Фрыдман: «Танкi робяцца заходнім праектам, а Украіна атрымае нават больш, чым чакалася»
Германія дала згоду на пастаўку сваіх «Леапардаў» Кіеву. Филин абмеркаваў падзею з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Калі пасля чарговай сустрэчы кааліцыі «Рамштайн» стала вядома, што Берлін не даў згоду на пастаўку танкаў, некаторыя эксперты казалі, што справа ў любым выпадку зрушыцца. Магчыма, праз тыдзень, а можа, і праз месяц. Але пры гэтым будзе страчаны каштоўны час. Справа зрушылася значна хутчэй. Ці стала гэта нечаканасцю, і якія вам тут бачацца прычыны?
— На самой справе, нічога нечаканага тут няма. Міністр абароны ЗША Лойд Осцін яшчэ на паседжанні «Рамштайна» казаў пра тое, што часу на гэта не шмат, але ён яшчэ ёсць. Што цягам зімы гэтае пытанне будзе вырашанае.
Чаму яго вырашылі так тэрмінова? Тут ёсць цэлы шэраг фактараў — як знешнепалітычных, так і ўнутраных. Пачну са знешніх. Гэта найперш велізарны ціск на нямецкія ўлады — з боку ўсходнееўрапейскіх партнёраў, з боку Вялікабрытаніі і ЗША.
Злучаныя Штаты асабліва дэманстравалі сваю незадаволенасць праз прэсу, куды траплялі падрабязнасці размоваў дэлегацыяў ЗША і Германіі — да паседжання «Рамштайна» і ў часе яго. Размовы даволі жорсткія і непрыемныя для нямецкага боку.
Было шмат публікацый і ў еўрапейскай прэсе, шмат негатыўных выказванняў наконт Шольца і стрыманай пазіцыі Германіі. І ў гэтых публікацыях і выказваннях прасоўваўся тэзіс: калі Украіна цяпер пацерпіць сур’ёзную паразу, калі сітуацыя пачне развівацца па дрэнным для Кіева сцэнары, то вінаватыя ў гэтым будуць нямецкія палітыкі і асабіста Шольц.
Дыскурс гэты быў вельмі непрыемны для немцаў, і гэта ўзмацніла ціск.
Цяпер пра другі чыннік, унутрыпалітычны. Пазіцыя канцлера прывяла да канфлікту ў кіруючай кааліцыі нямецкага парламента, паколькі зялёныя і лібералы акурат падтрыміваюць пастаўкі ўзбраенняў Украіне.
Палітыкі, якія прадстаўляюць гэтыя партыі, крытыкавалі Шольца за ягоныя рашэнні і ягоную стрыманасць, якія, на іх думку, нясуць велізарную шкоду рэпутацыі краіны.
Нават былі прапановы з боку хрысціянскіх дэмакратаў да зялёных і лібералаў: сыходзьце ад Шольца, мы створым новую кааліцыю з хадэкамі на чале і пачнем дапамагаць Украіне на якасна іншым узроўні.
Пытанне вельмі хутка перайшло са знешнепалітычнага ўзроўню на ўнутраны ўзровень, і гэты сукупны ціск прымусціў Шольца дзейнічаць досыць хутка.
Акрамя таго, з’явілася інфармацыя пра тое, што амерыканцы ўсё ж выканаюць умовы канцлера ФРГ і адначасова паставяць «Абрамсы». І ў нямецкіх афіцыйных заявах сёння асабліва падкрэсліваецца адзiнства Захаду. Танкi робяцца заходнім праектам, а Украіна атрымае нават больш, чым чакалася.
Гэты момант я б таксама ўлічваў. Бо калі Байдэн прыме такое рашэнне, гэта пакажа, што нямецкі канцлер са сваёй стратэгіяй атрымае пэўны поспех. Бо гаворкі пра амерыканскія танкі да гэтых заяваў Шольца не было.
— Пра пастаўкі танкаў цяпер гаворыць не толькі Варшава, якая і раней была адной з самых актыўных у гэтым пытанні, але і Мадрыд. Нават Швейцарыя абвесціла пра магчымасць паставак зброі. Ці можна сказаць, што Шольц нарэшце адчыніў гэты танкавы шлюз?
— Са Швейцарыяй трошкі іншая гісторыя. Гаворка не ідзе пра тое, што яны будуць пастаўляць сваю зброю, гэта нейтральная дзяржава. Таму сваю зброю Швейцарыя не будзе пастаўляць. Дарэчы, як і Аўстрыя.
Тут ідзе гаворка пра тое, каб даць згоду на пастаўку зброі, у якой ёсць швейцарскія кампаненты. А ў еўрапейскай зброі такіх кампанентаў хапае. І гэта таксама абсалютна гістарычны крок з боку Швейцарыі. А тое, што Шольц, так бы мовіць, адчыніў шлюз, я пагаджуся.
Мы бачым, што іншыя краіны былі падрыхтаваныя да гэтага. Сёння дыскусія пра танкі ідзе ад Лісабона да Осла. І ўсе краіны, у якіх ёсць «Леапарды», акрамя, напэўна, Венгрыі і Турцыі, якія таксама маюць гэтыя танкі, але нічога пастаўляць не будуць, мусяць выказацца і нешта прапанаваць. Цяпер ідзе агульнаеўрапейская дынаміка.
Я б звярнуў увагу на яшчэ адзін аспект. Зараз уся ўвага надаецца дыскусіям вокол нямецкіх і амерыканскіх танкаў. Але ёсць яшчэ французская гісторыя: Макрон яшчэ колькі тыдняў таму даў загад ураду, міністэрству абароны вывучыць магчымасці пастаўкі французскіх танкаў.
Мне падаецца, што Францыя, хоць і маўчыць пакуль, у баку не застанецца. Думаю, трэба чакаць навінаў з Парыжу, французы таксама паставяць пэўную колькасць танкаў. Гэта будуць, канечне, не «Леапарды», іх у французаў няма. Але французскія танкі «Леклерк» — гэта таксама сучасная і эфектыўная заходняя тэхніка. Гэта толькі ўзмацніць украінскую армію.
— Прэс-сакратар Крамля Пяскоў заявіў, што амерыканскія «Абрамсы» згараць гэтаксама, як і іншыя танкі? Пра што сведчыць гэтая заява?
— Гэта тыповая рэакцыя Крамля, яны заўсёды так працуюць. Учора яны казалі, што пастаўкі «Леапардаў» пагоршаць стасункі, што гэта будзе чарговае парушэнне чырвоных рысаў. Спачатку яны палохаюць, а калі высвятляецца, што тэхніку ўсё ж будуць пастаўляць, з’яўляецца іншая рыторыка.
Маўляў, нічога страшнага ў гэтым для Расіі няма, што гэта старая тэхніка, металалом. Усё знішчым, усе задачы «спецаперацыі» будуць дасягнутыя. Гэта такая тыповая рыторыка.
Што цікава. Пакуль у Расіі кажуць, што не бачаць праблемы з заходнімі танкамі, абяцаюць іх спаліць, сёння ж міністэрства абароны Вялікабрытаніі прысвяціла свой штодзённы аналіз пытанню стану расійскіх танкаў.
Тых танкаў, якія расійскія войскі выкарыстоўваюць на фронце, якія плануюць туды адправіць. Па звестках брытанцаў, гэтая тэхніка знаходзіцца ў кепскім стане. Таму Пяскову варта было б паклапаціцца пра ўласныя танкі, а не разважаць пра тое, што яны зробяць з «Абрамсамі».
Читайте еще
Избранное