Экс-міністар абароны Ўкраіны атрымаў у Беларусі статус уцекача. На радзіме яму пагражае турма

Экс-міністар абароны Ўкраіны Міхаіл Ежаль, які працаваў амбасадарам Украіны ў Беларусі і якога ўкраінскія праваахоўныя органы абвінавачваюць у злоўжываньні ўладаю і службовым становішчам, жыве зь сям’ёй у Менску і мае статус уцекача.

Міхаіл Ежаль (зьлева) і Віктар Кучма. 2015 год

Як вынікае з судовага рашэньня, менавіта на гэтай падставе праваахоўныя органы Ўкраіны атрымалі дазвол на выкарыстаньне працэдуры спэцыяльнага (завочнага) дасудовага расьсьледаваньня ў дачыненьні да Міхаіла Ежаля.

Ухвальваючы адпаведнае рашэньне, суд спаслаўся на даведку Галоўнага ўпраўленьня ваеннай контрвыведкі ад 16 траўня 2017 года аб тым, што Міхаілу Ежалю «у Рэспубліцы Беларусь прадастаўлены статус уцекача, і паводле апэратыўных даных, ён пражывае з сям’ёй у Менску, дзе арэндуе кватэру».

Міхаіла Ежаля абвінавачваюць у неправамерным выкарыстаньні на працягу 2011-2012 гадоў амаль 43 мільёнаў грыўняў зь дзяржаўнага бюджэту на аплату паслуг прыватных кампаній па харчаваньні асабістага складу Ўзброеных сіл Украіны. На той момант гэта складала каля 5,5 мільёнаў даляраў у эквіваленце.

Апошні раз Міхаіл Ежаль прыяжджаў ва Ўкраіну ў жніўні 2014 года і на допыце не прызнаў сваю віну. У той жа час невядома, ці зьвярталіся ўлады Ўкраіны да Беларусі з просьбай аб выдачы былога чыноўніка.

Міхаіл Ежаль займаў пасаду кіраўніка Мінабароны Ўкраіны з сакавіка 2010 года па люты 2012-га. У красавіку 2013 года тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч прызначыў Ежаля паслом у Беларусі.

У жніўні 2014 года генпракурор Украіны Віталь Ярэма заявіў, што супраць Ежаля распачаты шэраг крымінальных спраў.

У канцы красавіка 2015 года Ежаля адклікаў зь Менску цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, а ў траўні — звольнілі з займанай пасады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)