Эўрапарлямэнт ухваліў тэкст рэзалюцыі па Беларусі

Эўрапарлямэнт ухваліў тэкст рэзалюцыі па Беларусі: ў ёй прапануецца прыпыніць візавыя санкцыі на паўгады. Праект быў падрыхтаваны і ўнесены на разгляд пяцьцю фракцыямі Эўрапарлямэнту. Ён быў ухвалены абсалютнай большасьцю галасоў. За прагаласавала 597 дэпутата, супраць — 31.

Учора ў Эўрапарлямэнце адбыліся дэбаты па сытуацыі ў Беларусі пасьля мінулых выбараў у Палату прадстаўнікоў. Усе прамоўцы выказваліся за дыялёг з афіцыйным Менскам і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі.

У праекце рэзалюцыі прапануецца прыпыніць візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгоду — з тым, каб за гэты час быў прынамсі перагледжаны нядаўні дыскрымінацыйны закон аб СМІ ў Рэспубліцы Беларусь. Прапанова прыпыніць візавыя санкцыі не закранае асоб, якія арганізоўвалі парлямэнцкія выбары. У праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнту гэтыя выбары прапанавана не прызнаваць свабоднымі і дэмакратычнымі.