Общество
Аліна Таранік

Fashion-акцыя на дарозе. Дазволеная (фота)

У Мінску адбыўся Fashion Scooter Fest. Гэта адзіны афіцыйна дазволены транспартны прабег за апошнія месяцы. Удзельнікі распавялі, навошта ладзіўся фэст, далі ацэнку скутэрам айчыннага вытворцы ды пажаліліся на падвышэнне кошту на паліва.

У пятніцу апоўдні ўладары «тыповага італьянскага» гарадского транспарту сабраліся на пляцоўцы перад помнікам Калініну. Мэта фэсту – паказаць, што скутэрысты заслугоўваюць увагі кіроўцаў аўто, бо яны «сур'ёзна паводзяць сябе на дарогах». Хлопцы ў дзелавых строях ці апранутыя па-байкерску, дзяўчаты ў вечаровых сукенках ды на абцасах. Такім чынам маладыя людзі хацелі паказаць, што скутэр камфортны для перасоўвання ў любы момант жыцця.

У некаторых удзельнікаў ёсць самаход, але летам для большай зручнасці аддаюць перавагу скутэрам. Іх можна прыпаркаваць дзе заўгодна, бо яны невялікія па памерах і змяшчаюцца паўсюль.

З прыўзнятым настроем скутэрысты вырушылі прабегам па цэнтры сталіцы. Блізу сарака чалавек праехалася калонай да «Мотавела», на якім была запланавана экскурсія. Але на завод іх так і не пусцілі, бо «сабралася замнога людзей».

Па абедзе даехалі да парку Горкага, дзе «Мотавела» прэзентавала мадэлі айчынных скутэраў ды матацыклаў. Дарэчы, пераважная большасць удзельнікаў прабегу прыехала на кітайскіх, японскіх, англійскіх транспартных сродках.

– Беларускі вытворца збірае скутэры з таго ж англійскага ды кітайскага напаўнення. А каштуюць айчынныя мадэлі нязначна меней, чым замежныя скутэры. Пахадзіце там, налепачкі пааддзірайце, даведаецеся, што амаль няма ў мінскага заводу нічога свайго, – параілі карэспандэнту «Салідарнасці» знаўцы двуколага маторнага транспарту.

Прадстаўніца «Мотавела» адзначыла, што ёсць мадэлі, у якіх да 90 % дэталяў «родныя».

– Галоўнае, што рукі, якія збіраюць, беларускія, – перавяла ў жарт дзяўчына.

Праз нейкі час у парку скутэры ды матацыклы, «сабраныя беларускімі рукамі», праходзілі тэст-драйв, у якім маглі прыняць удзел усе жадаючыя пры наяўнасці правоў на кіраванне. Прадукцыя мінскага заводу ўражання не зрабіла: па словах удзельнікаў, задняе гальмо занадта рэзкае, тое ж з пераключэннем перадач, ды і ўвогуле дзіўнавата сябе адчуваеш, калі сядзіш.

– Лухта, – лаканічна адрэзала адна з удзельніц тэст-драйву.

– Скутэры дык нічога, праўда, невядома, як яны сябе паводзяць на большай хуткасці. А матацыкл вельмі дзіўны. Здаецца, зроблены як дарожны, але пасадка чамусьці спартовая. На першай перадачы немагчыма ехаць, быццам і няма яе зусім.

Пры тым, што звычайныя скутэры спажываюць у сярэднім два-тры літры паліва на сто кіламэтраў, удзельнікі паскардзіліся на падаражэнне бензіну.

– Мы, канешне, гэтага росту не ўхваляем. Кошт на бензін расце, а стыпендыі застаюцца былымі. Па кішэнях б'е, таму ездзім усё меней, – паведаміў студэнт, які браў удзел у фэсце.

Цікава, што Fashion Scooter Fest стаўся адзіным прабегам у сталіцы, які не забаранілі. Нагадаем, у красавіку–ліпені аўтамабілісты праехалі калонай па Мінску падчас акцый «Стоп-бензін», за што былі пакараныя штрафамі. 26 ліпеня ўлады сталіцы забаранілі экалагічны велапрабег, бо збаяліся, што да яго далучацца ўдзельнікі суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)