Скандалы
Алег Грузьдзіловіч, «Радыё Свабода»

«Гэта карупцыя на дзяржаўным узроўні»

Былы палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які атрымаў палітычны прытулак у Нямеччыне, напярэдадні паказу па канале НТВ трэцяй часткі фільма «Хросны бацька» пракамэнтаваў апошнія зьвесткі пра датычнасьць беларускіх кіраўнікоў да карупцыі.

Алег Алкаеў

Алега Алкаева, які жыве ў Бэрліне, я папрасіў пракамэнтаваць сэнсацыйныя заявы былога сьледчага МУС Вячаслава Дудкіна адносна памераў карупцыі ў Беларусі і датычнасьці да яе высокапастаўленых асоб у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі. Алег Алкаеў мяркуе, што злачынствы на мяжы і ў мытні, якія расьсьледавала Сьвятлана Байкова, дасягалі велізарных памераў, бо прыкрываліся на самым версе зь Менску:

– Ну як можа кантрабандны тавар, які выехаў зь Берасьця ці Горадні, праехаць усю Беларусь? Калі я быў начальнікам калёніі, ведаю, усе фуры на Барысаўскім посьце тармазілі, яшчэ раз правяралі. А тут яны праяжджалі безь перашкодаў. Ведаю дакладна, што ім суправаджэньне забясьпечвалі супрацоўнікі міліцыі. За грошы, зразумела.

Ці вось яшчэ што ведаю, пра што ўдалося дакапацца Байковай. Гэта злачынствы з канфіскатам. У 2002 годзе у варотах кіраўніцтва справамі прэзыдэнта зьнікла 21 фура з быццам бы канфіскаванай электроннай апаратурай. Пад выглядам тратуарнай пліткі яе завезьлі, і ўсё бясьсьледна зьнікла. Гэта ж велізарныя грошы. Калі ўсё гэтак было арганізавана, з цэнтрам у сталіцы, то гэта ж махлярства на дзяржаўным узроўні.

У размове пра карупцыю капітан міліцыі Вячаслаў Дудкін сярод імён высокіх чыноўнікаў называў былога сакратара Савета бясьпекі і экс— генпракурора, цяпер дарадцы Лукашэнкі, Віктара Шэймана. Паводле Дудкіна, другая жонка Шэймана нібыта датычная да некаторых эпізодаў. Называліся і іншыя імёны. Як гэта камэнтуе Алег Алкаеў?

– Што тут камэнтаваць? У мяне ёсьць на руках уся інфармацыя, з доказамі, якая паказвае як нікчэмнасьць пэўнага чалавека, гэтак і ўсё наша дзяржаўнае прыстасаваньне. У звычайнага чалавека можа скласьціся ўражаньне, што пэўная асоба нічым іншым не занятая, як толькі клопатамі пра народ, але мяркуючы па гэтай інфармацыі такога не скажаш. У мяне нічога іншага, як агіды, гэта не выклікала. Магчыма, прыйдзе час, і я надрукую тыя зьвесткі, якімі валодаю. Там шмат пра каго. Пачакаем, вось выйдзе новы фільм „Хросны бацька“, што там скажуць. У мяне ёсьць падставы меркаваць, што ў фільме мы убачым Дудкіна. Тады можна будзе нешта пракамэнтаваць і больш падрабязна.

Алег Алкаеў пракамэнтаваў таксама тыя вытрымкі з заяваў Вячаслава Дудкіна, якія тычыліся экс-міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава і сьледчага генэральнай пракуратуры Івана Бранчаля, які расьсьледаваў справы зьніклых.

Алег Алкаеў не падзяляе меркаваньня Вячаслава Дудкіна адносна таго, што Уладзімер Навумаў шчыра змагаўся з карупцыяй ў вышэйшых уладных колах. Паводле палкоўніка Алкаева, міністар плянаваў заняць месца сакратара Савета бясьпекі і «загуляўся» ў сваіх інтрыгах. Алег Алкаеў мяркуе, што Ўладзімеру Навумаву трэба было падаваць у адстаўку тады, калі выпусьцілі з-пад варты ягонага падначаленага Зьмітра Паўлічэнку, адносна якога ён мусіў ведаць усю праўду ў межах справы зьніклых.

Сьледчы Іван Бранчаль таксама ня выканаў свой доўг як службовец і афіцэр, таму сьледзтва дагэтуль нічога не дамаглося, мяркуе Алег Алкаеў. На думку спадара Алкаева, зьвесткі капітана Дудкіна можна будзе выкарыстоўваць падчас суду над вінаватымі ў выкраданьнях:

– Улада сабе лішнія «кручкі» чапляе, якія будуць падставай для расьсьледаваньня. Пакуль гэта толькі інфармацыйная падстава, але ў любы момант гэта можа стаць юрыдычнай падставай.

Фільм «Хросны бацька-3», у якім пойдзе пра фінансавыя тайны кіраўнікоў Беларусі, канал НТВ плянуе паказаць 15 жніўня а 18:25 па менскім часе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)