Экспэрт пра пагрозы Лукашэнкі: «Для Літвы гандаль зь Беларусьсю складае толькі 2-3%»
Барташ Хмялеўскі з польскага парталу «Балтыйскі агляд» лічыць, што ідэю Аляксандра Лукашэнкі аб увядзеньні эканамічных контрасанкцыяў супраць Літвы, празь яе падтрымку беларускіх пратэстаў і апазыцыі, наўрад ці можна разглядаць як сур’ёзную, піша Радыё Свабода.
Такія санкцыі могуць нашкодзіць беларускаму боку больш, чым літоўскаму, лічыць экспэрт.
«Насуперак таму, што Аляксандр Лукашэнка заявіў у СМІ, Літва не атрымлівае 30% свайго ВУП ад транзыту беларускіх тавараў. Беларусь зьяўляецца 7-ым або 8-ым гандлёвым партнэрам Літвы, а гандаль з гэтай краінай складае ўсяго 2-3% ад усяго гандлю Літвы.
Любое перанакіраваньне беларускага транзыту ў іншыя парты можа паўплываць на сытуацыю зь літоўскай чыгункай і портам у Клайпедзе, якія атрымліваюць прыбытак ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Аднак гэта ня той маштаб, які можа прывесьці іх да фінансавага крызісу».
Паводле польскага экспэрта, увядзеньне такіх санкцый можа больш нашкодзіць Беларусі. Ён сумняецца, што Менск перанясе ўвесь транзыт, напрыклад, у парты Латвіі.
«Беларускі экспарт, верагодна, прыйдзецца накіраваць у Расею. Гэта прывядзе да павелічэньня выдаткаў, але таксама зробіць Беларусь больш залежнай ад Расеі».
Літоўскае міністэрства эканомікі і інавацыяў лічыць, што такія санкцыі ўдарылі б найперш у беларускія кампаніі. Свае актывы ў літоўскім порце мае, напрыклад, «Беларуськалій».
Читайте еще
Избранное