Гісторык: «Чыя «наша» перамога? Перамога Беларусі? Не смяшыце»

Гісторык Анатоль Сідарэвіч – пра пераможную рыторыку афіцыёзу.

Фота Радыё Свабода

«Шапка» ва ўчарашняй «Звяздзе»: «Наша Вялікая Перамога – бясцэнная спадчына».

Чыя «наша» перамога? Перамога Беларусі? Не смяшыце. Перамога Савецкага Саюза? Аднаго Савецкага Саюза без саюзнікаў? Не хлусіце.

Што за спадчыну пакінула перамога? Паадзінокія і брацкія магілы ад Сталінграда і Падмаскоўя да Берліна? Мільёны тысяч удоў, сірот, інвалідаў?

У чым бясцэннасць перамогі? У тым, што пралітую кроў, слёзы бацькоў, дзяцей і ўдоў, пакуты інвалідаў нельга перавесці на рублі?

Што дала перамога? Мір?

Як былі выкарыстаныя гэтыя 75 год адноснага міру ў нашай частцы свету? Германія – зноў самая магутная краіна Еўропы, але краіна дэмакратычная з сацыяльнай рынкавай эканомікай.

Расія – па-ранейшаму сыравінны прыдатак Германіі ды іншых заходніх краін, Украіна – адна з самых бедных краін Еўропы.

А Беларусь, не зведаўшы, як Украіна, Малдова, Боснія, Сербія ды Косава, збройных канфліктаў і агрэсіі, па ўнутраным валавым прадукце на душу насельніцтва ўзначальвае спіс шасці ці то дзевяці самых бедных краін Еўропы.

І пры гэтым дадам. У 1990 годзе Беларусь ішла нароўні з Латвіяй, Літвой Эстоніяй, нам зайздросцілі палякі. Дзе цяпер Латвія, Літва, Эстонія і Польшча і дзе Беларусь? 

Цяпер на харчы, «на унітаз» мы трацім большую частку даходаў, чым у 1990-м.

Можа, у гэтым – у нашай эканамічнай, сацыяльнай ды палітычнай адсталасці ад Еўропы – і крыецца бясцэнная спадчына перамогі?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(173)