«Галадоўку скончылі, але пасля пра гэта пашкадавалі». Як у бабруйскі ізалятар прыйшлі новыя парадкі

Пра жорсткія парадкі на Акрэсціна і ў Жодзіне асуджаныя расказвалі не раз. А што ў рэгіёнах? Нашай Ніве распавялі, як рэзка змяніліся ўмовы ў бабруйскім ізалятары, які затрыманыя раней называлі гуманным.

Бабруйчанін Іван Манько нядаўна выйшаў з ізалятара пасля 30 сутак. Яго затрымалі 25 сакавіка: у горадзе ў той дзень людзі шпацыравалі маленькімі групкамі. У Івана пад незашпіленай курткай была чырвона-белая цішотка.

Мужчына раней сядзеў у Бабруйскім ІЧУ, умовы былі чалавечыя.

«Нядаўна зрабілі рамонт, многія камеры невялікія і па-свойму ўтульныя (калі так можна сказаць пра турму), можна было папрасіць кнігу ці нават настольныя гульні. На ложках не забаранялася ляжаць удзень, матрацы заўсёды былі. Святло ўночы прыглушалі. Большасць супрацоўнікаў — дружалюбныя маладыя рабяты», — апісвае ён ранейшы побыт.

Парадкі, па словах Івана, змяніліся раптоўна пасля 31 сакавіка. У той дзень нібыта была праверка, падчас якой вырашылі, што палітычным тут сядзіцца занадта добра, як у санаторыі.

«Спачатку ў зняволеных па артыкуле 24.23 адабралі асабістыя рэчы, зменнае адзенне і ежу з перадачак. Праз некалькі гадзін шасцярых палітычных арыштантаў заперлі ў камеры на чацвярых, дзе акрамя нас ужо было два злодзеі. З усіх ложках былі прыбраны коўдры, матрыцы, пасцеля. Кожнаму злодзею належаў асобны ложак, нам шасцярым дасталіся два — спалі мы парамі па чарзе. Свет уночы не выключаўся. Злодзеям давалі двайную пайку — напэўна, каб менш скардзіліся і каб прымусіць нас перастаць галадаць. Паліць дазвалялі толькі ім. Сукамернікі прасілі паперу і асадку, каб напісаць скаргу, але іх, канечне, не далі.

У змены аднаго з супрацоўнікаў з намі часта здаралася нешта дрэннае. У адну з начэй нас паспрабавалі прымусіць выстраіцца ў шарэнгу каля дзвярэй, а калі гэтага не атрымалася, раніцай пад відам пазапланавай праверкі ахоўнікі вывернулі смецце на ложак, разлілі каля смеццевага вядра ваду і раскідалі нашы нешматлікія рэчы. Супрацоўнік пагражаў нам: «Гэта толькі пачатак». Але, праўда, калі мы ўзбунтаваліся, начальнік ІЧУ забараніў здзекавацца з нас такімі спосабамі».

Бунт быў у тым, каб перастаць прытрымлівацца правіл. Напрыклад, арыштанты дэманстратыўна клаліся на ложкі пад самымі відэакамерамі у той час, калі ляжаць на іх было нібыта забаронена, не звярталі ўвагу на крыкі ахоўнікаў ці ўступалі з імі ў перапалку. Працавала гэта, пакуль палітычных было шасцёра і яны трымаліся разам.

Іван і яшчэ некалькі чалавек ад пачатку сутак трымалі галадоўку.

«Праз гэта двойчы прыязджалі з пракуратуры, пыталіся, ці не б’юць нас. А калі мы спрабавалі распавесці пра тое, што нам не даюць спаць, уключаюць святло і часам радыё па начах, трымаюць у перанаселеных камерах, здзекуюцца, яны ставіліся да гэтага спакойна і прасілі нас не расказваць больш нічога.

Праз галадоўку пра нас увесь час нібыта турбаваліся. Казалі, што мы шкодзім сабе і праз трывогу пакутуюць нашы блізкія, але лісты ад іх не перадавалі і не прапаноўвалі палепшыць умовы ўтрымання».

У выніку галадоўку вырашылі скончыць, але, прызнаецца, Іван пасля пра гэта пашкадавалі.

«Дадатковыя праверкі, перанаселенасць камеры, начныя пабудкі з патрабаваннем назваць прозвішча, забарона на ежу ў перадачах, апроч сухароў, печыва ці хлеба (мне, як вегетарыянцу, дазвалялі яшчэ арэхі і сухафрукты), забарона на перапіску. З асабістых рэчаў пакідалі толькі адзенне, туалетную паперу і, калі пашанцуе, зубную пасту і шчотку. Умовы былі максімальна набліжаны да карцара. А апошнія дні перад вызваленнем нас сталі па вечарах запіраць на некалькі гадзін у сапраўдны карцар».

Распавесці пра ўмовы за кратамі бабруйчанін вырашыў, бо перажывае, што такая практыка будзе працягвацца.

«Тады іншым людзям, як і нам, давядзецца прыняць душ адзін раз за 30 сутак, мерзнуть праз недахоп адзення і коўдр, пару дзён піць моцна хларыраваную ваду, застацца без лістоў блізкіх і з’ехаць дадому на машыне разам з міліцыяй, каб не дай бог у варот ІЧУ цябе не абняў родны чалавек».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.5 (оценок:16)