Эўрапейцам не хапае ведаў
Днямі дэлегацыя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі наведала Брусэль, дзе правяла сустрэчы з кіраўнікамі Эўрапарлямэнту і Эўракамісіяў. У складзе дэлегацыі былі старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, намесьнік старшыні Сяргей Навумчык, сакратар унутраных справаў Вячка Станкевіч ды супрацоўнік сакратарыяту вонкавых справаў Мікола Пачкаеў. “Салідарнасць” папрасіла Сяргея Навумчыка падзяліцца сваімі ўражаньнямі пра сустрэчы.
Па-першае, да гэтага часу шмат хто глядзіць на Беларусь праз прызму Масквы. Яны ўсё яшчэ спадзяюцца, што Расея “дэмакратызуе” Беларусь — не асабліва зважаючы на тое, што ў самой Расеі набываюць моц зусім не дэмакратычныя працэсы. Ну і, канешне, некаторыя тэорыі ім укладаюць у вушы маскоўскія палітыкі, а мы ведаем, што ў Расеі нават дэмакраты за рэдкім выключэньнем скептычна ставяцца да ідэі беларускае незалежнасьці.
Па-другое, як ні сумна гэта казаць, але аб’ём ведаў пра Беларусь у сярэднестатыстычнага эўрапейскага палітыка зьмесьціцца на палове старонкі машынапіснага тэксту. Прывяду адзін красамоўны прыклад. Асноўным аргумэнтам для прыхільнікаў утварэньня расейскамоўнага вяшчаньня на Беларусь зьяўляецца т.зв. “рэфэрэндум” 1995 года, які ўсталяваў дзьвюхмоўе. Мне давялося распавядаць у брусэльскіх офісах, зь якімі фальсыфікацыямі адбываўся гэты “плебісцыт” і як ён прызначаўся. А прызначаўся ён, як вядома, праз зьбіцьцё дэпутатаў апазыцыі БНФ непасрэдна ў Авальнай залі Вярхоўнага Савету. Эўрапейскія парлямэнтарыі ня верылі, што такое магло быць (“Як, непасрэдна ў залі парлямэнту?”). Для мяне ж зьдзіўленьнем было тое, што пра гэты сапраўды ўнікальны эпізод палітыкі чуюць упершыню. А яны ж шмат разоў сустракаліся зь цяперашнімі лідэрамі беларускае апазыцыі. Выглядае, што зь нейкіх прычынаў менскія апазыцыянэры не зацікаўленыя ўзгадваць тыя падзеі — магчыма, таму што некаторыя самі нясуць маральную адказнасьць за іх, бо былі пры Лукашэнку. Іншым жа, магчыма, ня хочацца гэта ўзгадваць, таму што тады прыйдзецца ўзгадваць Пазьняка, Навумчыка і іншых, на імёны якіх у вуснах цяперашніх апазыцыянэраў накладзена табу, у чым я неаднаразова пераконваўся. У любым разе, гэта той самы выпадак, калі ўласныя амбіцыі шкодзяць агульнай справе.
Яшчэ адна акалічнасьць. У амэрыканскіх і эўрапейскіх унівэрсытэтах няма кафэдраў, якія б спэцыялізаваліся па Беларусі. І віна ў гэтым зусім не заходніх навукоўцаў. Я б сказаў, што гэткая сытуацыя адлюстроўвае стаўленьне беларусаў да саміх сябе: мы цікавыя Захаду роўна настолькі, наколькі самі паважаем ўласную гісторыю. І, дарэчы, у чым мы абсалютна сышліся з кіраўнікамі эўрапэйскіх структураў — будучыня нашай краіны будзе вырашацца не ў Брусэлі ці Вашынгтоне, а ў Менску.
Читайте еще
Избранное