Коктейль
Анастасія Зелянкова

Галоўны сюрпрыз Шалкевіча

Вялікім сольным канцэртам у Мінску вырашыў завяршыць святкаванне 25-годдзя сваёй творчай дзейнасці бард Віктар Шалкевіч. Пасля выступленняў у Польшчы і Чэхіі музыкант нарэшце дабраўся і да беларускай сталіцы.

— Гэта будзе своеасаблівы фінал, — адзначае Віктар Шалкевіч. — Вось так, пачынаючы з Уроцлава ды Варшавы, неўзабаве прыехаў у Мінск. Што да зместу будучага канцэрта, дык усё, як звычайна: па-ранейшаму ў радках і гуках буду выказваць сваю грамадскую пазіцыю — незалежна тычыць гэта сітуацыі ў краіне ці адносін да супрацьлеглага пола.

Напэўна, з улікам праведзенага на сцэне тэрміну, музыкант вырашыў прадставіць менавіта 25 песень з альбомаў розных гадоў. Да таго ж падчас канцэрта адбудзецца і прэзентацыя новага дыска Віктара Шалквіча “Гарадзенец прызямліўся ў Мінску”. Асаблівасць гэтага дыска ў тым, што запіс новай праграмы быў зроблены падчас канцэрта ў мінскім Доме літаратара. Новыя песні, сярод якіх “Балада пра Генiка з Друзгенiкаў”, “Кухарчыныя дзецi”, натуральна пераплятаюцца з анекдотамі і жартамі, без якіх не абыходзіцца ніводзін канцэрт Шалкевіча.

Што ж да іншых сюрпрызаў, то на гэты конт музыкант сціпла адзначае:

— Самы галоўны сюрпрыз — я сам!

Упэўніцца ў гэтым кожны жадаючы зможа 15 кастрычніка ў малой залі к/з “Мінск”. Пачатак канцэрта ў 19.00. Кошт білетаў ад 8 да 14 тысяч рублёў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)