«Дзяржава робіць злачынства». Алексіевіч пра даплаты медыкам за працу з хворымі на каранавірус

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі лічыць, што медыцына павінна быць прыярытэтам, а ня ваенныя цацкі.

Сьвятлана Алексіевіч у інтэрвію Радыё Свабода выказала меркаваньне пра даплаты лекарам за працу з хворымі на каранавірус. Нядаўна стала вядома, што лекары атрымаюць ад 10 да 30% базавай стаўкі (185 рублёў) даплаты за працу з хворымі на каранавірус — гэта ад 18 да 52 рублёў у месяц.

— Як вы мяркуеце, што адбываецца цяпер у душы лекара, напрыклад, афтальмоляга 10-га шпіталя, якога накіравалі лячыць хворых на каранавірус, якому загадалі маўчаць, у якога не хапае сродкаў абароны, які баіцца і за сябе, і за сваю сямʼю, які даваў клятву Гіпакрата...

— Я проста ўяўляю адчай і глыбокае расчараваньне гэтага чалавека, які імкнецца ў гэтых умовах заставацца чалавекам. Я думаю, што дзяржава робіць злачынства. Яна кідае гэтых дактароў і мэдычны пэрсанал, як калісьці кідалі гонар нацыі, маладых навукоўцаў на перадавую з голымі рукамі на танкі.

Гэта нешта падобнае. Гэта такія адносіны да людзей. Чалавек павінен прынесьці сябе на алтар гэтай перамогі, каб застацца чалавекам. Ён у тупіку. Ён хоча застацца чалавекам, і ў той жа час зь ім не абыходзяцца як з чалавекам. І ён вымушаны гэта рабіць і ведае, што можа загінуць. У яго таксама ёсьць дзеці. Я думаю, што гэта злачынства.

Мне падаецца, што пасьля ўсіх гэтых пандэмій ва ўсім сьвеце павінна быць іншае стаўленьне да мэдыцыны. Яна павінна быць прыярытэтам, а ня гэтыя ваенныя цацкі. Побач з пандэміяй усе гэтыя танкі і самалёты — дзіцячыя цацкі. А каб выратаваць чалавека, нам патрэбная моцная сыстэма аховы здароўя. І нам патрэбны доктар, які бачыць, што мы яго паважаем, паважаем ягоную працу, ягоную рызыку.

Ён павінен за гэта атрымліваць добрыя грошы, а не надбаўку 52 рублі, на якія кіляграм каўбасы ня купіш. Ён жа ў любы момант можа не вярнуцца дадому, і ягоныя дзеці могуць яго страціць. І замест таго, каб у дзяржавы патрабаваць, каб нашага абаронцу абаранілі, мы будзем трэсьці гэтага няшчаснага лекара, што ён нешта не зрабіў нам, не дадаў нам. А гэта ня ён не дадаў, гэта дзяржава не дадала. Гэта яе злачынства.

Сьвятлана Алексіевіч вырашыла пералічыць праз Чырвоны Крыж 1000 эўра і заклікае іншых людзей на яе прыклад дапамагчы старым і безабаронным у часе пандэміі.

Такую самую дапамогу, тысячу эўра, пісьменьніца хоча ахвяраваць дзеля падтрымкі бяздомных жывёлаў, якія таксама церпяць у часе пандэміі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(63)