Филин

Сяргей Васілеўскі

Гісторык: Чаму ўлады выбралі для першага «суда над мёртвымі» ўраджэнца Украіны

Аляксандр Пашкевіч — пра асобу Уладзіміра Катрука і ягоную зручнасць для пракурораў.

Генпракурор анансаваў першы суд у Беларусі над мёртвым чалавекам. Ім будзе ўдзельнік спалення Хатыні, ураджэнец Украіны Уладзімір Катрук. Филин абмеркаваў гэтую падзею з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.

— Пра што можа сведчыць такі выбар першага «падсуднага»? Ці можа гэта быць спробай неяк звязаць гісторыю сённяшнюю з гісторыяй часоў Другой сусветнай вайны?

— Не сказаць, каб тут накладалася гісторыя сучаснай Украіны на тую далёкую гісторыю. Хоць для Генпракуратуры, відаць, прыемна, што першым, хто трапіўся ім пад руку, стаў украінец.

Бо гэта дазваляе ёй бясконца праводзіць паралелі, украінскае грамадства і дзяржаву яны хочуць паказаць схільнымі да нацызму. Таму гэта вельмі зручная фігура.

Але найбольш тут паўплывала на выбар тое, што гэтая фігура навідавоку, дастаткова вядомая. А таму капаць тут асабліва глыбока не трэба. Гэта самы зручны персанаж з усіх, якіх толькі можна ўявіць.

Мы ведаем, што Катрука ў свой час і расійская пракуратура спрабавала прыцягнуць да адказнасці, і ў цэнтры Сімона Візенталя гэта была адна з самых вышукваемых фігур сярод нацысцкіх злачынцаў.

Такіх другіх, каб і да Беларусі былі датычныя, і мелі сусветную вядомасць, знайсці складана. І якія б таксама не панеслі пакаранне, як Катрук.

А мы бачым па тым спісе нацысцкіх злачынцаў, які не так даўно апублікавала Генеральная пракуратура, дзе фактычна адны імёны або нават мянушкі, і ніякай іншай інфармацыі, што ведамства Шведа глыбока не капае. Бярэ тое, што ляжыць на паверхні. І Катрук у гэтым плане патрапіўся, як максімальна выгадная асоба.

— Як вы лічыце, на якую аўдыторыю разлічана ўся гэтая гісторыя? На беларусаў, ці на нашых суседзяў таксама?

— Думаю, што тут перш за ўсё разлік на лаяльную да Лукашэнкі аўдыторыю. На так званых ябацек, якія падтрымліваюць Лукашэнку, вераць ягоным сілавым структурам і прапагандысцкім рэсурсам. І гэта тая адзіная аўдыторыя, на якую гэты спектакль можа паўздзейнічаць

А наконт таго, каб Захад у нечым пераканаць, то ў Генпракуратуры я думаю, не такія наіўныя людзі сядзяць, каб паверыць у тое, што рашэнні сённяшніх беларускіх судоў могуць неяк уразіць заходнюю аўдыторыю.

Пра гэта сведчаць і словы самаго Шведа, які нядаўна казаў, што яны не маюць ілюзій наконт таго, што Захад будзе дапамагаць ім у іхняй кіпучай дзейнасці. Што раней яны дасылалі запыты ў следчыя ўрганы заходніх краінаў, але іх проста праігнаравалі.

Відавочна тут і тое, што прабіцца са сваёй прапагандай на Захад шанцы ў іх абсалютна нулявыя. У іх проста няма выхаду на гэтую аўдыторыю.

Таму тут разлік на людзей унутры Беларусі, найперш на тых, хто і так гэты рэжым падтрымлівае. Не думаю, што гэтая ініцытыва неяк уразіць унутраных апанентаў улады.

— Якія наступствы можа мець для краіны і яе рэпутацыі падобная практыка?

— Я не думаю, што менавіта гэта будзе мець нейкія наступствы. Таму што за гэты час лукашэнкаўскі рэжым нарабіў шмат кепскага і практычна ўразлівага і для нашых суседзяў, і для іншых краін.

А гэтая гісторыя практычна нікога не закранае, каб мець нейкія наступствы. Тут большае значэнне мае тое ж знішчэнне польскіх магілаў ці нешта падобнае, што мае ўразлівае значэнне для Польшчы, якая не гатовая спускаць гэта проста так.

А за Катрука, я думаю, ніхто не заступіцца. І ў прапагандысцкім значэнні на тую самую аўдыторыю гэта не будзе мець вялікага ўплыву.

Мне падаецца, што гэтая справа вядзецца больш па інэрцыі. Яе даводзяць да судоў, яны вымушаныя правесці працэс і кагосьці асудзіць.

Гэту справу пачалі пару гадоў таму раскручваць з мэтай ідэйна звязаць сучасную ўнутраную апазіцыю з злачынствамі, якія адбываліся шмат дзесяцігоддзяў таму. Сваю ролю гэта справа ўжо адыграла, больш з яе не выціснеш, тым не менш, неяк яе заканчваць трэба.

Немагчыма ж спачатку пашумець, завесці справу і ўрэшце сказаць, што не знайшлі вінаватых. Такі варыянт не падыходзіць. Таму, я думаю, па вялікім рахунку, першая мэта тут — давесці справу да лагічнага канца і нарэшце паставіць кропку. 

І далей яна не будзе раскручвацца, бо наўрадці яны будуць косці таго ж Катрука аднекуль выкопваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(27)