В мире
Руслан Гарбачоў

Экскурсія па беларускім Пецярбургу (фотарэпартаж)

Якія беларускія месцы варта наведаць у горадзе на Няве і чаму Санкт-Пецярбург можа лічыцца беларускай сталіцай XIX стагоддзя – у рэпартажы «Салідарнасці».

Летась у культурнай сталіцы Расіі выйша фундаментальная гістарычная праца «Беларускі Пецярбург». Аўтар – кіраўнік аддзела рэдкай кнігі Расійскай Нацыянальнай (Публічнай) бібліятэкі, доктар філалагічных навук Мікола Нікалаеў.

Выпускнік гістарычнага факультэта БДУ падчас працы над кнігай прыйшоў да нечаканай думкі: Пецярбург XIX стагоддзя выконваў функцыі культурнай і адміністратыўнай сталіцы Беларусі. Гэты горад змяшчаў самую вялікую колькасць беларусаў у свеце – у 1900 годзе іх тут было ўжо 42 тысячы чалавек.

Пагартаўшы кнігу карэспандэнт «Салідарнасці» склаў першы варыянт маршруту экскурсіі па беларускіх месцах.

1. Ваенна-гістарычны музей артылерыі, інжынерных войск і войск сувязі (адразу за Петрапаўлаўскай крэпасцю)

У пачатку экспазіцыі пецярбургскага Ваенна-гістарычнага музея артылерыі, інжынерных войск і войск сувязі знаходзяцца дзве нясвіжскія гарматы канца XVI стагоддзя. Трапілі яны ў Пецярбург падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 г. Тады ж з Нясвіжскага замка расійскія войскі вывезлі ў Пецярбург адну з найвялікшых каштоўнасцяў беларускай культуры – бібліятэку Радзівілаў.

Трэцяя беларуская гармата з гербам «Пагоня» стаіць каля будынка Арсенала пад адкрытым небам і накіравана на Петрапаўлаўскую крэпасць.

Па малюнку Мікола Нікалаеў мяркуе, што гармата было зроблена ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Гэта якраз часы вайны з Масковiяй, таму ёсць верагоднасць, што гармата стала трафеем цара Аляксея Мiхайлавiча з нейкага беларускага горада – Вiцебска, Вiльні цi Магiлёва.

Дадамо, што сярод экспанатаў музея ёсць i косы касiнераў Кастуся Калiноўскага.

2. Дом Яна Баршчэўскага (вуліца Кананерская, 11)

Ураджэнец Віцебшчыны і выпускнік полацкай езуіцкай калегіі Ян Баршчэўскі пераехаў у Пецярбург у 1826-1827 г.г. і жыў тут на працягу 20 год. Працаваў у Марскім міністэрстве, пазней – настаўнікам лацінскай і грэчаскай моў.

Менавіта ў Пецярбургу ў 1844-1846 г.г. выйшаў знакаміты чатырохтамовы твор Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Як расказаў «Салідарнасці» прафесар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, доктар біялагічных навук Дзмітрый Вінаходаў, які займаецца даследваннем творчасці пісьменніка, верагодна, Баршчэўскі жыў у Пецярбургу па некалькіх адрасах, часта пераязджаў. Адзіным адрасам пісьменніка, які не выклікае ніякіх сумненняў, з’яўляецца дом па вуліцы Кананерскай, 14 (цяпер Кананерская, 11). Гэты адрас названы Баршчэўскім у газетнай аб’яве за 1839 год.

Па звестках Дзмітрыя Вінаходава, зараз беларускі Мінкульт рыхтуе ўстанаўленне на доме пісьменніка мемарыяльнай шыльды.

3. Касцёл Святога Станіслава (вуліца Саюза пячатнікаў, 22)

Побач з домам, дзе жыў Баршчэўскі, знаходзіўся касцёл Святога Станіслава.

– Амаль з упэўненасцю можна казаць, што Баршчэўскі быў яго прыхаджанінам. Іншыя кватэры ён таксама меў у гэтым раёне, відаць, не хацеў аддаляцца ад касцёла, – лічыць Дзмітрый Вінаходаў.

