Общество
Марына Святлова

«Гавары праўду» прапанавала Мінкульту зняць мастацкі тэлесерыял пра БНР

«Гавары праўду» звярнулася да Мінкульту з прапановай зняць мастацкі тэлесерыял пра БНР і абвясціць 2018 год Годам стагоддзя БНР.

«Сёння – чарговая гадавіна ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. За апошнія гады ўвага да гэтай знакавай у гісторыі беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці падзеі непараўнальна падвысілася. Але яе па ранейшаму мала. Як на грамадскім, так і дзяржаўным узроўні», — адзначаецца ў звароце грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

У звязку з тым, што праз два гады наша краіна будзе адзначаць 100-годдзе БНР, «Гавары праўду» лічыць своечасовым ужо зараз распачаць працу над мастацкім тэлесерыялам пра тыя гістарычныя падзеі.

«Яны сталіся новым важным крокам у адбудове беларускай незалежнасці, утварэнні беларускай дзяржавы і ўрэшце – сённяшняй Рэспублікі Беларусь. У цяперашніх палітычных варунках вельмі важна паказаць, што нашыя свабода, незалежнасць, дзяржаўнасць – зусім не шчаслівы выпадковы падарунак лёсу, а вынік векавога змагання цэлых радаводаў, многіх пакаленняў, тысяч і тысяч патрыётаў за беларускую будучыню».

На думку падпісантаў, гэты мастацкі серыял паспрыяе не проста годнаму ўшанаванню 100-годдзя БНР, але і таму, каб нацыянальнае свята стала сапраўды ўсенародным.

Таксама «Гавары праўду» прапануе Міністэрству культуры выступіць з ініцыятывай абвясціць 2018 год Годам стагоддзя БНР і прыняць адпаведную дзяржаўную праграму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)