Гарбунова: «Нам усім баліць, але вы ж ведаеце – калі дапамагаеш іншым, табе таксама становіцца лягчэй»

У суботу пройдзе 12-гадзінны анлайн-марафон па зборы сродкаў для палітзняволеных: «Нам не ўсё адно!»

29 ліпеня незалежныя беларускія медыі аб’яднаюцца ў 12-гадзінным усебеларускім анлайн-марафоне салідарнасці, каб сабраць грошы для палітычных зняволеных і іх сем'яў. Да эфіру далучацца блогеркі і блогеры, палітыкесы і палітыкі, дзеячкі і дзеячы культуры і спорта, грамадскія актывісткі і актывісты.

«Салiдарнасць» таксама выступае медыяпартнёрам мерапрыемства «Нам не ўсё адно!».

Трансляцыя будзе весціся адначасова на шматлікіх незалежных YouTube-пляцоўках з 10-й ранку да 10-й вечара па мінскім часе. З ініцыятывай выступіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай.

Вольга Гарбунова

– Кожны дзень колькасць палітзняволеных у Беларусі павялічваецца, як павялічваецца і іх татальная ізаляцыя, – кажа Вольга Гарбунова. – Выступаючы з ідэяй аб’яднанага марафону, мы імкнуліся паказаць, што нам не ўсё адно і што мы будзем працягваць прыкладаць усе магчымыя высілкі для дапамогі і падтрымкі, пакуль за кратамі застаецца хоць адзін палітзняволены.

Мне давялося прайсці праз зняволенне, і я ведаю, што ратуе там: ведаць, што цябе падтрымліваюць на волі, што тваім блізкім дапамагаюць, што цябе чакаюць дома. 

Я запрашаю ўсіх падтрымаць марафон незалежных медыяў: распавесці пра яго сваім блізкім альбо ў сацсетках, глядзець трансляцыю, данаціць. Нам усім баліць, але вы ж ведаеце – калі дапамагаеш іншым, табе таксама становіцца лягчэй.

За апошнія гады беларусы і беларускі неаднаразова паказалі, што ў самыя цяжкія часы мы здольныя аб’ядноўвацца. Бо хто, калі ня мы, дапаможа нашым палітзняволеным?

Паведамляецца, што ўсе данаты будуць збірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы размяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным. Кантраляваць размеркаванне сабраных грошай будзе спецыяльна створаная назіральная рада, у якую ўвойдуць прадстаўнікі медыя-арганізатараў марафону.

Усіх гледачоў марафона, якія знаходзяцца ў Беларусі, арганізацыйная група заклікае клапаціцца пра сваю бяспеку: не рэпосціць, не лайкаць і не каментаваць трансляцыю са сваіх персанальных акаўнтаў, данаціць грошы толькі праз карткі і рахункі сяброў і блізкіх, якія жывуць за мяжой.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(33)