Эксперт: «Еўразвяз павінен прасоўваць інтарэсы беларусаў, але ж не мусіць гуляць па правілах рэжыму»

Даследчыца Нямецкага фонду Маршала Юлія Мядзьвецкая, расказала, што трэба рабіць Еўразвязу, каб працягваць падтрымку беларусаў і хто насамрэч кіруе дзеяннямі Лукашэнкі.

– Еўразвяз звяртаецца да Беларусі, як да краіны-суагрэсара і гэта мае месца быць, калі мы звернемся да міжнароднага права, – распавядае ў эфіры Радыё Св*бода аўтарка дакладу «Распрацоўка санкцый: Урокі з абмежавальных мераў ЕЗ супраць Беларусі» Юлія Мядзьвецкая. – Але мы таксама бачым, якія наступствы гэтыя меры і такой дыскурс мае ў дачыненні да беларускіх грамадзян. І тут я вяду гаворку больш пра нацыянальныя меры. Не толькі пра еўрапейскія санкцыі, а пра тыя абмежаванні, якія ўводзяць асобныя краіны ЕЗ.

У якасці прыклада яна называе Чэхію і Эстонію, якія вырашылі прыпыніць выдачу віз і відаў на жыхарства для беларускіх грамадзян.

— І, мне падаецца, што такія межы, кшталту і абмежавання банкаўскіх рахункаў з’яўляюцца дыскрымінацыяй у дачыненні да беларусаў, — лічыць даследчыца. — Нават калі паглядзець на кейс украінцаў, якія маюць шмат крыўды на беларусаў, і гэта зразумела ў тых абставінах, у якіх мы знаходзімся. Але нават яны не разумеюць розніцы паміж беларускім грамадствам і беларускімі ўладамі. А ў такім выпадку, чаго мы можам чакаць ад жыхароў Еўразвяза, якія не адсочваюць штодзённа падзеі ў Беларусі?

Даследчыца лічыць, што палітыкі ЕЗ не павінны забывацца на тое, што беларусы зрабілі ў жніўні 2020-га і мусяць падкрэсліваць разуменне розніцы паміж беларусамі і беларускім рэжымам.

– Таксама я б хацела звярнуцца да кейсу санкцый, якія тычацца абмежаванняў ужывання «Белавія» еўрапейскай паветранай прасторы, – працягвае Юлія Мядзьвецкая. – Мне падаецца, што санкцыі ў дачыненні «Белавіі» маюць шмат негатыўных наступстваў для беларусаў, якія маглі б прыязджаць у ЕЗ і ў некаторай ступені натхняцца еўрапейскімі каштоўнасцямі. Такія абмежаванні, на мой погляд, не зусім стратэгічныя, не зусім дарэчныя.

Але ж, што тычыцца перамоў з рэжымам Лукашэнкі, даследчыца мае сумневы, што хтосьці ў ЕЗ на іх можа пайсці:

– Калі я кажу, што мэты мусяць быць рэалістычнымі, то я маю на ўвазе, што ў Еўразвязе мала хто будзе пачынаць перамовы з рэжымам, які лічыцца фактычна дыскрэдытаваным.

ЕЗ павінен рабіць усё тое, каб прасоўваць інтарэсы беларусаў, але ж не мусіць гуляць па правілах рэжыму. Мы ведаем, што Лукашэнка даволі вопытны палітык, і ён ведае, як узаемадзейнічаць з Еўразвязам і атрымліваць максімум ад Еўразвяза, нічога не змяняючы ўнутры краіны.

Апошнім часам шмат гаворыцца пра тое, што Лукашэнка, насамрэч, зусім не кантралюе сітуацыю ў Беларусі, а атрымлівае інструкцыі ў Крамлі. Вось, што на гэта кажа Мядзьвецкая:

– Мне падаецца, што Лукашэнка робіць шмат, каб вычысціць прастору Беларусі ад усіх нацыянальна арыентаваных грамадзян. І гэта якраз у інтарэсах Крамля.

Але, калі мы вядзём гаворку пра палітвязняў, то, на мой погляд, Лукашэнка не столькі залежыць ад таго, што гаворыць Крэмль, а хутчэй – ад сваіх сілавікоў, следчага камітэта, ад пракуратуры і ад усіх тых, хто выносіў палітычныя прысуды.

– Гэта ўсе тыя людзі, якія не зразумеюць паслабленні такога кшталту. Для іх гэта можа быць здрадай. А, улічваючы тое, што сілавы блок – гэта мацнейшая апора рэжыму, тут Лукашэнка і, гэта зразумела, баіцца страціць іх падтрымку.

Таму я лічу, што ў большай ступені не столькі Крэмль вырашае і дыктуе Лукашэнку, што ён мусіць рабіць, колькі тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў палітычных рэпрэсіях у Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(8)