«Галоўны начальнік БТ абразіў і Янку Купалу, і Васіля Быкава»

Мовазнаўца Вінцук Вячорка на Радыё Свабода – пра зьедлівыя словы кіраўніка БТ наконт тарашкевіцы.

Ёсьць на БТ тыднёвая праграма «Клуб редакторов». Вядзе яе дырэктар Белтэлерадыёкампаніі, г. зн. начальнік таго самага БТ Іван Эйсмант. Чарговы выпуск паказвалі акурат 21 лютага, у Дзень роднай мовы, і я вырашыў паглядзець, як рэдактары дзяржаўных СМІ ў палітычна вывераным дыскурсе праграмы закрануць праблемы беларускае мовы.

Адразу скажу, што ніводзін зь іх так і не загаварыў па-беларуску ад сябе. Але тэму закрануў-такі сам Іван Эйсмант. І як закрануў! Чытаючы па-беларуску публікацыю Радыё Свабода з мэтай пакрытыкаваць герояў матэрыялу, ён некалькі разоў спыняўся (напрыклад, на назьве Менск), блытаўся — і ўрэшце зьедліва сказаў:

«Тут такой белорусский язык, я даже не знаю, как его назвать. В школе меня другому языку учили … тут просто столько мягких и твёрдых знаков после каждой буквы (…) Ну это не белорусский язык, это, конечно… не знаю, на каком написано​».

Што ж, чалавек, які кіруе нацыянальным мэдыяхолдынгам, ня ведае, як «цьвёрды знак» выглядае і што беларуская азбука ня мае «цьвёрдых знакаў» ні ў якай функцыі, чым значна адрозьніваецца ад расейскай. Гэта веды пачатковай школы, нават не Акадэміі МУС, якую закончыў Іван Эйсмант. (Зрэшты, і там ёсьць абавязковы курс «Беларуская мова. Прафэсійная лексыка» з гістарычным кампанэнтам.)

Але пікантнасьць ня толькі ў гэтым.

«Клуб редакторов» трансьлявалі адразу пасьля галоўнага выпуску навінаў. А там, як звычайна 21 лютага — раз на год — далі трохі месца беларускай мове. Натуральна, «сур’ёзныя» палітычныя і эканамічныя тэмы толькі па-расейску (у нас два родных языка, — ацьверазіла наіўных вядоўца пасьля рытуальнага ўступу па-беларуску). Па-беларуску гучалі прагноз надвор’я, у парадку выключэньня спартовыя навіны, а таксама лірычна-эмацыйныя развагі пра мілагучную, родную і матчыну (і яшчэ дзіўны рэйтынг папулярнасьці беларускіх словаў: 1. гарбата; 2. чамусьці гáўбец, хоць трэба гаўбéц, і 3. шкарпэткі). Але тут жа — экскурс у гісторыю правапісу:

«...Спробы ўнармаваць беларускі правапіс рабіліся яшчэ сто гадоў таму. Аднак першым завершаным варыянтам працы навукоўцы лічаць выдадзеную ў 1918 годзе „Беларускую граматыку для школ“ Браніслава Тарашкевіча».

Кадар з праграмы навінаў БТ 21 лютага

Я, вядома, чакаў, як жа БТ растлумачыць нам, куды і чаму падзеўся спачатку правапіс Тарашкевіча, а потым і ён сам. Але тэму расстраляных мовазнаўцаў і гвалтоўнай «рэформы» правапісу ў 1933 годзе аўтары сюжэту далікатна абмінулі і пераскочылі адразу ў год 1959, калі наркамаўскі зрусыфікаваны правапіс быў крыху скарэктаваны.

У кожным разе — спачатку БТ расказвае гледачам пра станоўчую ролю Браніслава Тарашкевіча і яго правапісу для лёсу беларускае мовы, што чыстая праўда, а праз паўгадзіны галоўны начальнік таго самага БТ Іван Эйсмант зьневажае правапіс Тарашкевіча, адмовіўшы яму ў беларускасьці.

Вядома, зьняважыць такім чынам ён спрабаваў найперш Радыё Свабода, якое сьвядома карыстаецца беларускім клясычным правапісам. Але ж абразіў і знакамітага ўкладальніка правапісу, і Янку Купалу, і Максіма Гарэцкага, і Антона Луцкевіча, і Васіля Быкава, і ўсіх выбітных беларусаў, якія пісалі тарашкевіцай.

І ўсё ж самае інтрыгоўнае — як высьвятляецца, Іван Эйсмант ня ведае актуальнага пасылу галоўнай праграмы даверанага яму тэлеканалу... Мо ён і ня ўдзельнічае ў фармаваньні таго пасылу?