Общество
Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»

«Гэта своеасаблівы феномен у беларускім жыцці на Захадзе»

Убачыла свет 17-я кніга серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Ёй стаў зборнік Сяргея Шабельцава «Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.)».

У кнізе размешчаны дакументы і ўспаміны пра беларускую дыяспару ў Аргенціне, а таксама пра рээмігрантаў, якія пераехалі з гэтай краіны ў СССР. Прадстаўленыя матэрыялы адлюстроўваюць светапогляд беларускіх імігрантаў, іх грамадскую і палітычную дзейнасць у Аргенціне, працэс іх рээміграцыі ў СССР і шляхі адаптацыі на Радзіме.

Па словах рэдактара кнігі, кандыдата гістарычных навук Наталлі Гардзіенкі, зборнік “Беларусы ў Аргенціне:грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930–1960-я гг.)” з’яўляецца першай спробай сістэматызацыі матэрыялаў, прысвечаных прысутнасці нашых суайчыннікаў у гэтай краіне.

“Аргенцінская беларуская дыяспара адрозніваецца ад дыяспараў у іншых краінах найперш сваёй ідэйнай скіраванасцю, пракамуністычным характарам, — гаворыць Наталля Гардзіенка. — І гэта своеасаблівы феномен у беларускім жыцці на Захадзе, безумоўна варты увагі і вывучэння. Да сёння былі апублікаваныя толькі асобныя успаміны, або дакументы да гісторыі беларускай Аргенціны. Цяпер жа аўтар-складальнік сабраў шмат цікавых і разнастайных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць і спецыфіку беларускага жыцця ў гэтай краіне, і працэс рээміграцыі суайчыннікаў у Беларусь, і іх лёсы на савецкай радзіме.

У прадмове да кнігі зроблены агляд гісторыі стварэння беларускай дыяспары ў Аргенціне, у якім выразна прасочваюцца яе адметнасці, у параўнанні з дыяспарамі ў іншых краінах. “Беларусы ў Аргенціне” — гэта у першую чаргу зборнік дакументаў, аднак ён з’яўляецца важным крокам для стварэння грунтоўнага аналітычнага даследавання па гісторыі беларускай прысутнасці ў гэтай краіне”.

Кніга падзелена на некалькі тэматычных раздзелаў. Першы раздзел — “Беларускія імігранты ў Аргенціне (1930 — сяр. 1950-х гг)” прысвечаны працэсу станаўлення беларускіх арганізацый ў Аргенціне, працы імігрантаў па падтрымцы Савецкага Саюза. У другім раздзеле “Беларускія рээмігранты (1955 — 1960-я гг.) разглядаецца працэс рээміграцыі беларусаў Аргенціны ў СССР, а таксама ўплыў водгукаў рээмігрантаў пра СССР на жыццё беларускай дыяспары ў Аргенціне. У апошнім раздзеле чытач знойдзе ўспаміны рээмігрантаў з Аргенціны, у тым ліку і ўспаміны беларуска-іспанскага перакладчыка, літаратара і праваабаронцы Карласа Шэрмана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)