Кризис
Руслан Гарбачоў, «Завтра твоей страны»

Эксперт: Лібералізацыя можа прывесці да самавольства ў выплаце заробкаў

У чэрвені чакаецца прыняцце дэкрэта прэзідэнта аб рэфармаванні сістэмы аплаты працы. Галоўнае пытанне -- ці варта адмяняць дзяржаўнае рэгуляванне арганізацыі заработнай платы ў выглядзе Адзінай тарыфнай сеткі?

Яно ўжо сталася прадметам спрэчкі паміж Міністэрствам эканомікі і прадстаўнікамі бізнес-колаў, з аднаго боку, і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, з другога. Сітуацыю каментуе галоўны рэдактар часопіса «Юридический мир» Аляксандр Горбач.

– Ці не маглі б вы спачатку даць агульную ацэнку мерапрыемстваў па лібералізацыі беларускай эканомікі? Наколькі эфектыўныя крокі, якія прадпрымае дзяржава?

– У цэлым прынятыя з мінулай восені захады па лібералізацыі можна ацэньваць пазітыўна. За апошнія гады дзяржава сапраўды вельмі моцна зарэгулявала эканоміку -- бізнес проста лямантаваў. Са зробленага можна вылучыць як пазітыў значнае спрашчэнне рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання і вядзення знешнеэканамічнай дзейнасці.

Але некаторыя моманты лібералізацыі сёння палохаюць юрыстаў. Па-першае, гэта хуткасць змены заканадаўства – мы не паспяваем усё адсочваць. Па-другое, многія зробленыя крокі падаюцца спрэчнымі.

– Што канкрэтна вы маеце на ўвазе?

– Як спецыяліст ў галіне працоўнага права я асабліва неадназначна ацэньваю змены, што адбываюцца і маюць у бліжэйшы час адбыцца ў арганізацыі заработнай платы.

Нагадаю, што на пачатку года прэзідэнт падпісаў Дэкрэт № 2 і Указ № 49, якія паслабілі дзяжаўнае рэгуляванне заробкаў і далі трошкі больш свабоды наймальнікам. Дэкрэтам № 2 быў устаноўлены нарматыў, згодна з якім сума сродкаў, што накіроўваюцца на выплату прэмій і надбавак працаўніку і адносяцца на сабекошт прадукцыі, можа быць ў межах 80% ад сумы заробкаў. Прасцей кажучы, калі ваш аклад 1 млн рублёў, то цяпер можна атрымаць яшчэ 800 тысяч рублёў прэміі, якая не будзе абкладацца падаткам. На пачатку гэта пазіцыяніравалі як вельмі значны крок, што развязваў наймальнікам рукі і даваў магчымасць моцна падняць заробкі. Насамрэч нічога значнага не адбылося, бо і раней да сабекошту, які не абкладаецца падаткам, дазвалялася адносіць стымулуюючыя выплаты ў памеры тых жа 80% тарыфнай стаўкі. Іншая справа, што яны былі канкрэтна падзеленыя: прэмія – 30% тарыфнай стаўкі, надбаўка за складаны характар работы і выкананне асабліва важнай працы – 30%, надбаўка за стаж – 20%. Цяпер жа наймальнік сам можа вырашаць, каму, за што і колькі даваць прэміі.

З аднаго боку, добра, што у наймальніка стала больш свабоды. З іншага -- вялікі мінус у тым, што ў яго з’явілася глеба для суб’ектыўнай ацэнкі працы. Так, свайму любімчыку дырэктар прадпрыемства можа налічыць надбаўку ці прэмію ў памеры 80% ад акладу, а некаму ўвогуле нічога. І «абдзелены» работнік не можа нікуды паскардзіцца.

Кажучы пра выплаты стымулюючага характару (прэміі і надбаўкі), варта падкрэсліць і яшчэ адзін момант. Калі чалавек уладкоўваецца на працу, то ведае, што абяцаны яму заробак у асноўным сканцэнтраваны ў акладзе і ён яго ў любым выпадку атрымае. Зусім іншая рэч, калі наймальнік паабяцае заробак, умоўна кажучы, у мільён рублёў, але амаль палова гэтай сумы будзе прыпадаць на стымулюючыя выплаты – а значыць, у выпадку чаго (напрыклад, спазнення на працу) наймальнік можа лёгка пазбавіць работніка паловы заробка. Пры тым што існуючы сёння крызіс вымушае прадпрымальніка на ўсім эканоміць, дык чаму б яму не сэканоміць гэткім чынам?

