Ганна Севярынец напісала шчымлівы верш пра Канстытуцыю, «па якой мы збіраемся жыць насуперак вам»

Настаўніца, якая пазбавілася працы за верш пра Колю, пасля «Марша гонару» апублікавала твор, які чытачы называюць новым гімнам.

Можа, і ёсць канстытуцыі, што пішуцца не на вуліцах.

Над іхнымі фармулёўкамі плыве кабінетны пах.

А нашая канстытуцыя ў дварах і на лесвіцах туліцца,

На дахах, на вежах, на комінах, на стэлах і на мастах.

Над нашае канстытуцыяй сухі і гарачы вецер:

«Не забі», «не хлусі», «не лжэсведчы», «блізкага – палюбі».

У ёй свішча і б’е наводмаш туга гефсіманскага вецця:

На што ты пакінуў, ойча? На што ты мяне пакі…

Няшмат на крыжовым дрэве месца для канстытуцый.

Тут пішацца хутка і ёміста, у напрузе дрыжыць рука:

«Ня бойся», «ня плач», «не выпрошвай», «не спрабуй азірнуцца»,

«Ня кідай адных таварышаў», «цісні ў машыне гудка».

Можа, у вас – на паперы. У нас – на бінтах і кашулях.

Па беламу-беламу полю чырвонаю паласой,

Па тратуарнай плітцы, па трансфарматарнай будцы,

Па плоце вакол Акрэсціна, па лоджыях у Баравой.

І вам не злічыць Галгофаў, паўстанняў і рэвалюцый,

Як не злічыць ніколі вачніц Курапацкіх ям,

Дзе мы напісалі навечна артыкулы канстытуцыі,

Па якой мы збіраемся выжыць – і жыць насуперак вам.