Дзьмітрый Вус сумку ўжо сабраў

Экс-кандыдат у прэзыдэнты, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, увечары 19 траўня згадзіўся сустрэцца з карэспандэнтамі «Свабоды» ў кватэры, дзе ён жыве з сынамі ды жонкай. 20 траўня Дзмітрыя Вуса могуць узяць пад варту ў залі суда.

Зусім малы Міша часова пераехаў да бабулі, 14-гадовы Іван – сын ад першага шлюбу – на пытаньні адказваў аднаскладова, а пасьля і ўвогуле папрасіў сьцерці файл з інтэрвію. Жонка Яўгенія ад размовы на камеру адмовілася, узамен прапанавала гарбаты. Затое сам Дзьмітрый гаварыў ахвотна і нават запрасіў згуляць у шахматы.

20 траўня будуць абвешчаныя прысуды былым кандыдатам на прэзыдэнта Уладзімеру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, Мікалаю Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу, а таксама яшчэ 9 удзельнікам мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году. Працэсы адбываюцца ў Фрунзенскім і Партызанскім судах Менску.

Суд над былымі кандыдатамі Ўладзімерам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама над актывістамі іхных штабоў Аляксандрам Фядутам, Настай Палажанкай, Андрэем Дзьмітрыевым і Сяргеем Вазьняком ідзе ад 5 траўня. Апытаныя дзясяткі сьведак, вывучаныя рэчавыя доказы і матэрыялы справы, якая складаецца з некалькіх дзясяткаў тамоў. Напярэдадні абвінавачаныя заявілі, што не прызнаюць сябе вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак.

А вось пракурор Андрэй Кажэўнікаў мяркуе, што віна ўсіх абвінавачаных даказаная. Усім абвінаваўца папрасіў умоўныя тэрміны — па тры гады Някляеву і Дзьмітрыеву, па два — Фядуту, Вазьняку і Рымашэўскаму, паўтара — Палажанцы.

Якога пакараньня чакае ад судьдзі Жаны Жукоўскай намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка?

– Мяркую, нашы прысуды будуць мяккімі ў параўнаньні з тымі прысудамі, якія будуць даваць на паралельным працэсе над Статкевічам, Вусам ды іншымі, -- кажа Палажанка. -- Дзеля гэтага ўся гульня, каб хтосьці зьвяртаў увагу на адных і забываў пра іншых. Пакуль адны садзяцца, другія атрымоўваюць умоўныя тэрміны, каб проста сьцерці гэтыя старонкі. Таму мяркую, ў прынцыпе прысуды будуць такімі, якія агучыў пракурор.

Наста Палажанка мяркуе, што вынясеньне прысудаў прызначылі на 20 траўня, а ня днём раней, адмыслова, каб гэта адбылося пасьля ад'езду зь Беларусі прэм'ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна.

– Яны стаяць перад Расеяй з выцягнутай рукой, і таму ім не патрэбны нэгатыўны фон, -- кажа Наста Палажанка на адрас беларускіх уладаў.

У адзін час з прысудам ў Фрунзенскім судзе прагучыць і прысуд у судзе Партызанскага раёну Менска. які зачытае судзьдзя Людміла Грачова. Тут ад 11 траўня судзяць экс-кандыдатаў на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама ўздзельнікаў акцыі пратэсту Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Андрэя Пазьняка і Дзьмітрыя Буланава. Пракурор Кірыл Чубкавец лічыць іх вінаватымі: каго ў арганізацыі, каго ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Ён запрасіў для ўсіх зьняволеньне ў калёніі ўзмоцненага рэжыму: 8 гадоў для Мікалая Статкевіча, 8 з паловай для Аляксандра Класкоўскага, 7 – для Дзьмітрыя Вуса, а ўсім астатнім па 4 гады.

Ці будзе прысуд такім жорсткім? Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які быў сьведкам з боку абароны на працэсе ў Партызанскім судзе, лічыць, што «гэта будзе самы жорсткі прысуд. І гэта невыпадкова, бо з усіх кандыдатаў на прэзыдэнта Статкевіч пэрсанальна атакаваў аднаго з удзельнікаў выбарчай кампаніі – кандыдата ад ўлады. Калі астатнія крытыкавалі сыстэму, прапаноўвалі пазытыўную альтэрнатыву для людзей, то Статкевіч ня проста атакаваў Аляксандра Лукашэнку. Ён выкарыстоўваў ягоныя прыёмы. Толькі гэтак, пэрсаналізуючы выбарчую кампанію, Статкевіч мог зрабіць свой удзел у выбарах выбітным, бо па астатніх паказчыках ён як бы прайграваў. Але і рызыка была вялікая. І зараз мы бачым, што Статкевіч пад нумарам 1 фігуруе у чорным сьпісе тых, хто непрымальны для Чырвонага дома. Там менавіта асабістыя матывы. А Вус зь ім за кампанію».

Прысуд у абодвух судах пачнуць чытаць а 16 гадзіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)