Политика
Алесь Дашчынскі, ”Радыё Свабода”

Галадоўнікі зьбіраюцца выходзіць на Кастрычніцкую плошчу да 25 сакавіка

11-ы дзень трымаюць галадоўку салідарнасьці з палітзьняволеным Аляксандрам Казуліным браты Сяргей і Аляксандар Скрабцы. Да іх далучаюцца іншыя актывісты. Штодня да 25 сакавіка галадоўнікі зьбіраюцца выходзіць на Кастрычніцкую плошчу ў Менску.

Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваленьня Аляксандра Казуліна і спыненьня крымінальнага перасьледу актывістаў апазыцыі. Да братоў Скрабцоў, якія пачалі бестэрміновую галадоўку 10 сакавіка, далучыліся прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, актывісты Тацяна Ваніна, Сяргей Галаганюк, былы начальнік менскага сьледчага ізалятару Алег Алкаеў, дачка палітзьняволенага Вольга Казуліна, актывіст БСДП(Грамада) Алесь Стральцоў.

Сяргей Скрабец сказаў, што адчувае сябе ня вельмі добра, бо страціў каля 10 кіляграмаў вагі. Каб пазьбегнуць інтаксыкацыі, шпацыруе штодня па дзьве-тры гадзіны. Якія вынікі гэтай акцыі пратэсту?

“Вынікаў пакуль ніякіх. Казулін – за кратамі, а таксама Парсюкевіч і Кім. Вынікі будуць, калі нехта зь іх выйдзе на свабоду. Будзем дамагацца сваіх патрабаваньняў. У нас няма іншых мэтадаў барацьбы, выбары фальсыфікуюцца, якія ж яшчэ ёсьць мэтады?”

Аляксандар Скрабец разам з братам Сяргеем і Тацянай Ванінай выйшаў учора а 18-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу з шыльдай “Я аб’яўляю галадоўку”. Такую акцыю галадоўнікі зьбіраюцца ладзіць і сёньня. Аляксандар Скрабец сказаў:

“Паколькі мы праводзім галадоўку не ў публічным месцы, а ў хатніх умовах, таму такой штодзённай акцыяй мы хочам паказаць, што гэта адбываецца, і просім далучыцца тых, хто нас падтрымлівае. І нават калі невялікі грамадзкі рэзананс існуе, то гэта ўжо нармальна”.

21 сакавіка пачынаюць галадоўку лідэры прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, Віктар Гарбачоў і Анатоль Зьмітровіч. Спадар Зьмітровіч са Сьветлагорску сказаў:

“Пра гэтую акцыю цягам двух-трох дзён даведаюцца ўсе прадпрымальнікі ў рэгіёнах, можа, яшчэ некаторыя будуць далучацца. Мы хочам аказаць маральную падтрымку Кіму, Парсюкевічу і Казуліну. Мы не здаём свае пазыцыі і ў далейшым прадпрымальнікі яшчэ пакажуць сябе”.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч з Ваўкавыску кажа, што быў абавязаны далучыцца да галадоўкі салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным:

“Бо калі сядзеў у турме, многія жыхары горада галадалі, каб мяне выпусьцілі. А цяпер у такім становішчы знаходзіцца Аляксандар Казулін і я проста абавязаны заступіцца за гэтага чалавека ды і за ўсіх хлопцаў, якія сядзяць.

Гэта робіцца не для ўладаў, а для ўсяго сьвету. Дзеяньні нашых уладаў непрадказальныя і не паддаюцца ніякай лёгіцы. У нармальных краінах ужо даўно нешта б разьбіраліся, глядзелі...”

Нагадаем, 53 дні трымаў палітычную галадоўку ў турме палітзьняволены Аляксандар Казулін. Ён дамогся, каб пытаньне пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ўзьнялі ў Радзе бясьпекі ААН. Прадстаўнік ЗША прапанаваў ўнесьці гэтае пытаньне.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" трымалі галадоўку 20 сутак. Гэта найбуйнейшая моладзевая галадоўка, якая праходзіла ў дзесяці гарадах. Яе ўдзельнікі пратэставалі супраць крымінальнага перасьледу актывістаў “Маладога фронту”.

Вернікі царквы "Новае жыццё" галадавалі супраць намеру ўладаў адняць будынак. Вернікі гродзенскай парафіі Маці Божай Вастрабрамскай з дапамогай галадоўкі дамагліся дазволу на будаўніцтва касьцёла.

У 1995-ым годзе дэпутаты Вярхоўнага Савета ад апазыцыі БНФ пачалі галадоўку пратэсту супраць рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі і наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мовы. Тая галадоўка была гвалтоўна спыненая спэцслужбамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)