Фрыдман: «Для грузінскіх уладаў усё можа скончыцца дрэнна. Для Лукашэнкі скончылася добра, бо ён быў паслядоўны ў стаўцы на гвалт»
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман расказаў Филину, ці будзе мець працяг гісторыя скандальнага закона пра змежных агентаў у Грузіі.
— Палітычны аглядальнік Вадзім Дубноў мяркуе, што скандальны закон, які прасоўвае грузінская партыя ўлады, гэта не спроба спадабацца ці падыграць Расіі. Што гэта механізм для шэрага кардынала грузінскай палітыкі Бідзіны Іванішвілі захаваць свой кантроль над краінай.
І ўсё ж, абвінавачванні кіроўнай партыі ў прарасійскасці ўзніклі не на роўным месцы. Як так атрымалася, што пасля падзей 2008-га ў Грузіі ўмацаваліся лаяльныя да Расіі сілы, і ў цэлым немалая частка грузінаў мае прарасійскія настроі?
— Калі назіраць за грузінскай палітыкай, то можна сказаць пра пэўны кансэнсус у грамадстве — у Грузіі няма адкрыта прарасійскіх палітычных сілаў. Як, напрыклад, сацыялістычная партыя былога прэзідэнта Малдовы Дадона, ці малдаўскія камуністы і партыя Шор, якія сваёй прарасійскай арыентацыі і не хаваюць.
У Грузіі такога пасля вайны 2008 года не было. І пры Саакашвілі, і пасля таго, як да ўлады прыйшла «Грузінская мара», дэкларуецца празаходні накірунак, жаданне стаць членамі Еўрасаюза і НАТА. То бок, прынцыпова гэты празаходні вектар не змяніўся, змянілася іншае.
Калі пры Саакашвілі акрамя размоваў пра шлях у Еўропу ладзіліся рэформы, часам радыкальныя і неадназначныя, то пасля яго гэтыя памкненні засталіся на вербальным узроўні. Так, цяперашні ўрад дазваляе сабе крытыкаваць некаторыя еўрапейскія парадкі, але ён па-ранейшаму дэкларуе жаданне далучыцца да ЕС і НАТА.
І цяперашнія ўлады не артыкулююць сваю прарасійскасць. Але тое, што робіцца за кулісамі, можна расцаніць, як крокі ў адваротным накірунку. Гэта тычыцца і пытання Саакашвілі. Былы прэзідэнт Грузіі, безумоўная, з’яўляецца супярэчлівай асобай. І гэта яшчэ тое пытанне — ці ёсць яму за што адказваць.
Але тое, у якім ён цяпер стане, тое, што ён быў атручаны, выглядае на расправу над канкрэтным чалавекам. І з еўрапейскімі каштоўнасцямі гэта, безумоўна, не мае нічога супольнага.
Другі момант — стаўленне да вайны ва Украіне. Яно досыць халоднае з боку афіцыйнай Грузіі. Сапраўды, Кіеў тут мог разлічваць на іншыя адносіны. Тут жа пазіцыя такая: санкцыі мы не ўводзім, зброю не пастаўляем, для нас самае галоўнае, каб вайна не распаўсюдзілася і на нашую тэрыторыю.
І трэцяе — сённяшні грузінскі ўрад не хавае сваёй зацікаўленасці ў эканамічным супрацоўніцтве з Расіяй. Пра гэта яны кажуць досыць адкрыта. Але гаворка не пра тое, каб палепшыць стасункі з Расіяй. Аргументацыя выключна эканамічная: нам выгадна, каб у Грузію прыязджалі расейцы.
Што тычыцца настрояў у грузінскім грамадстве, то яны розныя, але тут няма такіх выразна прарасійскіх настрояў, як у Малдове. У Грузіі, якая перажыла вайну, у якой былі ахвяры, такой вялікай прыязнасці няма. А ёсць значная частка грамадства, якая негатыўна ставіцца да Расіі, і якая вельмі шчыра падтрымлівае Украіну.
Калі падсумаваць, то пазіцыя сённяшняй грузінскай улады такая: мы па-ранейшаму падтрымліваем памкненні ісці ў Еўропу, а з другога боку, мы выкарыстоўваем сітуацыю, каб палепшыць эканамічнае становішча, каб зарабіць для Грузіі. І, канечне ж, умацаваць сваю ўладу.
Бо відавочна, што Іванішвілі не жадае страчваць кантроль над краінай. І сам гэты закон пра замежных агентаў, на маю думку, і быў пераважна накіраваны на тое, каб калі не знішчыць ягоных апанентаў, крытыкаў «Грузінскай мары», то, прынамсі, значна ўскладніць ім жыццё.
— Тое, што партыя ўлады ў Грузіі адклікала скандальны закон — гэта хутчэй канец гісторыі, ці спроба ўзяць паўзу, ацаніць сітуацыю?
— Адзначу, што грузінская апазіцыя агучыла два патрабаванні: адкліканне гэтага закона, а таксама вызваленне затрыманых удзельнікаў пратэстаў. Гэты ўльтыматум быў агучаны на другі дзень пратэстаў.
Як павялі сябе грузінскія ўлады ў гэтай сітуацыі? Яны абралі найгоршы для сябе варыянт. Яны спачатку зладзілі разгон, ужылі гвалт. А потым пайшлі на кампраміс.
Калі ты ўжо абраў пэўны шлях, то мусіш ісці да канца. А калі ты ідзеш на кампрамісы, то дэманструеш тым самым сваю слабасць, і ў рэшце рэшт рызыкуеш прайграць.
