Ганна Севярынец: «Я добра ведаю, што ў кабінетах цяперашніх следчых вісяць партрэты Дзяржынскага»

Вядомая настаўніца і пісьменніца – пра агульную праблему беларусаў.

— Думаю вось пра што. Пастараюся сцісла. У культурным і гістарычным сэнсе ў беларусаў існуе адна агульная праблема: чорныя дзіркі паміж пакаленнямі, — піша Ганна Севярынец. 

Паколькі парушаная нармальная сістэма перадачы назапашанай інфармацыі ад «старых» да «новых», паколькі ў нас вельмі дрэнна працуюць сацыяльныя ліфты (старыя моцна трымаюцца сваіх месцаў і пасадаў і не даюць свабоды моладзі, адпаведна пакуль моладзь дабярэцца да вышыняў, яна ўжо і сама не надта гатовая саступаць).

Паколькі ўвесь час ідзе ціск з боку імперыі і яе імперскага дыскурса, паколькі акадэмічная навука спутаная па нагах і руках, а неакадэмічная развіваецца ў складаных умовах, і яшчэ шмат сістэмных прычын — то кожнае новае пакаленне культурнікаў, літаратараў, навукоўцаў вымушана ўсё рабіць наноў.

У нас бясконца вынаходзяцца ровары, адну і тую ж тэму розныя пакаленні кожны раз пачынаюць ледзь не «з нуля», мы топчамся на адным і тым жа месцы, не маючы магчымасці закрываць свае гештальты, бо вельмі няпэўны грунт гістарычнай памяці у нас пад нагамі.

І такая сітуацыя ў нас ува ўсім: у гісторыі, у мастацтве, у навуцы. Мы не ведаем папярэднікаў, папярэднікі не давяраюць неафітам, кожны цягне коўдру на сябе, хтосьці выгарае і абрынаецца ў дэпрэсію, хтосьці шчэ маладым плюе на ўсё і перапыняе пошук.

І толькі адна ўстанова ў нас такіх чорных дзірак не мае. Перадача досведу папярэднікаў, шанаванне старых, дакладнае веданне сваёй гісторыі і выкарыстанне найлепшых распрацовак, падцверджаных багатай практыкай. Гэта КДБ.

Я добра памятаю, якая ўстанова першай з’явілася на Вайсковых могілках, калі могілкам пагражала знішчэнне. Шчэ ўнукі-праўнукі не дабеглі да пахаванняў сваякоў, як ціхія і акуратныя людзі прыехалі і прыгожанька аднавілі пахаванне Апанскага і Голубева. Я добра ведаю, што ў кабінетах цяперашніх следчых вісяць партрэты Дзяржынскага. Мы ўсе цяпер ведаем, наколькі ідэальна выконваюцца метадычкі і распрацоўкі 1930х у цяперашняй практыцы ворганаў.

Скажыце, у каго з нашых вучоных вісіць дома ці ў працоўным кабінеце партрэт Пічэты альбо Ігнатоўскага? У каго з географаў і краязнаўцаў — партрэт Азбукіна ці Шпілеўскага? У каго з школьных псіхолагаў маецца партрэт Выготскага? Хто прыбег з усіх ног на Вайсковыя ўратаваць магілу Выдрына ці Урванцова? Ды ладна партрэты альбо помнікі. Хто з нас выводзіць сябе з папярэднікаў?

Калі я ўпершыню даведалася пра вялікі партрэт Дзяржынскага на сцяне следчага кабінета, адразу глянула на Дудара: ягоны партрэцік туліцца ў мяне на працоўным стале, калісьці рабіла яго для школьнага ўрока і паставіла дома, бо не паднялася рука сунуць куды ў шуфляду.

Быў вечар, мне было страшнавата, я ўяўляла сабе высокія столі кабінета і агромністы партрэт Фелікса Эдмундавіча, а ў нас тут з Дударом маленькі закуточак, адгароджаны кніжнымі паліцамі, і цемнаватае святло настольнай лампы. Як бы: хто каго.

Так-та я ўпэўненая, што мы — іх, але каб нас было болей, літаральна- усе, і каб мы перамаглі нарэшце чорныя дзіркі...

Мне падаецца, было б здорава, каб кожны з нас паставіў у сябе дома партрэт беларуса-папярэдніка, важнага для вас.

Папярэдніка, настаўніка, сваяка, таго, за кім вы ідзеце сваёй сцежкай. Каб пра гэты партрэт і пра чалавека на ім ведалі б дзеці. Каб мы ведалі, дзе гэты чалавек пахаваны і глядзелі б за гэтым пахаваннем.

Каб мы разумелі, што тыя, хто быў да нас, ужо шмат чаго ведалі і шмат чаго напрацавалі з таго, што мы цяпер праходзім наноў. Бо зямля ў нас адна, праблемы адны з веку ў век, а час чалавечага жыцця кароткі.

Ёсць пытанні, якія немагчыма вырашыць аднаму, патрэбныя дзесяцігоддзі, стагоддзі нават. І яднацца мы мусім не толькі па гарызанталі сярод жывых, але і вертыкальна, з тымі, хто ўсё гэта ўжо ведаў і адпакутваў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:36)