Общество

Сямён Печанко

Дзённікі памяці: «Гэта было маё першае шматтысячнае шэсце. Словамі не перадаць уражанні ад убачанага!»

Да 103-й гадавіны ўтварэння БНР карэспандэнт «Салідарнасці» Сямён Печанко прыгадвае самыя яркія моманты святкавання Дня Волі – ад 1998-га і да нашых дзён.

Дзень Волі я тым ці іншым чынам адзначаю больш за дваццаць гадоў. За гэтыя гады былі розныя сітуацыі і гісторыі. Падзялюся тут найбольш яркімі і знакавымі для сябе момантамі.

Фота: Уладзімір Сапагоў, vytoki.net

Першы Дзень Волі я адзначыў у 1998-м, калі ў Мінску святкавалася 80-годдзе ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Я тады вучыўся ў Навагрудку ў сельскагаспадарчым тэхнікуме, выпісваў незалежную прэсу. З газет і даведаўся пра святкаванне каля Оперы. Абвесткі абяцалі не толькі шэсце па праспекце, але і святочную праграму з канцэртам. Гэтым я і падкупіў бацькоў: яны былі не ў захапленні ад маёй ідэі, памятаючы пра сутычкі з міліцыяй у папярэднія гады.

Гэта было маё першае шэсце ў шматтысячнай калоне. Словамі не перадаць уражанні ад убачанага! Яснае сонечнае надвор’е, мора людзей, сцягоў, плакатаў. Тое, пра што раней чытаў у газетах, я бачыў на свае вочы.

Я чытаў назвы беларускіх гарадоў на харугвах і транспарантах. Сярод іх былі і Карэлічы — так я пазнаёміўся з землякамі.

Фота: Уладзімір Сапагоў, vytoki.net

Уражанні ад мітынгу каля Опернага тэатра былі не такімі радаснымі. З аднаго боку, я пабачыў у адным месцы многіх з тых, пра каго да гэтага моманту ведаў па публікацыях у прэсе. Генадзь Карпенка, Лявон Баршчэўскі, Станіслаў Багданкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Павел Севярынец і многія, многія іншыя.

З іншага боку, абяцанага канцэрту ў той дзень не было. Хацелася сапраўднага свята, адпаведнага моманту, але ўсё скончылася мітынгам і спробай купкі моладзі ізноў выйсці на праспект. Цудам не паехаў тады разам з той кампаніяй у пастарунак.

І ўсё ж, убачанае ў Мінску ў той дзень запомнілася на ўсё жыццё. Гэта было ці не самае ўрачыствае адзначэнне 25 Сакавіка, у якім я ўдзельнічаў асабіста.

Фота: Радыё Свабода

У пастуранак я трапіў роўна праз дзесяць гадоў. Гэта быў мой ці не самы экстрэмальны Дзень Волі — рознага хапіла ў 2006-м, але тады я вярнуўся дамоў.

Тая гадавіна моцна адрознівалася ад пабачанага мной у 1998-м. Дзень выдаўся шэры, пад вечар пайшоў мокры снег. Улады фактычна забаранілі святкаванне 90-годдзя БНР. Я тады працаваў у «Нашай Ніве», рэдакцыя ладзіла анлайн-рэпартаж з вуліцаў Мінска. Некалькі гадзін я прабіваўся разам з расцярушаным натоўпам праз кардоны на падыходах да плошчы Перамогі. Людзей хапалі і цягнулі ў аўтазакі, многіх білі. У аўтазак з разбітым носам зацягнулі майго калегу фатографа Андрэя Лянкевіча.

А праз якую гадзіну каля дома-музея РСДРП у часе чарговага хапуна затрымалі і мяне. З бэйджам «Прэса» і фотаапаратам. «Касманаўт», які цягнуў мяне ў аўтобус, і чуць не хацеў, што я журналіст: «Там разберутся». 

Рэшту вечара 25 сакавіка я правёў у Маскоўскім РУУСе, ноч — на Акрэсціна. Дамоў вярнуўся праз 15 сутак. Кампенсацыяй была добрая кампанія ў камеры. І ўспаміны на доўгія гады.

БНР-101, Гродна. 23 cакавіка 2019-га

Самым святочным Днём Волі для мяне сталі 101-я ўгодкі, якія я сустрэў у Гродне. Святкаванне 100-годдзя БНР заспела мяне за мяжой, таму, на жаль, я не пабачыў на ўласныя вочы, што адбывалася каля Опернага праз дваццаць гадоў пасля майго дэбюта на святкаваннях 25 Сакавіка.

Дзень Волі ў Гродне ў 2019-м меў сімвалічнае значэнне: менавіта тут адзначалася першая гадавіна ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Для мяне ж асабіста той дзень стаў здзяйсненнем даўняй мары. У сакавіку 2005-га я напісаў для «Нашай Нівы» тэкст да чарговай гадавіны БНР. Прыгадаў у ім сярод іншага і няўдалае святкаванне ў Гродне ў 2003-м, на якое патрапіў у апошнія дні свайго студэнцтва.

Я пісаў тады, што мару пра сапраўднае свята, а не напружаныя ад злосці і страху твары дэманстрантаў. Пра белыя ды чырвоныя кветкі і паветраныя шарыкі ў руках людзей, усмешкі на тварах. І святочныя салюты ўвечары.

БНР-101, Гродна. 23 cакавіка 2019-га

У Каложскім парку ў 2019-м я ўбачыў свята. З канцэртам, сцягамі і шарыкамі. І разняволенымі ўсмешкамі на тварах. Людзі ішлі туды цэлымі сем’ямі. Адпачыць, паслухаць музыку, пад’есці.

Спадзяюся, такім 25 Сакавіка і стане неўзабаве — нашым агульным святам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)