Фядута: «За 25 гадоў здольнасьць Лукашэнкі ўступаць у дыялёг зьнікла»

Доктар гуманітарных навук Аляксандар Фядута на Радыё Свабода — пра антрапалягічны сэнс пандэміі.

— Калі я хварэю, я аддаю перавагу таму, каб слухаць лекараў, а не палітыкаў. Мне здаецца, Лукашэнка зыходзіць з уласнага ўяўленьня аб сытуацыі, якое ён жа і сфармуляваў: «Ты вірус бачыла? Не. І я не». Ён не верыць у тое, чаго ён не бачыў і што не можа памацаць рукамі; такой пячорны рацыяналізм. І Лукашэнка, як заўсёды, чуе самога сябе і тых, хто на самай справе зьяўляецца яго рэхам, кажа тое, што, на іх думку, хоча пачуць прэзыдэнт.

Але ён — не прафэсіянал-мэдык. Ён думае не мэдычнымі катэгорыямі. І ў дадзеным выпадку ён павінен быў бы выслухаць і прыслухацца да прафэсійных мэдыкаў. Любы палітык, які прызвычаіўся да дыялягізму ў сваёй паўсядзённай практыцы, так бы і паступіў. Але за дваццаць пяць гадоў здольнасьць Лукашэнкі ўступаць у дыялёг папросту зьнікла. Яго палітыка маналягічная прынцыпова.

Не таму, што ён Бахціна і Бубера не чытаў, а таму, што ён сам па сабе ўжо не прадугледжвае магчымасьць існаваньня іншай ісьціны, акрамя яго ўласнай. Калі б было відавочна, што ён узважвае і аналізуе розныя варыянты, я быў бы гатовы паверыць у яго рацыю. Але ў «рацыю наўгад» паверыць я не магу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(23)