкія спрэчкі дзеля гэтага помніка. Зноў такі, таму, што гэта нічога прынцыпова не мяняе.
З іншага боку, мы бачым нядаўні прыклад Магілёва, дзе мясцовыя ўлады хацелі перайменаваць плошчу Арджанікідзэ ў гонар праваслаўнага епіскапа Георгія Каніскага.
Гэта неадназначная для Беларусі гістарычная асоба, ён шмат у чым прыклаў руку да таго, каб нашыя землі ўвайшлі ў склад Расіі ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай.
І акурат у Магілёве ў грамадстве было незадавальненне, былі галасы супраць, падаваліся петыцыі. І ўлады, падаецца, ад гэтай ідэі адмовіліся, пакінуўшы старую назву плошчы.
То бок, гэта паказвае, што ў прынцыпе такая сітуацыя магчымая, калі ўлады ўжо мелі намеры, але ў выніку не захацелі ісці супраць грамадскай думкі. Прынамсі, такое было афіцыйнае тлумачэнне.
Але што да гэтага помніка, то я не думаю, што тут такім жа чынам адбудзецца. Бо, па-першае, за гэтым стаіць пасол Расіі, а значыць — цэлая расійская дзяржава. Адпаведна, тут трэба сварыцца на самым высокім узроўні.
Акрамя таго, помнік мае матэрыяльнае ўвасабленне, на яго патрацілі грошы. І адмяніць яго з’яўленне можна пры наяўнасці вялікага жадання. Але яго, я думаю, не будзе.
Адмовіцца ад перайменавання плошчы куды прасцей, тым больш, калі такая ініцыятыва мясцовая, а не сыходзіць з Масквы. Таму гэты помнік будзе стаяць, тым больш, што яго анансавалі загадзя і нават прызначылі нейкія канкрэтныя даты.
Читайте еще
Избранное