Да каталіцкага веравызнання ўвогуле належала значная колькасць ураджэнцаў Беларусі ў Пецярбургу (пераважна прадстаўнікі шляхты).

Касцёл Святога Станіслава пабудаваў першы рыма-каталіцкі епіскап Расійскай імперыі, ураджэнец Гродзеншчыны Станіслаў Богуш Сестранцэвіч. У ім ён і быў пахаваны ў 1825 годзе – на наступны год пасля сканчэння пабудовы касцёла.

4. Помнік Міхаілу Глінку (насупраць кансерваторыі)

Міхаіл Іванавіч Глінка (1804-1857) атрымаў першыя музычныя ўяўленні і навыкі ў прыгонным сімфанічным аркестры з вёскі Шмакава – вёскі яго дзядзькі. Але прыналежнасць яго роду да гербавай шляхты ВКЛ спалучалася ў Глінкі с расійскім патрыятызмам. У Пецярбургу ён стаў вялікім кампазітарам і заснавальнікам рускай класічнай музыкі.

Побач з помнікам Міхаілу Глінку знаходзіцца Марыінскі тэатр, які быў адкрыты яго операй «Жыццё за цара» 2 кастрычніка 1960 года. Адным з самых вядомых салістаў балетнай трупы тэатра цяпер з’яўляецца ўраджэнец Пінска Ігар Колб.

5. Ісакіеўскі сабор

Адзін з самых велічных будынкаў Расійскай імперыі будавалі на працягу 40 гадоў (1818-1858) па праекту француза Агюста Манферана. З беларусаў на гэтай будоўлі найбольш вылучыўся інжынер Клімент Ляшэвіч, які спраектаваў сістэму вентыляцыі і ацяплення вялізарнага будынка вышынёю 101,5 метра.

Жывапісец Нікадзім Сілівановіч, беларус па паходжанні, стаў сааўтарам мазаік, якія ўпрыгожваюць алтар («Тайная вячэра») і інтэр’еры сабору (евангелісты).

6. Бюст Адаму Міцкевічу (Графскі завулак, ст. м. Уладзіміраўская)

Паэт быў у Пецярбургу тройчы. Падчас першага прымусовага візіту (восень 1824-пачатак 1825) яго наведваў Пушкін, падчас другога (летам 1826 года) Адам пазнаёміўся з будучай жонкай Цэлінай, падчас трэцяга (снежань 1927-май 1929) сышоўся з земляком-літаратарам Фадзеем Булгарыным.

Вяршыняй пецярбургскага перыяду творчасці Міцкевіча стала паэма «Конрад Валенрод», прысвечаная змаганню Вялікага Княства Літоўскага з крыжакамі.

Апошнім пецярбугскім адрасам паэта стала кватэра на вуліцы Казанская, 39, які ён часта ўзгадваў у перапісцы. Цяпер на гэтым доме вісіць мемарыяльная дошка ў гонар знакамітага паэта.

7. Царква Спаса-на-Крыві

1 сакавіка 1881 года навучэнец Пецярбургскага Тэхнічнага інстытута, чалец «Народнай Волі» і ў будучым самы вядомы беларускі тэрарыст Ігнат Грынявіцкі на набярэжнай кацярынінскага каналу кінуў бомбу ў цара Аляксандра II.

Да смяротна параненага Аляксандра II паклікалі яшчэ аднаго беларуса – найлепшага ў сталіцы ваенна-палявога хірурга генерала Яўстафія Багданоўскага, але той дапамагчы не мог. Сам Грынявіцкі таксама атрымаў цяжкія раненні і праз некалькі гадзін памёр у шпіталі.

На месцы трагедыі ў жніўні 1907 года урачыста адкрылі храм Спаса-на-Крыві. У яго дэкоры была выкарыстана «Пагоня» – у якасці гербаў беларускіх губерній.

8. Помнік Пржавальскаму (Александраўскі сад)

Помнік даследчыку Мікалаю Пржавальскаму (1839-1888) быў адкрыты ў самым сэрцы Пецярбурга ў 1892 годзе.