Паўтаруся, у апазіцыі было два патрабаванні. Што зрабіла ўлада: яна адмовілася ад закона. Я думаю, што гэтая гісторыя скончылася, з законам яны паўтарацца не будуць. Бо ў апазіцыі атрымалася прадставіць яго, як расійскі.
Магчыма, каб да насельніцтва так шырока не дайшоў пасыл пра тое, што гэта «расійскі закон», не было б і такіх масавых пратэстаў. Грузінскае грамадства моцна абурыла тое, што ў 2023 годзе, ды яшчэ падчас вайны Расіі супраць Украіны, улада прасоўвае фактычна копію расійскага закона.
Гэты момант шмат каго ўзрушыў. Акрамя таго, многім вельмі не падабаецца тое, што ў Грузію тысячамі прыязджаюць расейцы — і гэта пасля падзей 2008-га. Стаўленне да Расіі тут па-ранейшаму досыць адмоўнае.
Такім чынам, спачатку ўлады робяць стаўку на гвалт, а цяпер — на кампраміс, чым паказваюць сваю слабасць. І апазіцыя ў такой сітуацыі кажа: «Не, мы паглядзім, што будзе далей. Мы не спыняем свае акцыі». Апазіцыя адчула сваю моц.
Таму ўлады Грузіі апынуліся ў цяжкім становішчы. Калі яны працягнуць выконваць і далей патрабаванні апазіцыі, то гэтых патрабаванняў будзе ўсё больш і больш.
А калі не будуць, а працягнуць ужываць гвалт, то на вуліцы можа выйсці яшчэ больш пратэстоўцаў. Хто ведае, у якім стане сёння знаходзіцца грузінскае грамадства? Магчыма, людзі ўжо не гатовыя цярпець нават такія рэверансы ў бок Масквы.
Думаю, гэтая гісторыя яшчэ не скончылася. А што тычыцца ўрада, то ён моцна рызыкуе, бо ў такіх выпадках важная паслядоўнасць, інакш усё можа скончыцца дрэнна. Асабіста для Лукашэнкі скончылася добра, бо ён быў паслядоўны ў сваёй стаўцы на гвалт.
Для Януковіча скончылася дрэнна, бо ён увесь час лавіраваў паміж гвалтам і кампрамісамі. Пермовы — гвалт, перамовы — гвалт. Вынік — панаванне Януковіча скончылася.
— Незадоўга да гэтых падзеяў афіцыйны Мінск актывізаваў кантакты з кіраўніцтвам непрызнанай Абхазіі. Цяжка сказаць, ці па сваёй уласнай волі Лукашэнка рабіў гэта. Ці мае гэтая актыўнасць патэнцыял для таго, каб абвастрыць і без таго напружаную сітуацыю ў Грузіі?
— Гэта актыўнасць можа паўплываць у тым сэнсе, што ў такім выпадку ад грузінскіх уладаў будуць патрабаваць рэакцыі. Бо адказ на апошнюю актыўнасць быў тыповым для сённяшняга ўраду — ён быў вельмі слабым. Яны асудзілі Лукашэнку за паездку ў Абхазію і за прыём прэзідэнта Бжаніі ў Мінску. Больш там ніякіх сур’ёзных адказаў не было.
Яны трошкі пажурылі Лукашэнку і працягваюць далей супрацоўнічаць, бо зацікаўленыя ў тым, каб ляталі самалёты, каб гандаль не спыняўся.
Калі ж афіцыйны Мінск зробіць нейкія новыя крокі ў дачыненні да Абхазіі, то ў сённяшніх умовах грузінскім уладам, калі яны захаваюцца на чале краіны, давядзецца паводзіцца больш рашуча ў дачыненні да Лукашэнкі.
Бо гэта ўсё ж не Расія, з ім можна больш жорстка сябе паводзіць. Так што тэарэтычна справа можа дайсці і да разрыву дыпламатычных адносінаў. Але пакуль што гэта малаверагодна. Я не думаю, што Лукашэнка будзе так ужо ўмешвацца ў грузінскія падзеі.
Хаця, нічога выключаць нельга. Асабліва, калі звярнуць увагу на дзяржаўную прапаганду Беларусі, якая сёння звярнулася да грузінскай тэмы і сцвярджае, што сённяшнія падзеі ў Грузіі і жнівень-2020 у Беларусі маюць аднолькавую прыроду.
Не выключана, што тут Лукашэнка можа і не вытрымаць як мінімум у эмацыйным плане, у плане нейкіх абразаў. І ўсё ж гэта пакуль малаверагодна. Не думаю, што нешта будзе рабіць і Расія.
Крамлю выгадна, каб ва ўладзе захаваўся менавіта сённяшні ўрад. Бо ён для іх прадказальны, гэта найлепшае на сёння для Масквы, што магло б быць у Грузіі.
Калі да ўлады нейкім чынам прыйдзе апазіцыя, а нават і прыхільнікі Саакашвілі, што прадугледжвае яго вызваленне і ўключэнне ў палітычную сістэму, такі рэнесанс экс-прэзідэнта Грузіі для Расіі быў бы фатальным.
Бо Масква атрымае такім чынам сур’ёзную праблему на Каўказе. І таму расейцы будуць паводзіць сябе вельмі стрымана. Гэта ўжо адбываецца, мяркуючы па асцярожных заявах прэс-сакратара Пуціна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное