Ганна Севярынец: «Калі б справа была толькі ў Лукашэнку»

Ганна Севярынец разважае на Радыё Свабода пра тое, чаму проста адставіць былога прэзыдэнта — не дапаможа.

Калі б справа была толькі ў нашым былым прэзыдэнце, то ўчора гэтая справа была б вырашана канчаткова.

Нелегітымны ў вачах грамадзтва кіраўнік, а на дадатак — неадэкватны рэальнасьці чалавек, пэрсаніфікаванае Зло, грамадзянін, які сапраўды лічыць усіх астатніх людзей тупым быдлам, вартым толькі пугі і бізуна ў выпадку непаслухмянасьці, і невялікай колькасьці сена і вады, калі яно пагодзіцца слухацца. На сёньня ня можа быць і гутаркі пра нейкія «іншыя палітычныя перакананьні» ягоных прыхільнікаў, ніякіх палітычных перакананьняў тут няма, кожны, хто цяпер падтрымлівае гэты мульцяшны пэрсанаж, выводзіць сябе за межы чалавечай маралі і проста здаровага сэнсу.

Але справа ня ў ім. Проста адставіць былога прэзыдэнта — не дапаможа. Бо ня ў ім і справа была. Справа была ў тым, што кожны з нас так ці інакш мірыўся з гэтым Злом, так ці інакш прыстасоўваўся, так ці інакш супрацоўнічаў, на нешта заплюшчваў вочы, і я маю на ўвазе не палітычны складнік, а складнік агульначалавечы.

Калі я раней думала пра дыктатуры і дыктатараў, мне ўсё адно раз-пораз прыходзіла ў галаву наіўнае пытаньне: але ж як так? Адзін дыктатар — і мільёны людзей. Чаму яны ня могуць прыбраць яго адной пстрычкай, асабліва тады, калі злачынствы дыктатара становяцца масавымі і відавочнымі? Адказ просты. Дыктатар ніколі не бывае адзін.

Зло, якое ён трансьлюе ў грамадзтва празь дзяржаўныя інстытуцыі, прарастае ў кожнага з нас. Рэжым ніколі не трымаецца на адным дыктатару. Дыктатар проста як магніт: прыцягвае да сябе ўсё такое ж самае. Іх тысячы, людзей, гатовых трымаць гэты рэжым існым, няхай і лідэр іхні канчаткова абсьмяяны. Ім ужо няважна, дзе ён і які ён. Яны будуць трымацца сапраўды да канца, бо яны ня здольныя жыць пры іншых абставінах. Зло не сканцэнтравана ў адным чалавеку. Імя яму — легіён.

Цяпер, перамагаючы пэрсаніфікаванае зло, мы перайшлі на наступны этап — і пачалі змаганьне з сапраўдным. Бяз гэтага змаганьня ніякая перамога не ўтрымаецца, і мы заўтра атрымаем сабе таго ж самага Дракона, толькі што сілы змагацца зь ім ужо ня будзе.

Мы цяпер ня хочам аддаваць дзяцей у школы, дзе настаўнікі фальсыфікуюць выбары. Але ўвесь гэты час мы іх туды аддавалі, у тыя школы, дзе настаўнікі крычалі на дзяцей, закідвалі іх целамі хакейныя арэны, Раўбічы і Сілічы, дзе завучыха і дырэктар дазвалялі сабе хаміць і ціснуць. Мы цяпер узбураныя міліцыяй і АМАПам, але ў нашых сем’ях, у семʼях нашых суседзяў і па сёньня пануе гвалт, мы ўсё яшчэ дазваляем сабе ціснуць на дзяцей у іх самастойных рашэньнях. Мы ўсё яшчэ думаем, што мы абыдземся проста адстаўкай аднаго чалавека.

Але сутнасьць тых гістарычных працэсаў, якія мы з вамі запусьцілі, значна глыбейшая. Менавіта таму гісторыя так і складаецца. Цяпер фронт змаганьня з плошчаў і вуліц распаўсюджваецца на прыватнае жыцьцё кожнага з нас. Мы не хацелі самі — дык мы цяпер вымушаны вырашаць маральнае пытаньне «з кім я, з дабром ці са злом» проста ўнутры сваёй прыватнай біяграфіі.

Ці буду я такі ж сьмелы ня супраць далёкага і сьмешнага былога прэзыдэнта — а супраць уласнага кіраўніцтва на ўласнай рабоце? Ці буду я адстойваць сваю прыватную праўду не пасярод двухсоттысячнага натоўпу, а проста кожную хвіліну на сваёй працы, дзе можна было б і адседзецца? Ці гатовы я, пэрсанальна я, асабіста я, сказаць самому сабе і свайму асяродзьдзю: я не са Злом, я з Дабром?

Менавіта таму гэты сюжэт складаецца так, што цяпер супрацьстаяць Злу трэба будзе ня толькі на вуліцы ў вольны ад працы час — але ў бацькоўскіх супольнасьцях школ і клясаў, у працоўных калектывах, дома. Мірны, спакойны, але і цьвёрды, але і няўхільны пратэст супраць таго, каб кожнаму з нас быць скотам.

Я ведаю, што тое, што пачало з намі адбывацца — незваротна і скончыцца перамогай. І яна будзе хутка. Можа, ня заўтра. Можа, напрыканцы восені ці на пачатку зімы. Тое, што цяпер працуе навокал — гэта настолькі маштабна, што ніхто ня ў стане гэта спыніць. Я проста хачу сказаць, што цяпер мяжа Дабра і Зла пралягае не паміж пратэстоўцамі і АМАПам ля стэлы, не паміж былым прэзыдэнтам і ягоным народам, яна пралягае проста ўнутры кожнага з нас.

Проста робім выбар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(60)