Общество
Анастасія Зелянкова

Энцыклапедыя “ВКЛ” аказалася бясплатнай

Лепшым выданнем мінулага года стаў першы том энцыклапедыі “Вялікае княства Літоўскае”. Учора ў Паставах падчас святкавання Дня беларускага пісьменства адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання. Разам з энцыклапедыяй “ВКЛ” першую прэмію атрымалі кніга Віктара Альшэўскага “Уражанне раўнавагі, або Лесвіца ўверх”, а таксама фотаальбом “АЛМАЗ в действии”.

Суседства гэтых трох кніг падаецца даволі дзіўным, хоць і ў пэўнай ступені паказальнае. Прычым найбольш нечаканым у гэтым спісе выглядае якраз “ВКЛ” — асабліва ўлічваючы ўсе тыя размовы, што вяліся вакол выдання. Хадзілі нават чуткі, быццам бы праца над другім томам кнігі прыпынена, паколькі нехта “зверху” палічыў, што кніга не адпавядае сучасным ідэалагічным устаноўкам.

І вось на днях стала вядома, што другі том энцыклапедыі нарэшце падпісаны ў друк. Як запэўнілі карэспандэнта “Салідарнасці” ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя”, літаральна праз месяц кніга з’явіцца на паліцах кнігарняў.

— Тыдзень таму мы здалі гэты том на фабрыку каляровага друку, — патлумачыў галоўны рэдакатар выдавецтва Генадзь Пашкоў. — Зараз шукаем паперу. Магчыма, дзесьці ў кастрычніку кніга ўжо з’явіцца.

Між тым, тое, што выхад адбудзецца пазней запланаванага таксама выклікае шмат пытанняў. Прынамсі, многія ўпэўнены, што затрымка адбылася з-за таго, што выдавецтву прыйшлося ўзгадняць змест кнігі ў Міністэрстве інфармацыі. Кажуць, што пасля першага прагляду карэктуры выхад быў пад пагрозай.

— Такія чуткі справядлівыя толькі напалову, — распавядае мастак Зміцер Герасімовіч, які рабіў афрмленне абодвух выданняў. — Насамрэч, яшчэ адпачатку дазволіць выхад падобнай энцыклапедыі было вялікай рызыкай з боку чыноўнікаў — неабходна тады прызнаць факт існавання зусім іншай гісторыі, адрознай ад сённяшняй афіцыйнай. Многае з таго, што было надрукавана ў першым томе, не спадабалася нашым ідэолагам. Аднак калі кніга атрымала міжнароднае прызнанне і пачала заваёўваць узнагароды, стаўленне да яе змянілася. Цікава, што ў другім томе ў складзе рэдкалегіі нават дапісаны некаторыя прозвішчы з ліку такіх вось зацятых чыноўнікаў-ідэолагаў (зразумела, ніякага дачынення да падрыхтоўкі выдання гэтыя людзі не маюць). Проста ўсе яны разумеюць, што гэтыя часы некалі скончацца, а кніга застанецца, і будзе потым для іх своеасаблівым апраўданнем: маўляў, нават у той нялёгкі час мы рабілі ўсё магчымае.

Тым не менш другі том, як сцвярджаюць, выйдзе са значнымі купюрамі. Па словах аўтараў, некаторыя артыкулы, што падаліся чыноўнікам асабліва ідэалагічна не вытрыманымі, проста выкінулі, іншыя — заўважна скарацілі. Калі ў першым томе змяшчаюцца слоўнікавыя артыкулы на 11 літар (ад А да К), то ў другім у адну кнігу ўдалося загнаць астатнія 21.

— Проста ў першым томе былі больш распаўсюджаныя літары, — патлумачыў гэтую акалічнасць Генадзь Пашкоў. — Вы ж самі разумееце, што на літару У ці Я многа паняццяў не набярэцца. Дарэчы, другі том будзе большы па памерах. А цэнзуры ў нас ніякай няма. З усёй адказнасцю магу сцвярджаць: ніхто з міністэрства папярэдне кнігу не чытаў. А тое, што выхад кнігі быў крыху затрыманы, звязана выключна з тэхнічнымі праблемамі. Трэба было апрацаваць вельмі шмат матэрыялу, а спецыялістаў у нас не многа. І ніякага падвоху тут не шукайце.

Ёсць і яшчэ адна акалічнасць, па якой выхад кнігі быў затрыманы. Нягледзячы на тое, што энцыклапедыя “Вялікае кніяства Літоўскае” часткова фінансавалася Міністэрствам інфармацыі, многія аўтары дагэтуль не атрымалі ганарараў за першы том, які выйшаў у 2005 годзе.

— Грошы не выплацілі ўсім пазаштатным аўтарам, — расказвае Зміцер Герасімовіч. — Кажуць, што няма чым. Некаторую частку ўласнага ганарару прыйшлося ўзяць гэтымі ж самымі кнігамі — ды і тыя ў бухгалтэрыі палічылі па поўным кошце, практычна з усімі надбаўкамі. Так вось і атрымліваецца, што працуеш бясплатна. Дарэчы, для мяне гэта ўжо чацвёртая кніга, за якую не расплацілася выдавецтва. Адзінае, што не дае кінуць працу, гэта разуменне, навошта ты гэта робіш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)