Прыгажуня дня
Марына Загорская, фота Уладзiмiра Багданава

Гарадок у пагранічным стане

Участак савецка-польскай мяжы, якім у1920-х апекаваўся Цімкавіцкі пагранатрад, па ўспамінах савецкага генерал-маёра Курлыкіна, быў амаль самым актыўным. Раз-пораз тут выкрывалі і ліквідавалі шпіёнскія, дыверсійныя і кантрабандысцкія групы. Тым часам па другі бок мяжы, у Клецку, польскія кавалерысты па-гаспадарску ўпарадкоўвалі свой быт, узводзячы казармы ў стылі мадэрн і стайні з пячным ацяпленнем. Гісторыю гэтага стратэгічнага аб’екта, які ўсё яшчэ знаходзіцца ў страі, ведаюць адзінкі.

Некалькі пакаленняў выраслі ў драўляных, счарнелых ад часу казармах, якія пазней абклалі сучаснай белай цэглай. Недарэчна вытыркаюць над гэтымі аднапавярховымі “навабудамі” дзве вежы з бутавага каменю. На адлегласці ад іх трымаецца ваяўнічы звонку будынак. “Вайсковы штаб”, — паведамляе тутэйшы стары і ледзь не бярэ пад казырок паношанай кепкі. Уваход у “штаб” упрыгожвае шыльдачка “Санэпідстанцыя”. “Польскія яшчэ вайскоўцы былі, потым савецкія”, — робіць папраўку знаўца гісторыі і капітулюецца на бразгатлівым ровары. Мясцовыя кабеты між тым прымаюць нас за камісію па высвятленні стану будынкаў і пачынаюць навыперадкі атакаваць паведамленнямі, што “столь у бараках вось-вось абрынецца”.
— Вайсковы гарадок узводзілі з 1921 па 1924 гады. Падрабязнасці трэба шукаць у гродзенскім архіве. Там маецца 500 папак дакументаў, што тычацца тагачаснага Клецка, — гаворыць дырэктар мясцовага гісторыка-этнаграфічнага музея Зоя Мініч. Сама яна прагледзела ўжо каля сотні папак. Пра казармы ў іх — ні радка.
І толькі Юрый Мікалаеў, былы камандзір апошняй вайсковай часткі, якая дыслацыравался тут да 1991 года, можа пахваліцца тым, што вывучыў аб’ект больш-менш дасканала.
— У сценах двухпавярховага цэнтральнага будынка я знайшоў “батарэі” — коміны, па якіх цяпло ішло ўверх з сутарэння, дзе мясці-лася кацельня. Падлога трымаецца на перакрыцці шырынёй у адну цагліну і без аніякай арматуры. У гарадку мелася аўтаномная электрападстанцыя, якая працавала на дызельным паліве. Але самая нечаканая знаходка — водаправод, выраблены з бляхі. Калі мы знайшлі яго, у трубах стаяла вада! Пэўна, яны ўвесь час спраўна падпітваліся вадой ад гарадской сістэмы і маглі б працаваць нават цяпер, — дапускае Юрый Мікалаеў.
Унушальныя ж вежы, на думку маёра, выкарыстоўваліся як вартавыя, бо ўверсе лесвіца праходзіць па перыметры будынка, а ўсё наваколле відаць адтуль, як на далоні.
Падчас другой сусветнай вайны ў вайсковым гарадку ў нечалавечых умовах утрымліваліся савецкія ваеннапалонныя. Пасля тут гаспадарылі лётчыкі. За імі — танкісты. У адным будынку са штабам знаходзіліся і салдацкія спальні, і сталоўка, і ружэйны пакой, і клуб.
— Быў час, калі казармы спісалі і пачалі разбураць. Праўда, кватэры для жыльцоў так і не пабудавалі, а вайсковую частку ў хуткім часе ліквідавалі. Гарадок перайшоў на баланс клецкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — расказвае Юрый Мікалаеў.
Але і сёння адзіныя з тых, што захаваліся ў Беларусі, польскія казармы, і горад, дзе ёсць вуліца ў гонар чырвонага камандзіра Апанасевіча, які змагаўся з белапалякамі, падзяляе мяжа — прыстасаваны пад офіс будынак КПП.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)