Фонд Пракапені закупіў планшэты, каб раздаць дзецям з-пад Оршы. А бацькі спалохаліся і не сталі браць

Першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын, дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі і бізнэсмен Віктар Пракапеня 21 снежня наведалі школьнікаў з горада Барань і гарадскога пасёлка Балбасава. Яны падарылі вучням падарылі 600 планшэтаў.

На тэхніцы ўсталяваны спецыяльны дадатак, які распрацавалі кампаніі Facemetrics і Playgendary, рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій. Абсталяванне кантралюе час работы дзяцей за планшэтам з дапамогай «камп'ютарнага зроку».

Праграма распазнае нават рухі вачэй школьніка і разумее, што той робіць. Умоўна кажучы, каб пачаць нейкую гульню, школьнік мусіць спачатку выканаць хатняе заданне або прачытаць нейкі тэкст для развіцця.

Такім чынам дзіця мусіць стымулявацца да вучобы.

Так выглядаюць тыя планшэты. Каб пагуляць, дзіця павінна пачытаць, напрыклад, беларускамоўную літаратуру

Па сутнасці — гэта дабрачынны праект, скіраваны на развіццё дзяцей, якія большасць часу за гаджэтамі праводзяць у гульнях.

Як нам вядома, агулам закупленыя планшэты каштуюць каля $ 250 тысяч.

Але як расказалі «Нашай Ніве» людзі, знаёмыя з сітуацыяй, гэты праект ледзь не сарваўся пры абсурдных абставінах:справа ў тым, што візіт праграмістаў у школы Барані і Балбасава ўжо не першы, бо з першага разу бацькі школьнікаў… проста адмовіліся браць тыя планшэты.

«Калі іх прапаноўвалі першы раз, пачалося неймавернае — бацькі школьнікаў адмаўляліся ад бясплатных планшэтаў пад абсурднымі нагодамі. «Я не буду браць, бо вы потым скажаце, што мы скралі яго і напішаце заяву ў міліцыю. Бо рэч дарагая — як гэта бясплатна?», — казалі яны. Іншыя палічылі, што за іхнімі дзецьмі будуць сачыць, што яны — «палігон», на якім мы адпрацоўваем нейкія шпіёнскія праграмы. Цяжка паверыць у гэта, з такой цемрай мы сутыкнуліся! Па выніку Пракапеня паехаў туды з чыноўнікамі, якія расказалі людзям, што гэта ўсё сапраўды бясплатна і сапраўды для таго, каб іх дзеці вучыліся», — расказалі «Нашай Ніве» крыніцы.

Бацькі спалохаліся вось гэтай паперы, якую ім далі на подпіс: у ёй папярэджваецца, што праграма будзе фіксаваць твар дзіцяці на відэа і перасылаць яго на сервер — гэта патрэбна для таго, каб штучны інтэлект прааналізаваў рухі вачэй і зрабіў выснову, чым займаецца дзіцё, ці сапраўды яно чытала, або проста глядзела ў экран, умоўна. Але мала хто зразумеў сэнс напісанага.

Выглядае, што з другой спробы і пры дапамозе высокіх чыноўнікаў усё атрымалася.

«Дзеці выглядаюць шчаслівымі», — кажуць тыя, хто прысутнічаў на перапрыемстве.

Мы таксама звярнуліся да Віктара Пракапені з просьбай пракаментаваць сітуацыю, ён пацвердзіў згаданыя факты.

— У Беларусі нізкі узровень даверу насельніцтва адзін аднаму. Важна, што гаворка ідзе не пра ўзровень даверу дзяржаве, а пра ўзровень даверу адзін аднаму. Я вельмі веру, што гэты давер будзе расці, без яго не бывае росквіту і эканамічнага росту. Вельмі хочацца, каб у нашай краіне ўсё верылі ў тое, што цуды бываюць — хаця б на Новы Год! — сказаў ён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)