Мікалай Міхайлавіч нарадзіўся ў Смаленскім павеце і належыў да беларускага шляхецкага роду. Па жаданні сям’і быў скіраваны рабіць вайсковую кар’еру.

Вялічэзнымі заслугамі Пржавальскага з’яўляецца геаграфічнае і гістарычнае даследванне горнай сістэмы Куль-Луня, храбтоў Паўночнага Тыбета, істокаў Жоўтай ракі. Падчас сваіх экспедыцый Мікалай Пржэвальскі адкрыў шэраг новых форм жывёл (сярод іх – дзікі верблюд).

Падчас чарговай вандроўкі Мікалай Міхайлавіч захварэў на брушны тыф і раптоўна памёр. Пахаваны на беразе возера Іссык-Куль.

9. Дом Браніслава Эпімахі-Шыпілы і Янкі Купалы (4-я лінія Васільеўскага вострава, 45, ст. м. Васілеастроўская)

Восенню 1909 года Іван Луцэвіч пераехаў з Вільні ў Пецярбург, каб тры гады вучыцца тут на агульнаадукацыйных курсах Чарняева, працаваць у Публічнай бібліятэцы, удзельнічаць ў рабоце навукова-літаратурнага гуртка беларускіх студэнтаў Пецярбургскага універсітэта.

Пасяліўся паэт на вялікай у шэсць пакояў кватэры Браніслава Эпімаха-Шыпілы, які згуртаваў вакол сябе найбольш актыўныя сілы беларускага руху. Гэта кватэра стала галоўным адрасам беларускага дарэвалюцыйнага Пецярбурга.

Па суботах на ёй ладзіліся беларускія вечарыны, дзе можна было сустрэць Язэпа Драздовіча, Змітра Жылуновіча (Цішку Гартнага), Браніслава Тарашкевіча. Дом з’яўляўся адрасам выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», якая да Першай сусветнай вайны выдала амаль 40 беларускіх кніг накладам каля 100 тысяч асобнікаў.

Для Янкі Купалы пецярбургскі перыяд творчасці быў адным з самых плённых. Менавіта тут узніклі такія шэдэўры, як паэмы «Курган», «Сон на Кургане», п’еса «Паўлінка» і інш. Тут выйшлі яго першыя зборнікі вершаў «Жалейка», «Гусляр», «Шляхам жыцця».

У часы перабудовы быў шанец, што кватэра Эпімаха-Шыпілы зноў зробіцца беларускім месцам. Яна была выстаўлена на продаж за 50 тысяч даляраў. Мікола Нікалаеў меў жаданне яе набыць, і пасля вельмі шкадаваў, што зрабіць гэтага яму не ўдалося.

10. Будынак фабрыкі «Белдзяржкіно» (канал Грыбаедава 90/2)

У 1920-я гады маладое беларускае кіно не мела сваёй базы, таму было дамоўлена пра часовае сумеснае выкарыстанне магчымасцяў Ленінградскай кінафабрыкі. У лютым 1927 года СНК БССР пастанавіў стварыць фабрыку «Белдзяржкіно» у Ленінградзе ў памяшканні блога тэатра «Крывое люстэрка» (канал Грыбаедава 90/2).

Беларуская кінастудыя (пазней яна называлася «Савецкая Беларусь») працавала тут да 1939 года.

Менавіта на базе «Белдзяржкіно» рэжысёр Уладзімір Гардзін у 1927 годзе зняў фільм «Кастусь Каліноўскі». Нямая карціна з беларускімі тытрамі мела 7 частак. Здымкі адбываліся ў прыгарадных палацах пад Ленінградам і ў ваколіцах Мінска.

Санкт-Пецярбург быў і застаецца папулярным накірункам сярод беларускіх турыстаў. Беларускіх месцаў у горадзе на Няве сотні, кожны зможа знайсці тут нешта сваё.

Назву аднаго з магчымых маршрутаў ужо прыдумаў мой калега Алесь Гізун: «У пошуках скарынаўскіх месцаў»…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)