Политика
Анастасія Зелянкова

Еўрапейскія палітыкі адзначылі ўгодкі БНР

Беларуская дэлегацыя ў складзе лідэраў дэмакратычных партый і грамадскіх актывістаў сустрэлася з прадстаўнікамі Еўрапарламенту. Пра тое, якія пытанні ўзнімаліся ў Страсбургу і як Еўропа адзначае 90-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі, “Салідарнасці” расказала старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.

Адзначыць тыдзень Беларусі ў Еўрапарламенце былі запрошаны таксама былы спікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і яго намеснік Вінцук Вячорка, лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Партыі камуністаў Беларусі Сяргей Калякін, палітык Мікола Статкевіч і дачка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна Вольга.

— Сапраўднай падзеяй стала з’яўленне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, — ўспамінае Жанна Літвіна. — Яе віталі як легендарную асобу, а ўсё яе выступы суправаджаліся шчырымі апладысментамі. Яна выказала спадзяванні, што хутка Беларусь нарэшце стане той краінай, пра якую мы ўсе марым.

Асноўнай тэмай, якая гучала падчас сустрэч, было зняволенне Аляксандра Казуліна.

— Гэтая тэма дагэтуль выклікае вялікі боль і непаразуменне ў еўрапейскіх палітыкаў. Яны не могуць уцяміць, чаму афіцыйны Мінск дагэтуль не робіць ніякіх крокаў па вызваленні палітвязня. Прысутнасць на гэтых сустрэчах дачкі Казуліна Вольгі зрабіла пытанне яшчэ больш вострым.

Сярод тэм, якія ўзнімаліся падчас гутаркі, была і тэма зніжэння коштаў шэнгенскай візы для Беларусі. Сташыня БАЖ мяркуе, што ў хуткім часе гэтае пытнне можа-такі зрушыцца з месца.

— Адной з прыярытэтных тэм, якая таксама шырока абмяркоўвалася ў Страсбургу, была праблема СМІ ў Беларусі. Пакуль існуе ціск на свабоду слова, пакуль зачыняюцца незалежныя выданні і забараняецца распаўсюд і друк пэўных газет і часопісаў, немагчыма казаць пра развіццё дэмакратыі ў краіне. Мы таксама казалі пра неабходнасць адмены ці хаця б увядзення мараторыя на пяць самых адыёзных артыкулаў ў беларускім заканадаўстве. Гэта артыкулы 367-369 Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць пакаранне за абразу і паклёп на прэзідэнта, артыкул 193 прым. (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), а таксама артыкул за дыскрэдытацію Беларусі і за межамі краіны.

Падчас візіту беларускія палітыкі мелі сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента Гансам-Гертам Поттэрынгам, камісарам ЕС па знешнім пытанням Бенітай Ферэра-Вальднер і іншымі еўрапейскімі дыпламатамі.

Удзельнікам беларускага тыдня ў Еўропе быў таксама прадстаўленыя фільм Юрыя Хашчавацкага і Уладзіміра Арлова пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі, выстава твораў мастакоў Аляксея Марачкіна і Рыгора Сітніцы і фотамастака Ігара Красеўскага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)