Лица

Фолк-фэст «Камяніца» абяцае разнастайную музыку і суцэльны пазітыў

Абвешчаны спіс асноўных ўдзельнікаў фолк-фэсту «Камяніца», які адбудзецца 4 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам. Усе сродкі ад продажу квіткоў ідуць на рахункі музею.

Да хэдлайнераў, якімі ў гэтым годзе будуць славутыя "Троіца" і "Палац", далучыліся гурты "Маланка Аркестр", Akana, "Бан-Жвірба" і GUDA. Акрамя гэтага плануюцца выступы маладых калектываў (прапановы прымаюцца на мэйл kamyanitsa@gmail.com), а таксама народныя гульні і забавы.

– Мы жадаем паказаць розныя бакі сучаснай беларускай фольк-культуры, таму на фэсце будуць не толькі архаічныя спевы і туга, але і сучасныя эксперыменты і шмат пазітыву, – распавядае каардынатар фэсту Сяргей Чэгрынец. – Таксама наведвальнікі фэсту будуць мець магчымасць аглядзець усю экспазіцыю музею і проста добра пашпацыраваць сярод лугоў і аўтэнтычных драўляных забудоў 18-20 стагоддзяў.

У гэтым годзе фэст таксама распачынае традыцыю запрашэння адмысловых гасцей. Вядомыя выканаўцы з іншых музычных напрамкаў будуць у межах фэсту спяваць народныя песні. Першым з іх будзе вядомы рок-музыка Лявон Вольскі.

– Запрашэнне было досыць нечаканым, але тым больш цікавым, – прызнаецца Лявон Вольскі. – Будзем прэзентаваць невялікую адмысловую праграму з акустычнымі інструментамі. Спадзяюся, што фолк-дзеячы не раскрытыкуюць наш эксперымент.

Дарэчы, у гэтым годзе даехаць да фэсту будзе значна прасцей. Ад прыпынку "Малінаўка-6" (скрыжаванне вуліц Громава і Слабадской) да музею і ад яго з 13 да 22 гадзін будзе ездзіць бясплатнае маршрутнае таксі. Акрамя таго да музею і з ад яго можна будзе даехаць аўтобусам №203 ад аўтастанцыі "Паўднёва-Заходняя", які ў гэты дзень будзе хадзіць часцей і пазней, чым звычайна.

4 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту (в.Азярцо, 4 км. за аўтарынак "Малінаўка") фолк-фэст "Камяніца". Квіткі: 6300 руб. для дарослых, 3150 руб. для школьнікаў. Фэст працягнецца з 15 да 22 гадзіны. Папярэдні продаж квіткоў – вул. Кальварыйская 17 – 614, тэл. (017) 209 41 63. Папярэдняя рэгістрацыя, відэа ўдзельнікаў і дадатковая інфармацыя на сайце //fest.kamyanitsa.by.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)