Але галоўныя меры па лібералізацыі арганізацыі заработнай платы яшчэ наперадзе. Прыкладна ў чэрвені чакаецца прыняцце новага дэкрэта прэзідэнта, які павінен рэфармаваць увогуле ўсю сістэму аплаты. Менавіта ён зараз выклікае найбольшую палеміку.

– Аб чым ідзе спрэчка?

– Аб тым, ці трэба адмяняць дзяржаўнае рэгуляванне арганізацыі заработнай платы, у прыватнасці, адзіную тарыфную сетку. Спрэчкі наконт гэтага ідуць на самым “версе”. Міністэрства эканомікі, якое хоча дапамагчы бізнесу, прапануе як мага большую лібералізацыю гэтага механізма, а вось Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, відаць, жадаючы апраўдаць сваю назву і ўскладзеныя на яго дзяржавай функцыі, выказваецца супраць руйнавання ўсталяванай сістэмы. Адпаведна ў сваіх меркаваннях падзяліліся і юрысты: тыя, хто займаецца гаспадарчым правам, і тыя, хто займаецца правам працоўным.

Аргументы першага боку такія: тарыфная сетка стварыла ўраўнілаўку, дзяржава ўмешваецца ў справы прадпрымальнікаў, не дае бізнесу развівацца.

-- Чаму другі бок супраць адмены дзяржаўнага рэгулявання заробкаў?

-- Беларусь пазіцыяніруе сябе як сацыяльная дзяржава, а значыць, павінна клапаціцца пра чалавека наёмнай працы. Па-першае, зараз існуе мінімальны заробак, ніжэй якога наймальнік не мае права плаціць. Па-другое, абавязковая для ўсіх Адзіная тарыфная сетка як раз не дазваляе наймальніку суб’ектыўна падыходзіць да ацэнкі працы, да прыкладу, аднолькава плаціць рабочаму і спецыялісту з вышэйшай адукацыяй. Па-трэцяе, калі адмяніць Адзіную тарыфную сетку, увогуле незразумела, як тады вылічваць заробкі. Гэта ж цалкам будзе суб’ектывізм! Дырэктар прадпрыемства будзе сам вызначаць: гэтаму заплаціць 500 тысяч, гэтаму 700, а таму – мільён.

– Але ж на Захадзе неяк жывуць без адзінай тарыфнай сеткі, і добра жывуць...

– Дык на Захадзе стагоддзямі складвалася адпаведная культура, пры якой наймальніку проста брыдка не даплаціць свайму працаўніку. Ён не будзе гэтага рабіць, каб не псаваць імідж свайго прадпрыемства і свой уласны імідж. У нас жа яшчэ немногія прадпрымальнікі клапоцяцца аб сваім іміджы. Учора нехта з іх закончыў ПТВ, сёння “скалаціў” свой бізнес – пра якую культуру можна казаць?

Больш важным, напэўна, з’яўляецца аднак тое, што ў нас адсутнічае моцны прафсаюзны рух, які мог бы абараняць правы людзей наёмнай працы. На перважнай большасці недзяржаўных прадпрыемстваў прафсаюзаў зараз увогуле няма – чалавек цалкам безабаронны перад сваім наймальнікам.

Таму сёння, на мой погляд, дзяржава не павінна адмаўляцца ад рэгулявання арганізацыі зарабатнай платы. Так, гэты механізм на сёння вельмі складаны, часта бывае так, што нават бухгалтары не могуць у ім разабрацца. Таму яго трэба спрасціць, рэфармаваць. Але дзяржава сёння мусіць умешвацца ў гэтыя працэсы. Калі яна больш не можа цягнуць на сабе гэтую ношу, то хай створыць нармалёвае прававое поле для развіцця грамадзянаскай супольнасці, для таго, каб гэтую функцыю, як ва ўсім свеце, выконвалі іншыя структуры – тыя ж прафсаюзы і грамадскія аб’яднанні.

Увогуле хацеў бы сказаць, што карысць ад лібералізацыі магчымая толькі пры ўмове раздзяржаўлення ўсіх сфер жыцця грамадства. Калі ж сёння дзяржава проста так пакіне ўсе некалі ўскладзеныя на сябе функцыі, то хто гэтым зоймецца? Крымінал.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)