Политика
Сяргей Стахоўскі

«Гэта сігнал усім, што ў палітычных працэсах мінімальны тэрмін можа вырасці з 15 сутак да 6 месяцаў»

Лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў бачыць ў прысудзе Васілю Парфянкову папярэджанне ўсім грамадскім сілам – тэрмін пакарання па палітычных матывах можа вырасці з 15 сутак да 6 месяцаў.

– Я толькі што вярнуўся з гэтага так званага суда і знаходжуся ў перманентным стане адчування несправядлівасці, пры якой нічога не можаш зрабіць, хоць і часова, – падкрэсліў Уладзімір Някляеў у экспрэс-каментары «Салідарнасці». – Што мяне найбольш уразіла ў выраку, тое, як суддзя яго зачытваў. Маўляў – вось які я прагрэсіўны. Пракурор прасіў год строгага рэжыму, а я даў толькі паўгады арышту ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Суддзя забыўся, што ад пачатку размова іздзе пра пакаранне невінаватага чалавека і ўсе што над ім адбывалася, звязанае з адсутнасцю віны. Для мяне гэта самае страшнае, што адбываецца ў грамадстве.

З палітычнага пункту гледжання ўлада ў асобе канкрэтнай персоны даслала на Захад мэссэдж – я ўсе вырашаю сам, – адзначыў суразмоўца. – Калі вызваліў палітвязняў ці экс-кандыдатаў у прэзідэнты, гэта не азначае што на тое паўплываў нейкі вонкавы ціск. Я так вырашыў! Але вось гэты, так скажам, мяккі прысуд адначасова дэманструе: ну вось, я ж гатовы прымаць нейкія кампрамісныя рашэнні. Есьць мы і Еўразвяз і такая штуковіна, як барацьба за нейкіх там палітвязняў не павінна нам перашкаджаць.

Як мяркуе лідар кампаніі «Гавары праўду!», прысуд Васілю Парфянкову – унутрыпалітычны сігнал.

– Ён адрасаваны тым, хто па меркаванні ўлады не разумее, чым нельга займацца. Няхай зразумее, што будзе за гэта пакараны. Таксама карныя органы паказалі, што ў палітычных працэсах мінімальны тэрмін можа вырасці з 15 сутак да 6 месяцаў. Гэта папярэджанне адрасаванае усім грамадскім сілам, якія праяўляюць актыўнасць, – рэзюмаваў Уладзімір Някляеў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)